Падарунак да 110-годдзя

- 12:26Адукацыйныя праекты

Вынікам беларуска-польскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі стала адкрыццё выставачнай залы ў сярэдняй школе № 2 Магілёва. Утульнае памяшканне размешчана ў сэрцы горада, у старым будынку праз дарогу ад абласнога драматычнага тэатра і недалёка ад школы. Гэтая доўгачаканая падзея стала сапраўдным падарункам да 110- годдзя навучальнай установы, якое яна адзначыла ўсяго месяц назад.

Мастацкі напрамак рэалізоўваецца ў школе больш за 40 гадоў. Некалі яна была архітэктурна-мастацкай накіраванасці, потым профіль навучання змяніўся, аднак творчыя кадры ўдалося захаваць. Так, калі ў звычайнай школе ў сярэднім працуе адзін педагог-мастак, то ў сценах гэтай установы — пятнаццаць.

У сярэдняй школе № 2 Магілёва дзеці займаюцца творчасцю масава — з 1 па 9 класы. Так, амаль з 780 навучэнцаў больш як 570 зацікаўлены мастацкім напрамкам. Астатнія — навучэнцы так званых польскіх класаў, у якіх на працягу 15 гадоў польская мова вывучаецца як мова нацыянальных меншасцей. Гэтыя класы не былі абдзеленыя ўвагай польскага мова боку: для іх перадаваліся камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі і іншае. На гэты раз было прынята рашэнне зрабіць падарунак усім выхаванцам навучальнай установы.

— Адкрыццё выставачнай залы ў межах агульнаадукацыйнай школы — сапраўднае свята і для нас, і для горада, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Магілёва Ірына Уладзіміраўна Гаўрыленка. — Такая зала — першая ў абласным цэнтры. Яна з’явілася дзякуючы рэалізацыі праекта “Развіццё для мастацтва”, які выйграў малы гранд Пасольства Польшчы ў Беларусі. Дарэчы, гэта наш першы маштабны беларуска-польскі праект. Яго ўдалося запусціць у самыя кароткія тэрміны — усяго за 2,5 месяца.

Памяшканне першапачаткова належала школе, аднак на яго рамонт патрабавалася даволі вялікая для ўстановы сума. Выдзеленыя польскім бокам сродкі — 27 тысяч еўра — пакрылі практычна ўсе выдаткі. На частку грошай была набыта электрычная камерная муфельная печ, паколькі сярод іншых творчых напрамкаў у школе развіваецца і кераміка. Дарэчы, ганчарным мастацтвам могуць займацца ўсе маленькія магіляўчане — пачынаючы з 4-х гадоў (ва ўстанове працуюць гурткі на платнай аснове).

— Печ нам была вельмі неабходна, — зазначае Ірына Уладзіміраўна. — Як правіла, маленькія дзеці любяць ляпіць, а для кожнага дзіцяці свая работа — шэдэўр, які хочацца паказаць усім без выключэння. Каб захаваць выраб, яго трэба абпаліць, і ў гэтым нам дапаможа новае абсталяванне. Такія работы надзелены душэўным цяплом і нясуць у сабе станоўчую энергетыку. Многія з керамічных вырабаў нашых дзяцей ужо прадстаўлены ў гэтай зале. Запрошаныя на адкрыццё госці таксама атрымалі керамічныя сувеніры з беларускім нацыянальным каларытам.

Выставачная зала складаецца з двух памяшканняў: для дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. У перспектыве тут з’явіцца зала графікі, якую адміністрацыя школы плануе ўвесці ўжо сваімі сіламі. Дызайн інтэр’ера, зроблены школьнымі мастакамі, атрымаўся простым і ў той жа час эфектным. Тут аформлены спецыяльныя нішы і стэлажы для работ, прадуманы сучасныя падвесныя сістэмы для карцін, зманціравана кропкавае асвятленне, набыта функцыянальная мэбля, якую можна лёгка транспарта-ваць, напрыклад, для выязнога пленэру.

— Выставачная зала ўжо запоўнена работамі юных мастакоў, — працягнула суразмоўца. — Тут можна ўбачыць жывапіс, графіку, кераміку, роспіс па шкле, габелены, металапластыку, разьбу па дрэве… Дзецям вельмі важна паказаць сябе, сваю творчасць. Гэта стымул для далейшай працы і самарэалізацыі. Прычым іх творчасцю мы будзем дзяліцца з гасцямі і жыхарамі горада, якія таксама змогуць наведваць нашы выставы. Акрамя таго, тут будуць праходзіць вернісажы, майстар-класы, флэш-мобы і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.

Адкрываючы выставачную залу, саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Аркадыуш Сарна выказаў здзіўленне, што такі вялікі праект рэалізаваны якасна ды яшчэ ў такія кароткія тэрміны.

— Складана перадаць словамі тое, што адчуваеш, калі бачыш вынік гэтай вялікай працы, — падкрэсліў ён. — Для пасольства важна выязджаць у розныя гарады Беларусі. Вядома, у Мінску рэалізоўваецца вельмі многа праектаў, якія ажыццяўляюцца і ў іншых беларускіх рэгіёнах. Тым не менш за апошнія некалькі гадоў мы не рэалізавалі ні аднаго праекта ў Магілёве. Спадзяёмся, адкрыццё выставачнай залы стане першым крокам у асваенні гэтага рэгіёна і развіцці адносін з ім. Мы рады, што нашы праграмы тут падтрымліваюць, таму далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва будзе працягнута.

Сярод прадстаўленых у зале работ, з якімі педагогі ўстановы пазнаёмілі польскага саветніка, быў нацюрморт “Усходнія матывы”, выкананы адзінаццацікласніцай Алёнай Тарасавай. Дзяўчына мае поспехі не толькі ў выяўленчым мастацтве, але і ў вывучэнні польскай мовы — заняла другое месца на Міжнародным конкурсе чытальнікаў польскай паэзіі “Крэсы-2017” у Беластоку. Па словах Алёны, адкрыццё выставачнай залы выклікае ва ўсіх вучняў гордасць за родную школу.

— Для нас гэта выдатная магчымасць прэзентаваць свае работы, паказаць, чаму мы навучыліся і як бачым навакольны свет, параўнаць сваю творчасць з работамі іншых вучняў, — падзялілася Алёна. — Цяпер карціны не будуць пыліцца дома або ляжаць у школьных архівах, імі змогуць любавацца ўсе — ад навучэнцаў школы да звычайных гараджан. Асабліва важна гэта для дзевяцікласнікаў, якія толькі пачалі выконваць сваю дыпломную работу. Убачыўшы на выставе прадстаўленыя творы, яны змогуць выбраць для сябе не толькі пэўны стыль работы, але і адзначыць важныя дэталі, бо тут сапраўды прадстаўлены лепшыя прыклады.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.