Падарожжа ў легендарную крэпасць

- 10:46Нам пішуць

Яшчэ ў канцы верасня ў Верамейскай сярэдняй школе Чэрыкаўскага раёна было вырашана з’ездзіць на экскурсію ў Брэст і наведаць легендарную крэпасць. Дату паездкі вызначылі на восеньскія канікулы. У склад групы ўвайшло 27 чалавек. 1 лістапада ў 14:30 група сабралася на чыгуначнай станцыі Верамейкі і адправілася дызель-цягніком у Магілёў. Затым дзве гадзіны чакання і цягніком Віцебск-Брэст ужо да самой крэпасці.

Ехалі ў плацкартным вагоне. Спрачаліся, хто будзе спаць на самых ганаровых верхніх паліцах і пілі чай. Раніцай ў 8.40 прыбылі ў Брэст. Дарога прайшла непрыкметна. Крэпасць сустрэла галоўным уваходам — велізарнай пяціканцовай бетоннай зоркай, голасам Левітана і метраномам. І хоць ішоў дождж, ад крэпасці захоплівала дух. Такая яна вялізная і прыгожая.

У 11 гадзін нас сустрэў экскурсавод, які правёў аглядную экскурсію па асноўных памятных месцах. Прывязваючыся да фільма “Брэсцкая крэпасць”, знятага ў 2010 годзе, экскурсавод распавядаў пра асноўныя этапы абароны. Але больш за ўсё дзецям запомнілася гісторыя пра мост, у якім няма парэнчаў. Яго зрабілі як сімвал, каб у людзей больш ніколі не было перашкод дабрацца да вады. Як і помнік “Смага”, мост нагадвае людзям пра вялікі подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці-героя.

Ля вечнага агню была аб’яўлена хвіліна маўчання. Дзеці моўчкі ўсклалі чырвоныя гваздзікі, прывезеныя з Магілёва. Затым быў час пагуляць самастойна па мемарыяльным комплексе. Частка групы адправілася ў музей крэпасці, а другая частка пайшла ў гарнізонны храм. І хоць ён звонку нічым не адрозніваецца ад звычайнага праваслаўнага храма, унутры ён быў як працяг крэпасці. Ні адзін камень не абтынкаваны. Паездка ішла да завяршэння. У 17:15 наш цягнік адпраўляўся дадому. Ехалі ў тым жа вагоне, з ужо знаёмымі праваднікамі. У 09:20 раніцы на стацыі Верамейкі дзяцей сустракалі бацькі.

Па дарозе дадому ў цягніку да нас падышоў мужчына гадоў 50-ці і спытаў адкуль мы. Дзеці тут жа расказалі, што з Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. А ён ехаў з Урала з жонкай наведаць таксама, як і мы, крэпасць-герой. Трое сутак шляху ў адзін бок. Дзеці былі здзіўленыя учынкам дарослых людзей.

Такую экскурсію можа арганізаваць практычна любая школа нашай краіны, калі ў населеным пункце ёсць чыгунка. Зносіны з Брэстам вельмі добрыя. А да крэпасці ад вакзала усяго 2,7 кіламетра. Але ёсць і маршрут аўтобуса № 5, якім можна дабрацца практычна да сцен крэпасці. І ў завяршэнне хацелася б падзякаваць бацькам, якія прынялі ўдзел у паездцы і на працягу трох дзён дапамагалі наглядаць за дзецьмі.

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.