Падарожжа ў школу будучыні

- 10:57Навіны рэгіёнаў

Школа будучыні — менавіта так называюць cярэднюю школу № 8 Крычава, якая ў гэтым навучальным годзе ўпершыню адчыніла дзверы для сваіх вучняў. Тут усё зроблена па апошнім слове тэхнікі, з выкарыстаннем лепшых перадавых тэхналогій, усё цікава, незвычайна і прагрэсіўна. Аб тым, як у раённым цэнтры з’явілася адна з самых сучасных навучальных устаноў у краіне і чаму яна стала падарункам не толькі школьнікам, але і ўсяму гораду, у інтэрв’ю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Уладзіміраўна Парукава.

— Рашэнне аб будаўніцтве школы прынята 3 гады назад, пасля таго як падчас школьных канікул адбылося абвальванне будынка гімназіі, — успамінае суразмоўніца. — Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне захаваць наш калектыў, і вучэбны працэс быў арганізаваны на арэндных плошчах крычаўскіх устаноў адукацыі, якія пайшлі нам насустрач і падтрымалі ў гэтай няпростай сітуацыі. Зразумела, што новай навучальнай установы, дзе б мы сталі паўнапраўнымі гаспадарамі і нарэшце сабраліся ўсе разам, калектыў чакаў з вялікім нецярпеннем. Аднак мы і ўявіць не маглі, што гэта будзе настолькі вялікая і сучасная школа. Па пашпарце тэрмін яе здачы значыўся снежнем 2017 года, аднак 1 верасня ўсе дзеці ўжо селі за парты.

— Ганна Уладзіміраўна, што ўваходзіць у структуру школы і колькі вучняў яна зможа прыняць?

— Школа складаецца з трох блокаў, у адным з якіх размяшчаецца пачатковая школа, у другім займаюцца навучэнцы старшых класаў, у трэцім пабудаваны памяшканні агульнафункцыянальнага значэння. Тут прадугледжаны чатыры лінгафонныя кабінеты, два кабінеты інфарматыкі, абсталяваныя згодна з сучаснымі стандартамі і патрабаваннямі, велізарныя спартыўная, трэнажорная і гімнастычная залы, актавая зала на 240 месцаў, канферэнц-зала. Ёсць кабінет дэфектолага, педыятра, стаматолага, працэдурная.

Для арганізацыі работы школы закуплены 127 камп’ютараў, 19 інтэрактыўных дошак і мноства іншай сучаснай аргтэхнікі. Асобная ўвага ўдзелена афармленню кабінетаў. Напрыклад, у корпусе для першакласнікаў у інтэр’еры пераважаюць светлыя цёплыя адценні, у калідоры на сценах — яркія дзіцячыя малюнкі. Днямі ўведзены ў эксплуатацыю басейн на дзве чашы: для малодшай і старшай груп навучэнцаў. Дарэчы, у басейне размяшчаецца саўна і другая трэнажорная зала.

Прылеглая да школы тэрыторыя ў параўнанні з ранейшай стала больш кампактнай і функцыянальнай. Тут размясціліся 4 валейбольныя і 2 баскетбольныя пляцоўкі, футбольнае поле, бегавыя дарожкі, поле для камбінаваных гульнявых відаў спорту; разнастайныя вулічныя трэнажоры, тэнісныя сталы і нават цэлыя гульнявыя гарадкі для розных узроставых груп.

Школа разлічана на 1020 месцаў. На сёння тут вучацца 997 дзяцей. З іх прыкладна 500 новых навучэнцаў, у тым ліку 100 першакласнікаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 87 педагогаў. Навучанне праходзіць у адну змену — кабінетаў хапае ўсім.

— Што павінна адрозніваць сучасную школу ад іншых, каб яе сталі называць школай будучыні?

— Наша навучальная ўстанова не толькі адпавядае ўсім сучасным нормам і патрабаванням, але таксама з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай, на якой паэтапна рэалізуецца праект “Электронная школа”. Ён прадугледжвае поўную інфарматызацыю вучэбнага працэсу. Так, ва ўжытак школьнікаў і настаўнікаў увойдуць электронныя дзённікі і журналы, ва ўстанове адукацыі наладжваецца электронная кантрольна-прапускная сістэма. Акрамя таго, аформлены карты навучэнцаў, якія сумяшчаюць у сабе некалькі функцый: гэта і пропуск у навучальную ўстанову, і чытацкі білет, і разліковы сродак — картку можна папаўняць і аплачваць ёй любыя тавары і паслугі.

Гэтыя новаўвядзенні значна спросцяць працу настаўнікаў, павысяць дысцыпліну і ўзровень ведаў сярод вучняў. Акрамя таго, гэта вельмі зручна і эканоміць шмат часу. Так, выстаўленыя ў электронны журнал адзнакі аўтаматычна адаб’юцца ў электронным дзённіку навучэнцаў. Тое ж самае адбудзецца і з дамашнім заданнем: як толькі яго занеслі ў журнал — запіс тут жа з’явіцца ў кожнага школьніка. Такім чынам, адразу знімаецца праблема адгаворак “нам не задавалі”. Праграма дазваляе хутка апрацаваць і прааналізаваць вынікі навучальнага года або чвэрці па класе, па ўсёй школе як настаўнікам, так і кіраўніцтву.

Дарэчы, бацькам таксама будзе прасцей кантраляваць сваіх дзяцей. У кожнага з іх будзе код доступу да старонкі навучэнца для прагляду адзнак і запісаў настаўніка. Такім чынам, дарослыя будуць не толькі мець поўнае ўяўленне аб паспяховасці і паводзінах вучня, але і магчымасць своечасова адрэагаваць на трывожны званочак і скарэкціраваць яго. Папяровыя дзённікі часам бацькі за тыдзень могуць ні разу і не паглядзець, а тут адразу ўбачаць і адрэагуюць. Акрамя таго, ёсць магчымасць падключыць паслугу SMS-апавяшчэння. Як толькі дзіця пераступіла парог школы і пакінула яе сцены, апавяшчэнне будзе прыходзіць аднаму з бацькоў на тэлефон. Гэта пытанні бяспекі і прадухілення пропуску заняткаў без прычыны.

— Зразумела, што ў такой школе і вучыць, і вучыцца — адно задавальненне. Раскажыце, якімі яшчэ асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу адрозніваецца школа?

— Акрамя новага будынка, сучаснага абсталявання, інфармацыйных тэхналогій, наша школа — гэта высокапрафесійны і творчы калектыў, гатовы да інавацыйнай дзейнасці. З 1 верасня на базе ўстановы рэалізуецца эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродак праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнцаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі (2017—2020)”. Дзякуючы праекту, вучні 8—9 класаў маюць магчымасць займацца па індывідуальных вучэбных планах. Дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання дазваляе найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці вучняў, фарміраваць умовы для навучання ў адпаведнасці з запытамі вучняў, іх намерамі. Такое навучанне з’яўляецца падрыхтоўчым этапам прафілізацыі.

У 2017/2018 навучальным годзе для вучняў III ступені адукацыі адкрыты профільныя і мультыпрофільныя класы фізіка-матэматычнай, хіміка-біялагічнай, філалагічнай накіраванасці. Калектыў упэўнены, што эфектыўнае развіццё асобы можа быць дасягнута за кошт свабоды выбару асабістай траекторыі развіцця, праз індывідуальны вучэбны план, праз прадметна-групавыя формы навучання.

— Пра новую школу гавораць яшчэ і як пра шматфункцыянальны адукацыйны цэнтр…

— Гэта сапраўды так, — пацвярджае суразмоўніца. — Новая школа — гэта не проста адукацыйная ўстанова, а шматфункцыянальны рэсурсны цэнтр. На базе ўстановы наладзілі работу больш як 30 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці. Тут размяшчаюцца філіялы мастацкай, спартыўнай і музычнай школ, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У пералік платных паслуг насельніцтву ўвойдуць карыстанне саўнай, трэнажорнай залай, басейнам.

— Як пастаўлена работа ў кірунку прафесійнай арыентацыі навучэнцаў?

— Вядома ж, уся школьная супольнасць нацэлена на фарміраванне асобы, якая ажыццяўляе свядомы, самастойны прафесійны выбар. Менавіта таму прафарыентацыйнай рабоце ўдзяляецца вялікая ўвага. Так, ужо трэці год на базе нашай установы функцыянуе міжшкольны факультатыў для 10—11 класаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Мэты заняткаў — раскрыць асаблівасці педагагічнай прафесіі, зматываваць выпускнікоў на ўсвядомлены выбар будучай кар’еры. Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў якасці падарунка аформіла для вучняў кабінет прафарыентацыі. На прыкладзе стэндаў і іншых інфармацыйных матэрыялаў кожны школьнік можа пазнаёміцца з прафесіямі, навучанне па якіх праходзіць у гэтай аграрнай установе вышэйшай адукацыі.

Сваю ролю ў прафарыентацыі адыгрываюць і кабінеты працоўнай падрыхтоўкі. Так, у школе ёсць асобныя майстэрні па апрацоўцы тканіны, металу і драўніны, а таксама майстэрня кулінарыі. Яны цалкам абсталяваны ўсім неабходным. Напрыклад, у майстэрні кулінарыі ёсць разнастайны посуд, устаноўлены пліты, халадзільнікі і нават спецыяльны мэблевы гарнітур. У майстэрні па апрацоўцы тканіны ў кожнага сваё працоўнае месца, ёсць аверлок і швейныя машынкі. У перспектыве гэта дазволіць арганізаваць летнюю занятасць навучэнцаў — школьныя працоўныя лагеры або працоўныя атрады.

— Урачыстае адкрыццё школы прайшло з удзелам вялікай колькасці гасцей. Якія падарункі былі перададзены ўстанове?

— Сапраўды, адкрыццю школы была ўдзелена вялікая ўвага з боку ўсіх структур — раённых, абласных, рэспубліканскіх. Дзякуючы спагадлівасці партнёраў, спонсараў, кіраўнікоў, у школе з’явіўся праграмна-апаратны комплекс для аўтаматызацыі кіраўніцкай дзейнасці, карты навучэнцаў, сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ніхто не застаўся ўбаку — і за гэта ўсім вялікі дзякуй.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.