Заўчора ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбыўся “Дзень кар’еры — вясна-2014”. Упершыню яго арганізавалі для студэнтаў усіх факультэтаў і адукацыйных інстытутаў БДУ. Да гэтага сустрэчы з профільнымі арганізацыямі ладзіліся толькі на асобных факультэтах.
Мэта правядзення “Дня кар’еры” — аказаць садзейнічанне выпускнікам БДУ ў працаўладкаванні і развіццё новай формы ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ўстановы вышэйшай адукацыі з працадаўцамі.
— Мы пабывалі нядаўна ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін, у якім вельмі актыўна развіваецца Цэнтр кар’еры. Істотнай праблемай у Расіі, як і ў Еўропе, з’яўляецца тое, што там няма абавязковага размеркавання, і пасля заканчэння ўніверсітэта выпускнікам дастаткова складана знайсці сабе працу. Як нам паведамілі, на працягу двух-трох гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта выпускнікі знаходзяцца ў пошуку першага працоўнага месца. Калегі былі здзіўлены, даведаўшыся, што ў Беларусі існуе такая працэдура, як размеркаванне, і вельмі нас у гэтым падтрымліваюць. Таму што гарантавана прадаставіць першае працоўнае месца выпускніку — вялікі плюс і для дзяржавы, і для студэнтаў, — гаворыць начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Томашаўна Няпеўная. — Наша задача — дапамагчы знайсці выпускнікам не проста працоўнае месца, а дастойнае працоўнае месца ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй і спецыяльнасцю, з добрай заработнай платай. Калегі з МДІМА паведамілі, што мерапрыемствы накшталт “Дня кар’еры” там праводзяцца вельмі даўно, у іх прымаюць удзел буйныя кампаніі, таму што статус выпускнікоў вельмі высокі. Як і нашых, дарэчы: мы ганарымся тым, што БДУ ўваходзіць у 3% лепшых універсітэтаў свету. Мы вырашылі пераняць вопыт, удасканаліўшы ўласны. Спадзяёмся, што гэты праект спадабаецца і будзе карысным як для студэнтаў, так і для прадпрыемстваў, зацікаўленых у высокакваліфікаваных кадрах. У будучым “Дзень кар’еры” ў БДУ будзе праходзіць двойчы ў год — вясной і восенню.
Гасцямі БДУ ў гэты дзень сталі дванаццаць айчынных і замежных прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць розныя сферы дзейнасці, сярод іх такія міжнародныя брэнды, як Henkel, Alutech, BelSwissBank, Artox media і інш. Студэнты і выпускнікі БДУ атрымалі ўнікальную магчымасць у свабодным фармаце пагутарыць з патэнцыяльнымі наймальнікамі, вывучыць і падабраць магчымыя варыянты не толькі першага працоўнага месца, але і падпрацоўкі, стажыроўкі, практыкі з далейшым працаўладкаваннем.
У рамках “Дня кар’еры” адбыліся шматлікія прэзентацыі кампаній-удзельніц, дзе можна было атрымаць падрабязную інфармацыю аб іх дзейнасці, спецыялістах і магчымых перспектывах кар’ернага росту. Жадаючыя змаглі адразу ж прайсці субяседаванне і атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць. Многія запаўнялі анкеты для прыняцця на працу прама на стэндах.
Акрамя таго, для студэнтаў былі праведзены майстар-класы, прысвечаныя пытанням паспяховага пошуку працы з улікам спецыфікі выбранай сферы дзейнасці, сучасных патрабаванняў да маладых спецыялістаў і інш.
— Думаю, што “Дзень кар’еры” будзе карыстацца вялікай папулярнасцю як сярод студэнтаў, так і сярод прадпрыемстваў, якім патрэбны разнапрофільныя спецыялісты, а БДУ менавіта такіх і рыхтуе. Часта запыт на нашых спецыялістаў значна перавышае прапанову. Як ні парадаксальна, але гэта тычыцца юрыдычных спецыяльнасцей, хаця і кажуць, што юрыстаў у апошні час вельмі многа. Тым не менш заявак на такіх спецыялістаў шмат. Гэта тычыцца таксама ідэолагаў і журналістаў. Спецыяльнасці, выпускнікам якіх праблематычна знайсці першае працоўнае месца? Для БДУ такой праблемы не існуе. Запыт на спецыялістаў вельмі вялікі, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ Аляксей Васільевіч Данільчанка. — Як у БДУ ставяцца да студэнтаў, якія працуюць? Мы зацікаўлены ў тым, каб практыка-арыентаванае навучанне стала дамінуючай формай арганізацыі работы ўніверсітэта, каб студэнты пачыналі працаваць як мага раней, набываючы вопыт. Мы ствараем філіялы кафедр на многіх прадпрыемствах, каб адбывалася больш шчыльная кааперацыя адукацыі і практыкі. Мы імкнёмся да самага плённага і доўгатэрміновага супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і кампаніямі, якія зацікаўлены ў высокакваліфікаваных маладых спецыялістах.
Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.