Падарожжа ў казку

- 16:15Нам пішуць

Сапраўднага ляснога Дзеда Мароза — Зімніка і Бабу Завіруху вучні пачатковых класаў Клайшанскай базавай школы ўбачылі ў аграсядзібе Залейкі, якая знаходзіцца ў Іўеўскім раёне.

Як мы ўсе ведаем, зіма — гэта час цудаў, прыгод. І ўсё гэта здараецца пад Новы год ці на Каляды. Цуды здарыліся і з нашымі вучнямі, калі яны трапілі ў казачны лес. І сустрэў нас памочнік Зімніка — Зайка-пушысцік. У яго суправаджэнні нашы дзеці наведалі домікі кікімары і Лісы-кумы, схрон лесуна і радыёстанцыю лясных жыхароў, вароты Салаўя-разбойніка і паглядзелі на печку Ямелі. Кожны на свой лад весяліў нас, а ўсіх, хто выканаў заданне, адпускаў, не забываючы павіншаваць з Калядамі і Новым годам. У канцы сцежкі ў сваёй сядзібе гасцей чакалі Дзед Зімнік, Баба Завіруха, Лясны Кот, прагнасць, Баба Яга і, вядома ж, Снягурка. Вось яны і зладзілі для нас паказ. І зноў мы ўдзельнічалі ў конкурсах, гульнях. А ў канцы праграмы з Дзедам Зімнікам і Снягуркай вадзілі карагод каля лясной прыгажуні ёлкі. Атрымаўшы падарункі, мы вясёлыя, радасныя пад агні начнога горада вярталіся дадому. Экскурсія ўдалася!

Хрысціна ІОДКА,
настаўніца пачатковых класаў Клайшанскай базавай школы.