Падарожжа па сцяжынках Гомельшчыны, або 90 дзён займальнага адпачынку

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Вядома, самыя цікавыя ідэі ўзнікаюць выпадкова. І калі за такую ідэю ўчапіцца, пачаць яе раскручваць, то павінна атрымацца нешта цудоўнае. Вось так і выйшла з думкай, раптоўна выказанай на адной з рабочых нарад намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч. Было гэта напярэдадні летніх канікул. У ліку многіх іншых пытанняў педагогі абмяркоўвалі занятасць дзяцей і іх зацікаўленасць пэўнымі справамі. Гаварылі і пра тое, што школьнікі мала ведаюць пра сваю малую радзіму, пра край, дзе жывуць.

— Трэба акцыю арганізаваць пад назвай “Сцяжынкамі Гомельшчыны — за 90 летніх дзён”, — прапанавала калегам Жанна Анатольеўна. — Атрымаецца не проста занятасць, а занятасць з карысцю.
Галоўны клопат па рэалізацыі задумкі ўзяў на сябе Гомельскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, а лакаматывам усёй акцыі стала намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольга Пісарэнка. Акцыя зараджалася, як кажуць, з нуля. Трэба было прадумаць усё: ад фармату да ўдзельнікаў.
І вось 2 чэрвеня на цэнтральнай плошчы Гомеля каля знака “Нулявы кіламетр” быў дадзены старт абласному мерапрыемству пад назвай “Сцяжынкамі Гомельшчыны — за 90 летніх дзён”. Акцыя была пабудавана па прынцыпе эстафеты — ад аднаго раёна да другога, а яе героямі сталі выхаванцы з мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, іх бацькі, выхавальнікі і педагогі.Старт акцыі далі дзеці і дарослыя дзесяці сем’яў з Гомеля і Гомельскага раёна. Іх знаёмства пачалося з экскурсіі па парку і палацы Румянцавых-Паскевічаў. Далей — наведванне плаўбазы, сустрэча з юнгамі — выхаванцамі мнагапрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, палаткі на беразе ракі і цікавыя гісторыі, віктарыны каля кастра. Праз тры дні эстафету прымаў ужо Рэчыцкі раён.
Кожны куточак Гомельшчыны мае сваю гісторыю, у кожным рэгіёне засталіся помнікі, у музеях зберагаюцца розныя рэчы з далёкага мінулага, ёсць нямала мясцін, якія тояць у сабе дзівосныя легенды, што перадаваліся з вуснаў у вусны нашымі далёкімі продкамі. З усім гэтым якраз і знаёміліся ўдзельнікі акцыі.
У Лоеве дзеці, іх бацькі і выхавальнікі наведалі Музей бітвы за Днепр і абноўлены мемарыяльны комплекс, у памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны ўсклалі кветкі да брацкай магілы. Яшчэ ад зін помнік ваеннага ліхалецця — мемарыял “Баграціён” — наведалі сем’і ў Светлагорскім раёне. Музей І.П.Мележа ў аграгарадку Глінішча Хойніцкага раёна, помнік архітэктуры “Стаянка першабытнага чалавека” і езуіцкі калегіум з манументальным касцёлам XVIII стагоддзя ў Юравічах Калінкавіцкага раёна, помнік выселеным вёскам ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў палескім горадзе Нароўля, гістарычны музей, падмурак царквы ХІІ тагоддзя і магілы вядомых святароў у старажытным Тураве — гэта толькі невялічкая частка тых мясцін, дзе пабывалі дзеці і дарослыя. А колькі яшчэ было гульняў, канцэртаў і конкурсаў, сустрэч з равеснікамі ў розных установах адукацыі! І амаль увесь час на прыродзе!Што было яшчэ асабліва каштоўным у гэтай акцыі, дык гэта сустрэчы і знаёмствы паміж сабой мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў. Як прызнаваліся самі дарослыя, здаецца, жывуць амаль побач, але сабрацца, абмеркаваць нейкія пытанні выхавання дзяцей, падзяліцца вопытам не атрымлівалася. А вось тут з’явілася такая магчымасць. “Дзякуй за добрую магчымасць пазнаёміцца з прыёмнымі сем’ямі з іншага раёна. Прыемна ведаць, што мы не адны. Такая акцыя павінна мець працяг”. “Ад усіх прыёмных бацькоў Брагіна вялікі дзякуй арганізатарам акцыі. Гэта цудоўная магчымасць убачыць, як жывуць іншыя прыёмныя сем’і, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Асобны дзякуй дому сямейнага тыпу Лоева за гасцінны прыём. Прыемна ведаць, што ёсць шмат добрых людзей, якія не абыякавыя да дзяцей”. Такія запісы пакідалі ўдзельнікі акцыі ў “Паходным дзённіку”, які, дарэчы, стаў своеасаблівай справаздачай летняга мерапрыемства. У дзённіку — фотаздымкі, уражанні, водгукі і падзякі.
Галоўнымі задачамі акцыі былі магчымасць дзяцей паглыбіць веды пра родны край, пазнаёміцца і пасябраваць, уцягнуць іх бацькоў у сумесныя забаўляльныя мерапрыемствы, умацаваць лепшыя сямейныя традыцыі, а таксама аб’яднаць намаганні бацькоў і педагогаў у выхаванні падлеткаў. Няма сумненняў, што ўсе гэтыя задачы выкананы, а разам з гэтым на Гомельшчыне пакладзены пачатак новай традыцыі. У сярэдзіне жніўня акцыя “Сцяжынкамі Гомельшчыны — за 90 летніх дзён” завяршылася. Канчатковай кропкай займальнага летняга падарожжа стаў Добрушскі раён. А арганізатары ўжо глядзелі ў наступнае лета і шукалі новыя сцяжынкі, па якіх пройдуцца бацькі, дзеці і педагогі ў час самых доўгіх канікул наступнага года.— Пакуль падрабязнага плана, канечне, няма, — дзеліцца Вольга Пісарэнка, — аднак мы ўжо ведаем, што ў наступны раз падарожжа сем’і будуць здзяйсняць у межах свайго раёна. Гэта дазволіць добра пазнаёміцца з мясцінамі і цікавымі людзьмі роднага краю.

Наталля ЛУТЧАНКА.