Падарожжа па Гомельшчыне: ад Дняпра да Прыпяці

- 17:40Гомельшчына, Прэс-тур

У мінулую сераду раніцай рэдакцыйны аўтамабіль імчаў у гомельскім напрамку.
Так пачаў свой адлік трохдзённы прэс-тур “Настаўніцкай газеты” па Гомельскай вобласці, арганізаваны сумесна з рэгіянальным упраўленнем адукацыі ў рамках 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Дзень першы: Жлобін — Гомель

Першым пунктам прызначэння быў дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Пралеска”, што ў Жлобінскім раёне. Журналісты нашага выдання разам з галоўным рэдактарам Вадзімам Кнышавым і яго першым намеснікам Веранікай Саламевіч прынялі ўдзел у рэспубліканскім семінары па аздараўленні “Чарнобыль: 30 гадоў пасля”.

Гомельская вобласць — найбольш пацярпелы ад наступстваў катастрофы рэгіён. Аб жудасным здарэнні 30-гадовай даўнасці сёння нагадваюць адселеныя вёскі, а ў памяці людзей, якім давялося перажыць той няпросты перыяд, назаўсёды засталіся балючыя ўспаміны. Аднак жыццё працягваецца, нараджаюцца і растуць дзеці, і нязменным прыярытэтам застаецца іх здароўе. Менавіта аб гэтым ішла гаворка на рэспубліканскім семінары па аздараўленні. Падлічана, што за тры дзясяткі гадоў жыхары Гомельшчыны выязджалі на аздараўленне амаль 4,5 мільёна разоў, а гэта недзе 150 тысяч заездаў у аздараўленчыя цэнтры і санаторыі штогод. 90% з гэтай колькасці — дзеці і падлеткі.

Што тычыцца ДРАЦ “Пралеска”, аздараўленне тут прайшлі каля 130 тысяч чалавек. Упершыню непаўналетніх з пацярпелых тэрыторый цэнтр прыняў у 1994 годзе. Зразумела, у аснову дзейнасці цэнтра тады закладвалася аздараўленне і лячэнне. Безумоўна, гэты прыярытэт захоўваецца і зараз. Але не меншая ўвага ўдзяляецца і адукацыйнаму працэсу. Паступова ў цэнтры ствараліся ўмовы для правядзення паўнавартасных урокаў і дадатковых заняткаў. Сёння “Пралеска” мае асобны будынак сярэдняй школы, які адпавядае ўсім неабходным патрабаванням. Вучэбны працэс забяспечваюць настаўнікі-прадметнікі, якія працуюць на дагаворнай аснове. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца творчаму развіццю і выяўленню здольнасцей дзяцей, іх самарэалізацыі. Як паведаміла дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра Ніна Скрыннікава, у ”Пралесцы” працуе 6 гурткоў дадатковай адукацыі. Разам з педагогамі вучні займаюцца цікавымі і любімымі справамі: вышыўкай, арыгамі, лепкай і г.д. Асабліва даспадобы прыйшліся дзецям заняткі, дзе вучацца самастойна ствараць лялек і рыхтаваць падарункі бацькам, якія яны ўручаюць, калі вяртаюцца дадому. Удзельнікі семінара мелі магчымасць паназіраць за творчасцю хлопчыкаў і дзяўчынак і нават атрымаць маленькія падарункі, створаныя іх рукамі.

Варта адзначыць, што рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр з нядаўняга часу пачаў прымаць і дашкалят з трохгадовага ўзросту. Наяўнасць адзінай пуцёўкі на аздараўленне і лячэнне дазваляе выязджаць цэлым класам ці групай. Для малых гэта важна ў тым сэнсе, што з імі побач сябры з сада, таму ім лягчэй адаптавацца. А для школьнікаў, якім неабходна асвойваць школьную праграму, адукацыйны працэс застаецца непарушаным.

Завяршыў першы дзень прэс-туру круглы стол ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама з удзелам прадстаўнікоў нашай рэдакцыі, намесніка начальніка ўпраўлення Жанны Ждановіч і журналістаў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі.

Восенню 2011 года рэдакцыя “Настаўніцкай газеты” пачала рэалізацыю праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі. Яго галоўнай ідэяй было павышэнне змястоўнай насычанасці галіновага выдання праз асвятленне рэгіянальнага педагагічнага вопыту. Менавіта Гомельская вобласць першай далучылася да праекта, і ў лістападзе 2012 года ўстанова “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” і ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, вынікам якога стала адкрыццё першага карэспандэнцкага пункта нашай газеты.

Сёння карэспандэнцкія пункты працуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны без выключэння. І можна з упэўненасцю сказаць, што мэта, якая ставілася праектам, дасягнута. Аб гэтым гаварылася падчас круглага стала.

— Рыхтуючы такі праект, мы ставілі задачу значна пашырыць інфармацыйныя межы, — адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў. — У поўнай меры гэта можна было рэалізаваць, толькі маючы прадстаўнікоў рэдакцыі ў рэгіёнах — тых, хто можа быць у цэнтры падзей і змен, хто можа быць бліжэй да ўстаноў адукацыі і саміх педагогаў.

З гэтай думкай згадзілася і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч. Яна заўважыла, што рэгіянальная адукацыя стала больш прыметнай, а зацікаўленасць педагогаў выданнем як пляцоўкай, дзе яны могуць трансліраваць свой вопыт і пераймаць вопыт калег з іншых абласцей, павысілася.

На прэс-канферэнцыі шмат гаварылася аб выніках супрацоўніцтва і абмяркоўваліся пытанні далейшага ўзаемадзеяння.

Дзень другі: на Палессі

Шлях ляжаў на Палессе, у адзін з самых пацярпелых ад аварыі раёнаў — Нараўлянскі.
Зараз раён развіваецца, а яго жыхары адчуваюць упэўненасць у заўтрашнім дні. Але ім давялося перажыць шмат пакут. Ад прыгожага палескага куточка на беразе Прыпяці пасля трагедыі засталася толькі палова: з больш як 70 населеных пунктаў на карце Нараўляншчыны адразу зніклі 35. Зніклі назаўсёды. З амаль 30 тысяч чалавек насельніцтва засталося толькі 10 тысяч.

Сёння, уязджаючы ў райцэнтр, адчуваеш, як тут бурліць звычайнае жыццё. Бацькі, спяшаючыся на працу, вядуць малых у дзіцячы садок, старэйшыя дзеці з партфелямі за плячамі шпарка крочаць у школы. А ў пазаўрочны час многія вучні займаюцца ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Цэнтр творчасці ў Нароўлі такі, што пазайздросцяць і ў сталіцы. Адсюль пачынаўся другі дзень прэс-туру. Дырэктар установы дадатковай адукацыі Таццяна Карась правяла нашу дэлегацыю па ўтульных калідорах і класах, расказала аб гуртках, у якіх займаюцца выхаванцы, і прадэманстравала іх работы.
Потым мы адправіліся ў сярэднюю школу № 2. Пра гэтую ўстанову ў Нароўлі кажуць “старая новая школа”. У ёй навучаліся не толькі бацькі, але яшчэ і дзядулі, і бабулі сённяшніх вучняў. У 2013 годзе школа была закрыта для правядзення капітальнага рамонту, а вучняў і настаўнікаў часова перавялі ў іншыя навучальныя ўстановы. Адноўленая школа зноў адчыніла свае дзверы 1 верасня мінулага года, прыняўшы больш як 500 навучэнцаў.

Трэба сказаць, што нараўлянскую сярэднюю школу № 2 ведаюць не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Гомельскай вобласці. У яе сценах размешчаны музей дзяцінства і музей гісторыі Нараўлянскага раёна, створаныя з дапамогай землякоў педагогам дадатковай адукацыі Васілём Чайкай. Іх наведваюць не толькі жыхары райцэнтра і навакольных вёсак. Сюды прыязджаюць з розных рэгіёнаў краіны, каб не проста паглядзець на экспанаты, а яшчэ і павучыцца музейнай справе ў Васіля Васільевіча. Зразумела, музеі заўсёды адчынены і для гасцей. Таму знаёмства ўдзельнікаў прэс-туру са школай пачалося менавіта адсюль.

Арганізоўваючы паездку на Гомельшчыну, рэдакцыя ставіла задачу не толькі наведаць пэўныя ўстановы адукацыі. Галоўным было сустрэцца з педагогамі, пазнаёміцца з імі ўжывую, выслухаць іх пытанні і прапановы. Іншымі словамі, пабудаваць дыялог, бо, як адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”, мы разам, журналісты галіновага выдання і педагогі, робім адну справу, таму важна пачуць адно аднаго — толькі так супрацоўніцтва будзе плённым.

У актавай зале сабраліся настаўнікі школы і адміністрацыя, да размовы падключыліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама Алена Кірганава і начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ірына Драбышэўская, якая суправаджала нас на працягу ўсяго прэс-туру.

Калектыў сярэдняй школы № 2 складаюць як вопытныя педагогі, так і маладыя настаўнікі. Апошнія прыемна здзівілі сваёй зацікаўленасцю. Пытанні задаваліся самыя розныя. Былі таксама прапановы і падзякі. Напрыклад, настаўнік матэматыкі Аляксей Логвін адзначыў важнасць таго, што дзяржава паклапацілася пра тое, каб даць магчымасць сельскім дзецям з маленькіх вёсачак раёна навучацца ў нараўлянскіх школах: штодзень іх падвозяць спецыяльна выдзеленыя школьныя аўтобусы. У цэлым у раёне арганізаваны падвоз амаль 120 дзяцей з 17 населеных пунктаў ва ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Добры дыялог атрымаўся і з настаўнікамі сярэдняй школы № 3 Нароўлі. Дарэчы, тут мы таксама наведалі два музеі: музей рамёстваў і промыслаў і “Сельмаг” — тварэнне таго ж Васіля Чайкі.

Пакідалі мы Нароўлю з цёплым сэрцам і ўпэўненасцю, што знайшлі тут не толькі сяброў газеты, а яшчэ і аўтараў. У невялічкім рэгіёне працуюць сціплыя педагогі, але яны маюць мноства цікавых напрацовак, з якімі, спадзяёмся, хутка пазнаёмяцца нашы чытачы.

Развітанне з горадам над Прыпяццю адбылося каля гранітнага мемарыяла “Памяці адселеных вёсак”, устаноўленага на Кастрычніцкай плошчы ў 1994 годзе ў памяць аб няпростых для раёна падзеях вясны 1986 года.

Другая палова дня прайшла таксама на Палессі, у прыгожым гарыстым Мазыры, які купаецца ў вясенняй зеляніне.

Паколькі наш інтарэс — адукацыя і выхаванне, то, трапіўшы ў Мазыр, мы не маглі не наведаць Клуб юных пажарных — месца, дзе (інакш не скажаш!) вырошчваюць маладое пакаленне паспяховых праграмістаў, якія заваёўваюць медалі найвышэйшай пробы на міжнародных конкурсах. Вынікі работы клуба значныя і вядомыя не толькі ў рэспубліцы, але і за мяжой.

Трэнер па спартыўным праграмаванні Аляксей Баруноў якраз чакаў выхаванцаў на заняткі. Усе поспехі дзяцей сабраны ў двух невялічкіх кабінетах: сцены густа завешаны самымі рознымі дыпломамі. Сярод іх — першая перамога на міжнародных спаборніцтвах, якую прывёз з Егіпта Аляксей Ропан, і перамога Яўгена Грыцкевіча на алімпіядзе ў Канадзе, высокія дасягненні Сяргея Куліка і Адама Бардашэвіча на алімпіядах у Тайландзе і Італіі і яшчэ адна залатая перамога Сярожы, якую хлопец атрымаў на алімпіядзе ў Аўстраліі.

Пакуль мы разглядалі дыпломы і гутарылі з Аляксеем Валянцінавічам, у клуб пачалі падцягвацца яго самыя маленькія выхаванцы. Яны ціхенька распраналіся і праслізвалі на свае рабочыя месцы, уключалі камп’ютары, пачыналі працаваць. Здаецца, мы іх зусім не турбавалі. Вытрымка — можна пазайздросціць!

Насычаны дзень на гомельскім Палессі завяршыўся сустрэчай з кіраўнікамі і педагогамі мазырскіх устаноў адукацыі за круглым сталом у Мазырскім абласным ліцэі. Распачаў гутарку галоўны рэдактар нашай газеты Вадзім Кнышаў.

— Наша выданне сёння развіваецца ў новым кірунку, — сказаў Вадзім Аляксандравіч. — Вельмі важна, каб яно ішло ў нагу з часам і несла самыя перадавыя веды, каб служыла вам добрую службу ў сэнсе пераймання цікавага вопыту, валодання самай свежай інфармацыяй і падзеямі, якія тычацца адукацыйнай сферы.

Ён адзначыў і тое, што вялікае значэнне для выдання мае аўтарскае супрацоўніцтва настаўнікаў, бо, якія б прафесіяналы журналісты ні працавалі ў рэдакцыі, без педагогаў нельга было б рабіць якасную галіновую газету.

Субяседнікі, у сваю чаргу, прызналіся, што іншым разам у іх узнікае жаданне нечым падзяліцца з калегамі, але адразу паўстаюць розныя пытанні. Як гэта зрабіць? А калі не надрукуюць, ці трэба марнаваць час? А можа, гэта нікому і не патрэбна наогул? Тлумачэнні на гэты конт дала рэдактар аддзела школ “Настаўніцкай газеты” Вольга Дубоўская.

Многіх настаўнікаў спыняе няўпэўненасць. На справе ж аказваецца, што якраз у іх партфоліа ляжаць цікавыя напрацоўкі, што ў іх установах адбываюцца мерапрыемствы ці ўрокі новага фармату, пра якія трэба было б расказаць.

На асабістым вопыце супрацоўніцтва са многімі педагогамі Гомельшчыны магу сказаць, што галоўнае — адважыцца і напісаць адзін раз. Нярэдка менавіта так зараджаецца жаданне стаць часткай аўтарскага калектыву прафесійнай газеты.

Гутарка за круглым сталом атрымалася змястоўнай. Адчувалася, што педагогі давяраюць газеце. Кіраўнікі навучальных устаноў пыталіся ў прадстаўнікоў рэдакцыі пра тыя магчымыя змены і праблемы ў адукацыі, якія пакуль толькі на слыху. Значыць, яны бачаць галіновае выданне як першачарговую важную крыніцу. Прыемна было пачуць, што многія педсаветы і планёркі ва ўстановах пачынаюцца з абмеркавання прачытанага на старонках “Настаўніцкай газеты”.

— Кожны тыдзень у нашым ліцэі пачынаецца з планавання работы, — расказала дырэктар Мазырскага абласнога ліцэя Іна Лагун. — І я заўсёды пытаюся ў калег, што цікавага яны прачыталі ў галіновым выданні, ці можам мы нешта ўзя ць і адаптаваць пад сваю ўстанову.

Размова на сустрэчы ішла і пра іншыя выданні для педагогаў і навучэнцаў, якія ўваходзяць у склад установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”. Перш за ўсё гэта “Народная асвета” — адзін з найстарэйшых навукова-педагагічных часопісаў, які і сёння застаецца важнай пляцоўкай для трансляцыі вопыту і абмеркавання вострых праблем у навукова-адукацыйным асяроддзі.

Педагогі прызнаваліся, што для іх вельмі цікавым і прыемным было пазнаёміцца з аўтарамі асабіста. Імёны журналістаў прафесійнага выдання настаўнікам добра вядомы. Але ж цяпер, чытаючы іх матэрыялы на старонках газеты, яны будуць ведаць, як журналіст выглядае ў жыцці. Так ствараецца нейкая асаблівая сувязь паміж аўтарам і чытачом. Гэта тое, што для нас, журналістаў, без перабольшання, складае палову поспеху ў працы.

Дзень трэці: ліцэйскі марафон

Апошні дзень прэс-туру журналісты “Настаўніцкай” правялі ў Гомелі і Гомельскім раёне. Першым пунктам дыслакацыі пятнічнай раніцай значыўся ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС, на базе якога праходзіў другі этап абласных асабіста-камандных спаборніцтваў сярод навучэнцаў Гомельскай вобласці па навыках дзеянняў у надзвычайнай абстаноўцы “Мой клас — мая каманда”. Удзельнікам належала рухацца па лясным гушчары, паказаць сваё ўменне арыентавацца на мясцовасці і прадэманстраваць навыкі дзеянняў у надзвычайнай абстаноўцы. А днём раней юнакі і дзяўчаты прайшлі іспыт у першым этапе, які праходзіў у інавацыйна-адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці, створаным у ліцэі. Каманды шукалі парушэнні правіл бяспекі жыццядзейнасці ў камп’ютарнай гульні “Мой бяспечны дом”, ліквідавалі віртуальнае ўзгаранне і аказвалі першую даўрачэбную дапамогу пацярпеламу.

Інавацыйна-адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Гомельскай вобласці — унікальная вучэбная пляцоўка. У аснову метадалогіі навучання пакладзена віртуальнае паглыбленне навучэнцаў у асяроддзе, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі, і грунтоўнае вывучэнне матэрыялу за кошт павышэння эмацыянальнага ўспрымання абстаноўкі, якая мадэлюецца. Усё навучанне пабудавана на прынцыпах гульні, а атрыманне ведаў адбываецца на падсвядомым узроўні, шляхам шматразовага перажывання сітуацый, якія мадэлююцца. Удзельнікі прэс-туру наведалі цэнтр, прайшлі па сямі яго пляцоўках, у тым ліку па калідоры небяспекі і лабірынце.

Пад уражаннем ад наведвання інавацыйнага цэнтра журналісты адправіліся ў Гомельскі абласны ліцэй. Тут ім таксама прэзентавалі ўнікальны вучэбна-практычны цэнтр па энергазберажэнні з вучнёўскімі канструктарскім і даследчым бюро, якія створаны на базе ліцэя. У цэнтры знайшоў сваю пастаянную прапіску абласны музей энергазберажэння. Ён стаў пятым музеем у праграме прэс-туру.
У Мінск мае калегі павезлі шмат уражанняў, думак і планаў, частка якіх прадстаўлена ў сённяшнім выпуску газеты.

Трохдзённы прэс-тур быў насычаным і змястоўным. Гэта новы праект нашай рэдакцыі, і прыемна, што старт яму быў дадзены ў Гомельскай вобласці. Вынікі падарожжа на Гомельшчыну стануць відавочнымі крыху пазней — тады, калі гомельскія педагогі ўсё часцей будуць дзяліцца на старонках “Настаўніцкай” сваімі напрацоўкамі.

Рэдакцыя нашай газеты выказвае шчырую падзяку гаспадарам усіх нашых сумесных рабочых пляцовак. Мы ўдзячны за абмеркаванне газетных матэрыялаў, за вашы заўвагі і прапановы. І яшчэ раз вам гаворым: мы адкрыты для супрацоўніцтва.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.