Падарожжа па гарадах-пабрацімах

- 12:06Навіны рэгіёнаў

Дзень нараджэння горада — агульнае свята для палачан. Праграма святкавання ўключала каля 80 мерапрыемстваў: канцэрты, фестывалі, тэматычныя пляцоўкі, прэзентацыі і многае іншае. Яркім штрыхом свята стаў культурна-адукацыйны праект “Сяброўствам адзіныя: Полацк і гарады-пабрацімы”, які падрыхтавалі ўстановы адукацыі.

Чатырнаццаць пляцовак разгарнуліся перад плошчай Свабоды, дзе маштабна, маляўніча былі прадстаўлены гарады-пабрацімы з розных краін свету — Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіны і Швецыі.

Наведвальнікам прапаноўвалі экскурс у гісторыю гарадоў, майстар-класы па вырабе сувеніраў, нацыянальныя гульні, віктарыны, квесты, рэцэпты з “Кулінарнай кнігі сяброў”, у “рэкламных турагенцтвах” уручалі каляндарыкі, флаеры, закладкі, сцяжкі. Праўда, трапіць на пляцоўкі можна было толькі праз “Консульства сяброўства” і, атрымаўшы “пашпарт вандроўніка”, адправіцца ў гарады-пабрацімы Полацка.

Работнікі ўстаноў адукацыі рэалізавалі праект на выдатна, бо рыхтавалі яго на працягу ўсяго навучальнага года, аб’яднаўшыся ў творчыя групы.

На дзвюх пляцоўках праходзіла знаём­ства з дванаццаццю гарадамі-пабрацімамі з Расійскай Федэрацыі. Творчыя калектывы шаснаццаці ўстаноў адукацыі падрыхтавалі арыгінальныя майстар-класы, гульні, каб падарожжа па расійскіх гарадах пакінула самыя яскравыя ўражанні ў гасцей пляцоўкі.

Вяселле, гумар і пазітыў чакалі гасцей на пляцоўцы ўкраінскіх гарадоў-пабрацімаў — Камянецк-Падольска і Обухава. Прадстаўнікі базавай школы № 5 і Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута Полацкага раёна запрашалі станцаваць гапак, вырабіць сувенірную “лыжку дабрабыту”, а кожны ўдзельнік гульняў атрымаў яшчэ і кулёчак семак.

З пляцоўкі горада-пабраціма Лудза гучалі нацыянальныя латгальскія песні. Педагогі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і Фарынаўскай сярэдняй школы запрашалі на майстар-класы па вырабе багоўкі — нацыянальнага сімвала Латвіі.

Для гасцей пляцоўкі польскіх гарадоў Згеш, Гданьск і Яраслаў педагогі ясляў-сада № 30 праводзілі майстар-клас па вырабе лялечкі-абярэга. Інтэрактыўныя забавы і гульні падрыхтавалі педагогі Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

На пляцоўцы, прысвечанай нямецкаму гораду Фрыдрыхсхафену, педагогі сярэдняй школы № 16 і ясляў-садоў №№ 27 і 29 расказвалі пра тое, як святкуюць пабрацімы заканчэнне навучальнага года, або Дзень азёрнага зайца, які ўжо больш за 70 гадоў праходзіць у горадзе. Госці пляцоўкі з задавальненнем фатаграфаваліся з сімвалам свята — лялькай зайца, якую пашылі педагогі школы. Таксама можна было зрабіць зайца ў тэхніцы арыгамі.

Маляўнічую пляцоўку, прысвечаную кітайскім Муданьцзяну і Фучжоу, прадставілі Полацкая дзяржаўная гімназія № 2, яслі-сады № 9 і № 24. Назва горада Муданьцзян перакладаецца як “рака півоняў”, таму для прэзентацыі былі пашыты яркія касцюмы. Дзяўчынкі ў кімано, навучэнкі гімназіі № 2, віталі ўсіх кітайскім нацыянальным танцам, а яшчэ на гэтай пляцоўцы можна было змайстраваць папяровыя ліхтарыкі, вееры, дракончыкаў і прымерыць велізарную галаву дракона.

На пляцоўцы азейбарджанскага Мінгечэвіра, прэзентаванай базавай школай № 9 імя А.С.Пушкіна і яслямі-садамі №№ 2, 13, госці з задавальненнем прымяралі нацыянальны ўбор, знаёміліся з чайнай цырымоніяй, сервіз для якой прадаставіў Адылаў Эхцібараў, старшыня азербайджанскай дыяспары Полацка, Наваполацка і Полацкага раёна. Да майстра, якая малявала на руках усіх жадаючых азербайджанскі матыў — бута (міндалепадобны ўзор), нават сабралася чарга.

Работнікі ясляў-сада — базавай школы № 15 і ясляў-сада № 14 расказвалі пра шведскі востраў Готланд. На прэзентацыйнай пляцоўцы можна было паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе баранчыка, малюнак якога ёсць на гербе Готланда, а таксама азнаёміцца з нацыянальным касцюмам, з галоўным персанажам шведскага свята Дзень сонцастаяння Мядзведзем і пагуляць у гульні з Піпі Доўгаяпанчоха — галоўнай гераіняй дзіцячых твораў шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн. Менавіта на гэтым востраве здымалі фільм пра гарэзлівую дзяўчынку.

З грузінскай гасціннасцю сустракалі гасцей на пляцоўцы горада-пабраціма Цхалтуба, якую падрыхтавалі педагогі сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай і ясляў-сада № 32. Удзельнікаў свята і гасцей з экрана манітора віншаваў сам кіраўнік горада Канстанцін Мамісеішвілі.

У адным артыкуле немагчыма раска­заць пра ўсе пляцоўкі і тое, што адбывалася на іх. Свята скончылася, але праект яшчэ не раз будзе прадстаўлены на плошчах горада, а пакуль вярнуцца ў свята сёння можна па хэштэгу #ПолоцкПобратимы.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.