Сіла бацькоўскай любові — даказаны феномен. Бацькоў і дзіця заўсёды звязвае пачуццё, якое пераадольвае любыя адлегласці і перамагае жыццёвыя цяжкасці. Бо бацькі гатовы на ўсё для свайго дзіцяці… У Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці пры правядзенні тыдня дзіцяці быў запланаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў. Найбольш важнай не толькі для дзяцей, але і для бацькоў аказалася акцыя “Падары свайму дзіцяці сэрца”, дзе мамы і таты творча падышлі да выказвання пачуцця любові да сваіх дзетак.
“Мы любім цябе! Мы ганарымся табой! Мы вельмі рады, што ты наш сын! Ты самая лепшая для нас!” — менавіта такія словы былі напісаны на папяровых сэрцах, якія бацькі змаглі на працягу тыдня падарыць сваім дзецям. Эфект уразіў усіх настаўнікаў: дзеткі хадзілі бадзёрыя і вясёлыя, час ад часу перачытвалі словы сваіх бацькоў, зачытвалі пажаданні сваім сябрам, адчувалі, што іх любяць і што яны з’яўляюцца сэнсам жыцця.
Дзіця, якое часта чуе словы любові, вырастае шчаслівым чалавекам. Пачуццё ўласнай унікальнасці неабходна дзіцяці гэтак жа, як і даросламу чалавеку. Словы маюць сілу: заўсёды думайце перад тым, як нешта сказаць дзіцяці. Калі словы, вымаўленыя з любоўю, маюць такое ўражлівае дзеянне, як жа працуюць гнеўныя фразы? Словам можна вылечыць, можна і пакалечыць. Давайце карыстацца сілай слова разумна!
Людміла ШЛЕМПА,
настаўніца Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.