Падарожжа па медыяпрасторы з інфармацыйным навігатарам

- 13:40Медыяадукацыя

Вандраваць па медыясцяжынках сучасныя дзеці пачынаюць вельмі рана. Крок за крокам з цікаўным агеньчыкам у вачах яны, як умеюць, спасцігаюць інфармацыю тэлебачання, радыё, перыядычнага друку, захапляюцца мультыплікацыйнымі і мастацкімі фільмамі, камп’ютарнымі гульнямі, шмат часу праводзяць у інтэрнэце.

Аднак недастатковая сфарміраванасць пазнавальных і эмацыянальна-валявых працэсаў, адсутнасць дастатковага жыццёвага вопыту робіць маленькіх медыяпадарожнікаў безабароннымі перад інфармацыйным уздзеяннем. Дзеці даволі часта не разумеюць, што сродкі масавай камунікацыі фарміруюць узоры паводзін, каштоўнасныя арыентацыі, адносіны да свету, людзей і самога сябе, культуры і мастацтва, даюць уяўленне пра маральныя, прававыя, ідэалагічныя і іншыя нормы грамадства. Для значнай часткі дзяцей і падлеткаў сучасныя медыя (асабліва інтэрнэт) становяцца не толькі сродкам вывучэння навакольнага свету, але і часткай іх уласнага свету. Таму аб’ектыўнай патрэбай сучаснасці становіцца фарміраванне ў вучняў асноў інфармацыйнай культуры, авалоданне якімі дасць ім магчымасць адэкватна ўспрымаць інфармацыю, асэнсоўваць яе, выкарыстоўваць для самарэалізацыі асобы, а таксама дазволіць знізіць негатыўны ўплыў, які могуць рабіць сродкі масавай камунікацыі на маладое пакаленне.
У якасці ўмоў выхавання інфармацыйнай культуры ў “Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь” адзначана выкарыстанне ў выхаваўчым працэсе рэсурсаў сродкаў масавай камунікацыі (перыядычны друк, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт); наяўнасць у педагогаў і навучэнцаў ведаў у галіне камп’ютарнай тэхнікі; наяўнасць і ўдасканаленне сучаснай тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі; правядзенне інфармацыйных гадзін; сістэмнасць, якасны адбор інфармацыі і адраснасць інфармацыйнага ўздзеяння; аказанне інфармацыйна-псіхалагічнай бяспекі навучэнцаў.
На шляху вырашэння акрэсленых праблем глыбокія і разнастайныя магчымасці дае медыяадукацыя — напрамак педагагічнай навукі, які актыўна развіваецца ў свеце. Змест паняцця “медыяадукацыя” вызначаецца як працэс адукацыі і развіцця асобы навучэнцаў з дапамогай і на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі з мэтай фарміравання і ўдасканалення культуры ўспрымання інфармацыі, крытычнага мыслення, уменняў інтэрпрэтацыі, аналізу і ацэнкі інфармацыі, творчых, камунікатыўных здольнасцей, навучанне розным спосабам самавыяўлення асобы. У комплексе з існуючымі метадамі выхавання гэты напрамак педагагічнай дзейнасці закліканы выконваць важную функцыю падрыхтоўкі навучэнцаў да жыцця ў інфармацыйнай прасторы.

Да 2015/2016 навучальнага года прэзідыумам навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі па дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі рэкамендаваны для выкарыстання ва ўстановах адукацыі нашай краіны метадычны дапаможнік “Информационный навигатор. Факультативные занятия в 3(4 классе”, які ў хуткім часе будзе выдадзены РУП “Выдавецтва “Пачатковая школа”. Змест дапаможніка для настаўнікаў складаюць метадычныя рэкамендацыі да арганізацыі і правядзення заняткаў, а таксама падрабязныя распрацоўкі 35 факультатыўных заняткаў.

Адной з форм медыяадукацыі ў пазаўрочны час з’яўляюцца факультатыўныя заняткі. У 2014 годзе прэзідыумам навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі па дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі была рэкамендавана да выкарыстання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праграма факультатыўных заняткаў “Інфармацыйны навігатар” для вучняў 3(4) класаў. Коратка спынімся на навукова-метадычных асаблівасцях праграмы.
Мэта факультатыўных заняткаў “Інфармацыйны навігатар” — фарміраванне ў пачаткоўцаў асноў інфармацыйнай культуры як важнай часткі агульнай культуры асобы. Задач вельмі многа. Гэта атрыманне вучнямі першапачатковых уяўленняў аб інфармацыі, яе значэнні і відавой разнастайнасці ў сучасным свеце; фарміраванне ў іх уменняў пошуку інфармацыі ва ўсёй сукупнасці інфармацыйных рэсурсаў, крытычнага асэнсавання інфармацыі, атрыманай па каналах сродкаў масавай камунікацыі, асабістай інтэрпрэтацыі і выкарыстання інфармацыі ў пазакласнай дзейнасці і г.д. Змест факультатыўных заняткаў распрацаваны з улікам асноўных патрабаванняў да арганізацыі выхаваўчага працэсу, выкладзенага ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Тэматычнае напаўненне зместу факультатыўных заняткаў цесна звязана з такімі галінамі гуманітарных ведаў, як культуралогія, мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыя сусветнай і айчыннай мастацкай культуры і мастацтва, псіхалогія развіцця асобы, мастацкага ўспрымання рэчаіснасці, псіхалогія творчасці, што дазволіць рэалізаваць міжпрадметныя сувязі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Праграма факультатыўных заняткаў складаецца з 3 раздзелаў: “Бязмежныя гарызонты інфармацыі” (11 гадзін), “Інфармацыйныя лабірынты” (12 гадзін), “Мой інфармацыйны канструктар” (12 гадзін), якія ўзаемазвязаны паміж сабой. Праграма разлічана на 35 гадзін пры правядзенні заняткаў 1 раз на тыдзень.
Змест раздзела “Бязмежныя гарызонты інфармацыі” накіраваны на актуалізацыю, пашырэнне ўяўленняў і ведаў навучэнцаў пра інфармацыю і ўзаемаадносіны чалавека са светам інфармацыі, аб асаблівасцях прад’яўлення інфармацыі рознымі крыніцамі; азнаямленне вучняў з відамі інфармацыі, гісторыяй узнікнення мультыплікацыі, кіно, тэлебачання, радыё, інтэрнэту, друкаваных сродкаў масавай камунікацыі, адрасаваных дзіцячай аўдыторыі; усведамленне вучнямі важнасці інфармацыйнай бяспекі ў жыцці кожнага чалавека,
Змест раздзела “Інфармацыйныя лабірынты” ўключае адаптаваныя для малодшага школьнага ўзросту тэарэтычныя звесткі і практычныя прыёмы дзейнасці па фарміраванні ў вучняў крытычнага мыслення, уменняў свядомага ўспрымання інфармацыі, патрэбы і здольнасцей крытычнага адбору інфармацыі ў штодзённым жыцці, выхаванне эстэтычнага густу, культуры чытача, слухача, гледача, інтэрнэт-карыстальніка.
Змест раздзела “Мой інфармацыйны канструктар” уключае практычныя заданні, калектыўныя праекты, сюжэтна-ролевыя гульні, накіраваныя на пошук шляхоў выкарыстання інфармацыі, атрыманай з розных крыніц масавай інфармацыі, стварэнне на яе аснове новых інфармацыйных паведамленняў, а таксама мэтанакіраваную падрыхтоўку навучэнцаў да выкарыстання атрыманых ведаў і ўменняў работы з інфармацыяй у рэальным жыцці.
Арганізацыя і правядзенне факультатыўных заняткаў прадугледжвае шырокае выкарыстанне разнастайных форм і метадаў дзейнасці, сярод якіх гутарка, чытанне і аналіз з выхаваўчага боку літаратурных твораў, абмеркаванне праблемных сітуацый, прагляд і аналіз фрагментаў тэлепраграм, мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў для дзяцей, праслухоўванне і аналіз фрагментаў радыёпаведамленняў, аўдыяказак, мадэляванне і інсцэніраванне сітуацый, метады інтэрактыўнага ўзаемадзеяння, калектыўныя творчыя справы, гульні-трэнінгі па культуры зносін, распрацоўка і рэалізацыя калектыўных праектаў (у тым ліку сямейных), ролевыя гульні, гульні-падарожжы па станцыях, а таксама віктарыны, конкурсы, разнапланавая музычна-выяўленчая творчасць.
Спецыфіку факультатыўных заняткаў складае накіраванасць на развіццё асобы кожнага вучня, фарміраванне патрэбы ў актыўным і свядомым успрыманні і засваенні інфармацыі, яе выкарыстанні ў жыцці, якая асэнсоўваецца і ўдасканальваецца ў разнапланавай практычнай дзейнасці, інтэрактыўных гульнявых прыёмах і іншых сучасных метадах педагагічнага ўзаемадзеяння. Структура кожных заняткаў мае камбінаваны характар, у змесце якога прадугледжана знаёмства навучэнцаў з даступнымі па ўзросце тэарэтычнымі звесткамі і замацаванне атрыманых ведаў у час выканання практычных заданняў.
Як ужо адзначалася вышэй, карыстанне сучаснымі гаджэтамі з’яўляецца надзвычай прывабным для вучняў пачатковых класаў. Таму формай правядзення факультатыўных заняткаў была выбрана ролевая імітацыйная гульня “Інфармацыйны навігатар”. На занятках вучням прапануецца паразважаць, ці існуе такая прылада, як яна выглядае, у чым яе прызначэнне.
Педагогам, якія штодзень знаходзяцца ў пошуку разнастайных сродкаў навучання і выхавання, магчыма, будзе цікавай ідэя стварэння мадэлі інфармацыйнага навігатара, якую можна ажыццявіць разам з вучнямі і іх бацькамі. Прыкладам можа служыць малюнак інфармацыйнага навігатара, прапанаваны ніжэй. На ім з дапамогай умоўных знакаў пазначаны змест і асноўныя напрамкі заняткаў “Інфармацыйны навігатар”. Павышэнню пазнавальнага інтарэсу вучняў да зместу заняткаў можа спрыяць гульнявая форма прадстаўлення заданняў. Напрыклад, імітацыя работы навігатара ў час вызначэння тэмы новых заняткаў (работа з галоўным меню, выбар тэмы, запуск інфармацыйнай праграмы, абнаўленне праграмы і г.д.).
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць таксама падрыхтаваць мультымедыйную прэзентацыю, на слайдах якой можна размясціць пералічаныя малюнкі-сімвалы для сістэматычнага выкарыстання на занятках. Створаны навігатар можа мець серыйны нумар. Напрыклад, М—153—4 “А” (скарочаная назва горада, нумара школы і класа). У гульні можа быць прадугледжана служба тэхнічнай падтрымкі навігатара. Малюнак ці макет інфармацыйнага навігатара вучні могуць стварыць і шляхам аб’яўленага конкурсу юных канструктараў.
Вучні, зацікаўленыя гульнёй, могуць выказваць свае прапановы наконт удасканалення прылады, у змесце заняткаў могуць з’явіцца і новыя рубрыкі. Напрыклад, рубрыка “Асабісты кабінет” папярэдзіць пра тое, што наступная работа з інфармацыяй мае асаблівае значэнне для кожнай асобы, сям’і, класнага калектыву. Для ўваходу ў “Асабісты кабінет” навучэнцам прапануецца зарэгістравацца — адказаць на пытанне па вывучаным раней матэрыяле ці прапанаваць выйсце з жыццёвай сітуацыі, якая патрабуе выкарыстання інфармацыйных уменняў. Калі адказ вучня няправільны ці ён зневажае годнасць іншых людзей, вучань атрымлівае вуснае ці пісьмовае паведамленне “У рэгістрацыі адмоўлена. Выканайце рэгістрацыю яшчэ раз”.

Праграма факультатыўных заняткаў “Інфармацыйны навігатар” складаецца з 3 раздзелаў: “Бязмежныя гарызонты інфармацыі” (11гадзін), “Інфармацыйныя лабірынты” (12 гадзін), “Мой інфармацыйны канструктар” (12 гадзін), якія ўзаемазвязаны паміж сабой. Праграма разлічана на 35 гадзін пры правядзенні заняткаў 1 раз на тыдзень.

У час падрыхтоўкі да факультатыўных заняткаў мэтазгодна таксама прадугледзець разнастайныя спосабы размяшчэння школьнай мэблі, падрыхтаваць ілюстрацыйны матэрыял, музычнае суправаджэнне, якое будзе паведамляць вучням пра пачатак і канец заняткаў. У пачатку навучальнага года можна стварыць папку (напрыклад, пад назвай “Архіў творчых работ інфармацыйнага навігатара”), у якую змяшчаць найбольш удалыя калектыўныя і індывідуальныя работы вучняў, фотасправаздачы пра заняткі і інш.), а напрыканцы навучальнага года падвесці вынікі і арганізаваць выставу творчых работ вучняў.
На працягу мінулага навучальнага года на старонках навукова-метадычнага часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” былі надрукаваны падрабязныя распрацоўкі заняткаў “Інфармацыйны навігатар”. У змесце заняткаў распрацаваны рубрыкі “Галаваломкі інфармацыйнага навігатара”, “Архіў інфармацыйнага навігатара”, “Інфармацыйнае перакрыжаванне” і інш., у якія ўключаны адаптаваныя да ўзросту тэарэтычныя звесткі пра гісторыю ўзнікнення і развіцця кінамастацтва, тэлебачання, радыё, часопісаў, газет, інтэрнэту, прапануюцца займальныя заданні на рускай і беларускай мовах, падабраны разнастайны музычны і літаратурны матэрыял. У змесце кожных заняткаў прапануецца шырокі спектр заданняў, з ліку якіх настаўнік можа выбраць тыя, якія найбольш адпавядаюць індывідуальна-псіхалагічным асаблівасцям і ўзроўню навучанасці вучняў канкрэтнага класа.
Асновы інфармацыйнай культуры, закладзеныя ў дзяцінстве, дапамогуць маленькім карыстальнікам медыя ўпэўнена рухацца ў свеце інфармацыі, крытычна асэнсоўваць звесткі, атрыманыя з розных крыніц, авалодаць культурай гледача, радыёслухача, інтэрнэт-карыстальніка. Пройдзе час — і зусім хутка ў рэальным медыяпадарожжы кожны з іх павінен будзе самастойна прымаць рашэнне згодна з тымі ведамі і інфармацыйнымі ўменнямі, якімі валодае. І тады становіцца зразумела, што незвычайная прылада — інфармацыйны навігатар — павінна быць у свядомасці кожнага чалавека.

Ірына БУТОРЫНА,
метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння
пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі.