Калі б у вас спыталі, што такое музей, вы б, напэўна, сказалі, што гэта месца, дзе можна сустрэцца з мінулым. У музеі захоўваецца тое, што было задоўга да нашага з’яўлення, тое, што засталося з былых рэчаў і ў наш час мае вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць. Таму перад экскурсіяй у музей узнікае адчуванне маючай адбыцца сустрэчы з чымсьці незвычайным і асаблівым.
Музеі бываюць розныя: гістарычныя, этнаграфічныя, мастацкія, краязнаўчыя. Іх вельмі шмат. Які ж выбраць? На гэтае пытанне вам дадуць адказ навучэнцы Канюхоўскіх ясляў-сада — сярэдняй школы і Алекшыцкай сярэдняй школы, якія наведалі незвычайны музей — музей мініяцюр “Краіна-міні”.
Экскурсія па гэтым музеі стала першым пунктам падарожжа дзяцей у Мінск, якая адбылася ў суботу, 27 мая. Асноўная ідэя гэтага новага мінскага музея — паказаць гасцям, як выглядалі архітэктурныя аб’екты нашай краіны ў часы сваёй славы, і тым самым яшчэ раз даказаць, што ў Беларусі ёсць мноства выдатных месцаў, якія сапраўды варта ўбачыць.
На сённяшні дзень у музеі прадстаўлена 15 макетаў — паменшаных копій знакавых месцаў Беларусі. У экспазіцыі музея навучэнцы ўбачылі самыя значныя архітэктурныя славутасці Беларусі, пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі замкаў, палацаў, сядзіб, храмаў, частка з якіх уключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Самае цікавае — ва ўсіх макетах прадстаўлены сітуацыі з жыцця нашых продкаў. Так, у мініяцюры Лідскага замка можна было ўбачыць рыцарскі турнір і тое, як за ім назіралі простыя людзі, у Брэсцкай крэпасці — дазорцаў, якія пераходзяць праз мост, у Палацы Пуслоўскіх — дзетак, што бягуць за сваімі бацькамі. Акрамя экспанатаў, у музеі ёсць выдатная сувенірная крама, дзе можна было купіць незвычайныя беларускія магніты і кашалькі, сэлфі-зона ў стылі беларускай хаты і зона адпачынку з кавай і прысмакамі. За адну гадзіну дзеці “аб’ехалі” галоўныя славутасці Беларусі, пакаталіся ў машыне часу і зазірнулі ў мінулае краіны, захапіліся яе гісторыяй і палюбілі яе яшчэ мацней.
Наступным прыпынкам нашага падарожжа стаў Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага, які займае плошчу 28 гектараў. У асаблівае захапленне навучэнцаў прывялі такія атракцыёны, як “Аўтадром”, “Сюрпрыз”, “Пакой смеху”, “Сатурн”, “Вальс”, “Спрут” і, вядома ж, гонар парку — “Кола агляду”, якое ўзнеслася на вышыню 54 метры.
У завяршэнні мы наведалі мінскі “ДзінаПарк” — дзіўны свет, дзе адсутнічаюць межы паміж сапраўдным часам і дагістарычнай эпохай. Дзеці змаглі перанесціся з рэальнасці ў свет, які існаваў мільёны гадоў назад і пазнаёміцца з вялізнымі дыназаўрамі, прадстаўленымі ў рэальную велічыню. Экспанаты былі вельмі рэалістычныя: яны рухаліся, выдавалі гукі, нават дыхалі.
Падарожжы сёння сталі важнай часткай жыцця сучаснага чалавека. Гэта заўсёды цікава — адкрываць для сябе новыя рэчы, сустракацца з рознымі людзьмі, наведваць музеі. Падарожжы неабходны для ўсіх, яны развіваюць наша ўяўленне, даюць нам рух, а рух, як вядома, гэта жыццё.
Вольга ШЧУКА,
настаўніца гісторыі і геаграфіі Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.