Пытанні ўдасканалення ўкаранення падыходу “роўны навучае роўнага” ва ўстановах адукацыі абмеркавалі педагогі-кансультанты роўнага навучання і рэгіянальныя каардынатары на семінары-практыкуме, які арганізавалі Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і культурна-творчае грамадскае аб’яднанне “Калегіум” з Пінска.
Семінар “Развіццё міжрэгіянальнай сеткі РНР як фактар павышэння якасці выхаваўчай работы па фарміраванні самаахоўных паводзін навучэнцаў з выкарыстаннем падыходу “роўны навучае роўнага” аб’яднаў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, супрацоўнікаў метадычных службаў абласных ІРА, настаўнікаў і навучэнцаў — валанцёраў-інструктараў роўнага навучання.
На пачатку семінара намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кансультант рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі выхаваўчай работы ў рамках падыходу “Роўны навучае роўнага” Марына Мінава азнаёміла ўдзельнікаў з некаторымі вынікамі рэалізацыі праекта ў Беларусі. Метадычны калейдаскоп прадставіў вопыт работы і сучасны стан кіравання праграмамі РНР у розных установах адукацыі Мінска, Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей.Вялікая ўвага ўдзялялася арганізацыі работы ў Гродзенскай вобласці. Прарэктар ГрАІРА Вольга Пішчык, начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы інстытута Людміла Кіўлюк і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Міхалішкаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Святлана Саўко прапанавалі інавацыйныя падыходы да кіравання сістэмай выхаваўчай работы па фарміраванні самаахоўных паводзін навучэнцаў, практыку выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў для суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў.
— Нашы педагогі таксама прадставілі цікавы вопыт выкарыстання здароўефарміруючых тэхналогій, прадухілення прафесійнага выгарання педагогаў-кансультантаў, — гаворыць Людміла Кіўлюк, — але адной з самых цікавых асаблівасцей семінара лічу ўдзел у ім старшакласнікаў і прадукцыйную працу на роўных усіх удзельнікаў.
Валанцёры-інструктары роўнага навучання, навучэнкі смаргонскіх школ Дар’я Кудаш і Марыя Кажарновіч, якія з’яўляюцца членамі клуба “Дыялог на роўных” валанцёрскага агенцтва “Новы стыль” пры Смаргонскім РЦТДМ, і педагог-кансультант загадчык метадычнага кабінета цэнтра Наталля Шасцеракова арганізавалі майстар-клас па тэме “Прыгажосць і здароўе”. Старшакласнікі мастоўскай сярэдняй школы № 2 Арцём Лісай і Антон Пузевіч разам з куратарам клуба ЮНЕСКА “Амега” Мастоўскага РЦТДМ Аленай Касьяновіч — па рэпрадуктыўным здароўі моладзі. Аб фарміраванні талерантных адносін у грамадстве да ВІЧ-інфіцыраваных людзей гаварылі валанцёры-інструктары роўнага навучання навучэнцы сярэдняй школы № 12 Гродна Віталій Кулікоўскі і Лізавета Наркун, выпускніца школы, а зараз студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандра Астрэйка і іх кансультант настаўніца сярэдняй школы № 12 Алена Кедзік.
Абмеркаванне праблем прафілактыкі камп’ютарнай залежнасці арганізавалі Карына Дуброўская і Марыя Вайцяховіч, навучэнкі Міхалішкаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, і іх педагог Ірына Яхімовіч. Прыёмам рэлаксацыі і метадам павышэння эмацыянальнай устойлівасці навучылі прысутных валанцёры-інструктары з 1-й школы Скідзеля Аксана Ваўчок і Марына Люльковіч пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Ганны Аленіч.
Актыўны ўдзел у мерапрыемствах семінара прымаў кожны яго ўдзельнік, што і прадэманстравала кейс-стады “Перагледзь свой лад жыцця!”. Непасрэдная мэта гэтага сучаснага метаду — сумеснымі намаганнямі групы прааналізаваць канкрэтную сітуацыю і знайсці практычнае рашэнне. Удзельнікі абмяркоўвалі, якімі характарыстыкамі і кампетэнцыямі павінен валодаць той, хто звяртаецца да іншых людзей з гэтымі словамі, каб быць пачутым. Навучэнкі Радунскай гімназіі Воранаўскага раёна Алёна Градоўская і Яўгенія Івашкевіч, члены рэдакцыі школьнага тэлебачання “Вялікі перапынак”, разам з групай падтрымкі стварылі відэафільм, героямі якога сталі ўдзельнікі семінара. З кінаэкрана дзеці звярнуліся да педагогаў з заклікам не чытаць натацыі, а быць у трэндзе і кіравацца мэйнстрымам. Галоўны вывад, зроблены ўсімі ўдзельнікамі кейс-стады: хочаш змяніць свет — пачні з сябе; ты — сцэнарыст, рэжысёр, акцёр, крытык, прамоўтар жыцця, таму перагледзь лад жыцця.
Яшчэ адны практычныя заняткі прысвячаліся стварэнню і развіццю ў інтэрнэце сеткавай супольнасці “Роўны навучае роўнага” з выкарыстаннем воблачных тэхналогій. Правяла яго начальнік аддзела па рабоце з арганізатарамі адукацыі ГрАІРА Ганна Рыкава. Пасля гэтых заняткаў і прагучала ўзнёслае “Я пачала палёт у аблоках!”.
Выніковую рэфлексію назвалі “Масты сяброўства”. Размова ішла аб развіцці сеткі міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння педагогаў-кансультантаў і валанцёрскіх фарміраванняў і шляхах далейшага супрацоўніцтва. Прагучала шмат прапаноў, напрыклад, аб арганізацыі змены валанцёраў роўнага навучання ў летніх лагерах адпачынку, правядзенні маладзёжнага семінара, працягу работы з настаўнікамі праз інтэрнэт. Удзельнікаў вельмі зацікавіў салютагенны падыход у рабоце, які да абмеркавання прапанавала Надзея Аўсіевіч, старшыня праўлення КТГА “Калегіум”. Многія прыйшлі да высновы аб неабходнасці перанясення акцэнтаў з прафілактыкі рызыкоўных паводзін на работу, накіраваную на ўмацаванне здароўя.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.