Падарыць навагоднюю казку

- 10:36Нашы дзеці

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па Беларусі. Акцыя дазваляе не толькі прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, аказаць дапамогу і падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства, але і ўсім неабыякавым людзям дапамагчы дзецям і падзяліць з імі радасць чакання цуду і казкі. У мінулую суботу Дзед Мароз са Снягуркай разам з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, райвыканкама, раённага аддзела па адукацыі і Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава з падарункамі і віншаваннямі завіталі ў мнагадзетную сям’ю Лапенка, якая пражывае ў гарадскім пасёлку Расоны Віцебскай вобласці.

У гасцях у сям’і Лапенка з Дзедам Марозам і Снягуркай — галоўны спе­цыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Сенчанка, намеснік старшыні Расонскага райвыканкама Галіна Падвіцельская, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Віктар Мельнікаў і дырэктар Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава Алена Марозава.

Ірына і Уладзіслаў пазнаёміліся ў Расонах, куды 15 гадоў назад маладая прыгажуня пераехала з Рагачова. У дружнай сям’і нарадзілася пяцёра сыноў, у мінулым годзе Лапенкі з нецярплівасцю чакалі папаўнення. Шчасце азмрочыла бяда: цяжка захварэў гаспадар. На жаль, медыцына аказалася бяссільнай, і за лічаныя тыдні да нараджэння дзіцяці яго бацькі не стала. Малодшага сына назвалі ў гонар таты — Уладзіславам. На руках у Ірыны Сяргееўны засталіся шасцёра дзяцей, старэйшае з якіх толькі заканчвала мясцовую школу. Блізкіх родзічаў, на чыю пастаянную дапамогу можна было б разлічваць, побач не было. Але дзеля дзяцей і ў памяць аб каханым жанчына змагла пераадолець горыч страты і стаць надзейнай апорай сям’і.

Сыны — гордасць, несупынны клопат і на­дзея маці. Віктар паступіў у аграрны каледж Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Будучы аграном не збіраецца спыняцца на сярэдняй спецыяльнай і ўжо на­цэльваецца на атрыманне вышэйшай профільнай адукацыі. Максіму праз месяц, 20 сту­дзеня, споўніцца 11 гадоў. Хлопчык сур’ёзна захапляецца робататэхнікай, займаецца плаваннем і лёгкай атлетыкай. Здаровы лад жыцця, развіццё талентаў і здольнасцей дзяцей — сярод галоўных сямейных прыярытэтаў. Напрыклад, старэйшы сын паспяхова скончыў музычную школу па класе акардэона, наведваў футбольную секцыю, цяпер у юнака з’явілася новае спартыўнае захапленне — тэніс. Сябруюць са спортам і першакласнік Кірыл, і яго малодшыя брацікі Дзмітрый і Іван, цягнецца за старэйшымі і маленькі Уладзіслаў. Таму, напэўна, дзеці так узрадаваліся не толькі салодкім падарункам ад навагодніх казачных персанажаў (дарэчы, у Дзеда Мароза пераўвасобіўся начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях палкоўнік унутранай службы Алег Лапкоўскі, у Снягурку — педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Вашкевіч). Шчырую радасць у хлопчыкаў выклікала падораная гасцямі спартыўная сценка, а ў Максіма — канструктар па робататэхніцы. Па словах маці, калі навагоднія падарункі ў той жа вечар распакавалі і ўстанавілі, радасці было яшчэ больш: дзеці зразумелі, што Дзед Мароз уважліва слухае пажаданні сваіх маленькіх сяброў і стараецца дапамагчы ім спраўдзіць запаветныя мары.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.