Падручнік павінен адлюстроўваць асаблівасці мадэлі школы

З Ларысай Арцёмаўнай Ісачанкавай, вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам, мы знаёмы даволі даўно. Памятаю, як падчас першай нашай сустрэчы яна расказвала пра свой новы падручнік па фізіцы. Гэта было ў 2009 годзе.

Тады Ларыса Арцёмаўна мяне вельмі ўразіла сваім прафесіяналізмам і жаданнем зрабіць школьную фізіку прывабнай для вучняў. І ёй гэта ўдалося. Разам са сваімі аднадумцамі і паплечнікамі яна здолела зрабіць такі падручнік, па якім можна вучыцца самастойна. Пераканацца ў гэтым давялося на ўласным вопыце. Дачка ў 6 і 7 класах да ўрокаў фізікі рыхтавалася толькі па падручніку і самастойна. Я рада, што і далей фізіку яна будзе вывучаць па Ісачанкавай.

Сёння нагодай для сустрэчы стала перамога рукапісу Ларысы Арцёмаўны з яе суаўтарамі ў рэспубліканскім конкурсе па стварэнні вучэбных дапаможнікаў. Зразумела, нельга было не выкарыстаць нагоду, каб даведацца пра асаблівасці аўтарскай лабараторыі прызнанага майстра.

— Ларыса Арцёмаўна, хачу пачаць з віншаванняў. Вы сталі пераможцай конкурсу на лепшы падручнік па фізіцы. Я і шматлікія настаўнікі вельмі рады гэтаму.

— Дзякуй вялікі, але гэта не толькі мая перамога, а ўсяго нашага аўтарскага калектыву. Першы выпуск нашага вучэбнага дапаможніка для 7 класа быў у 1998 годзе. Статус падручніка ён атрымаў у 2009 годзе. Наступны выпуск падручніка “Фізіка-7” адбыўся ў 2013 годзе (пасля перамогі ў конкурсе школьных падручнікаў у 2012 годзе).

У 2016 годзе ў сувязі з абнаўленнем зместу адукацыйных праграм зноў быў аб’яўлены конкурс, праўда, у адрозненне ад 2012 года, прадстаўлялася не поўная версія падручніка, а толькі асобны раздзел. Напэўна, гэта правільна, бо так можна прыцягнуць да ўдзелу большую колькасць аўтараў (аўтарскіх калектываў). У гэтым годзе ў конкурсе падручнікаў фізікі ўдзельнічалі 4 аўтарскія калектывы.

— Вы не проста вопытны аўтар, вы прызнаны аўтарытэт. Вашы вучэбна-метадычныя комплексы па фізіцы з’яўляюцца аднымі з лепшых.

— Нашым аўтарскім калектывам створаны сучасны вучэбна-метадычны комплекс (ВМК), у які ўваходзяць: падручнік, кніга для настаўніка (паўрочныя метадычныя рэкамендацыі), зборнік задач, сшытак для лабараторных і эксперыментальных даследаванняў, рабочы сшытак, тэсты.

У рамках навуковай тэмы ў Нацыянальным інстытуце адукацыі распрацаваны і выдадзены кантрольна-вымяральныя матэрыялы, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, дыдактычныя матэрыялы для вучняў і метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў.

На III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД (2014 год) мы прадстаўлялі на агляд яго ўдзельнікаў — спецыялістаў адукацыі розных краін — вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы для 7 класа. ВМК атрымаў высокую ацэнку.


На сённяшні дзень нашым аўтарскім калектывам распрацаваны, выдадзены і выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе ў VII—IX класах 3 падручнікі па фізіцы, тры кнігі для настаўніка, 3 зборнікі задач па фізіцы. Гэта абавязковыя складнікі вучэбна-метадычнага комплексу.

Акрамя таго, ёсць сшыткі для лабараторных работ і эксперыментальных даследаванняў, рабочыя сшыткі, тэсты для бягучага кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў і іншыя вучэбныя выданні. За якасць выдадзенай прадукцыі мне не сорамна. Больш за тое, “Фізіка-7”, “Фізіка-8”, “Фізіка-9” маюць грыф падручніка.

— Хацелася б, каб вы спыніліся на працэсе стварэння падручніка і раскрылі вашы канцэптуальныя падыходы. Гэта магчыма?

— Канечне. Часта можна пачуць не вельмі добрую ацэнку нацыянальных падручнікаў і жаданне вярнуцца да тых падручнікаў, якія былі ў СССР. Але ні Расія, ні Беларусь, ні любая іншая краіна былога СССР не можа выкарыстоўваць старыя падручнікі, бо змянілася мадэль школы, а падручнік павінен адлюстроўваць асаблівасці гэтай мадэлі.

Змяніліся патрабаванні соцыуму да ўзроўню падрыхтоўкі выпускніка, да яго дзейнасных якасцей. Сучасныя адукацыйныя стандарты і адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі прапаноўваюць новую форму вымярэння вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў — кампетэнцыі.

Кампетэнтнасны падыход у адукацыйным працэсе прадугледжвае авалоданне вучнямі спосабамі самастойнага атрымання і засваення ведаў. Сучасны падручнік у сувязі з гэтым павінен мець дзейнасную, практыка-арыентаваную накіраванасць, мець даступную для ўсіх вучняў мову выкладання, утрымліваць дастатковы тэарэтычны і практычны матэрыял.

Наш аўтарскі калектыў прытрымліваецца такой структуры падручніка:

— панарамная старонка раздзела з інтрыгуючымі пытаннямі, адказаць на якія навучэнец зможа пасля вывучэння раздзела;

— кожны параграф пачынаецца з матывацыйна-стымулюючых уводзін;

— у канцы параграфа — галоўныя высновы па тэме параграфа, кантрольныя пытанні, адказы на якія і ёсць дыягностыка ступені разумення вывучанага матэрыялу.

Мэтай рубрыкі “Для дапытлівых” з’яўляецца развіццё цікавасці да фізікі, забеспячэнне допрофільнай падрыхтоўкі, каб у канцы 9 класа навучэнец быў гатовы да свядомага выбару свайго далейшага шляху.

У падручніку прадугледжаны практыкаванні, якія змяшчаюць набор задач практычнай накіраванасці і прыклады рашэння задач па тэме. Усё гэта дае вучням магчымасць самастойна авалодваць тэарэтычнымі і практычнымі ведамі па пэўнай тэме.

— Ларыса Арцёмаўна, заўсёды цікава пазнаёміцца з “кухняй” стварэння падручніка. Напрыклад, у вас гатовы рукапіс. Што з ім неабходна зрабіць, каму паказаць, з кім узгадніць, каб ён трапіў у выдавецтва і атрымаў шанс выйсці ў адукацыйны эфір?

— Першапачаткова рукапіс трапляе ў секцыю фізікі і астраноміі навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзе з ім грунтоўна знаёмяцца высокакваліфікаваныя спецыялісты (вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, педагогі ўстаноў вышэйшай адукацыі, лепшыя настаўнікі школ, ліцэяў, гімназій).

Хачу сказаць, што секцыя фізікі вельмі строгі, але справядлівы суддзя. Прызначаюцца рэцэнзенты. Пасля рэцэнзавання і дапрацоўкі, згодна з заўвагамі членаў секцыі і рэцэнзентаў, рукапіс разглядаецца на прэзідыуме і бюро навукова-метадычнага савета. Пры станоўчых рашэннях усіх інстанцый рукапіс выдаецца з грыфам “вучэбны дапаможнік”.


Далей з выдадзеным дапаможнікам на жнівеньскіх нарадах знаёмяцца настаўнікі фізікі. Аўтары атрымліваюць у свой адрас пытанні і рэкамендацыі настаўнікаў па паляпшэнні якасці вучэбнага дапаможніка.

Падручнікам гэты дапаможнік становіцца толькі пасля вельмі сур’ёзнай доследнай праверкі яго якасці. У доследнай праверцы задзейнічана вялікая колькасць устаноў адукацыі, настаўнікаў-практыкаў, бацькоў, вучняў. Пасля абмеркавання вынікаў праверкі і дапрацоўкі вучэбны дапаможнік пры наступным выданні можа атрымаць грыф падручніка. Падручнікі па фізіцы для 7, 8, 9 класаў маюць такі грыф.

Я, напэўна, расчаравала тых крытыкаў, якія лічаць, што падручнікі “пякуцца” ў лабараторыях універсітэтаў. Скажу больш: як толькі я пагадзілася па просьбе Міністэрства адукацыі стварыць нацыянальны падручнік па фізіцы, запрасіла ў суаўтары добрага настаўніка-практыка Ю.Д. Ляшчынскага. Акрамя таго, я пайшла ў сярэднюю школу выкладаць фізіку ў 7 класе, каб праверыць наш праект падручніка на канкрэтных вучнях у канкрэтным класе.

Аднак, безумоўна, над падручнікам трэба працаваць увесь час. Заўсёды ёсць тое, што можна палепшыць, змяніць, прыбраць, дапоўніць. Хачу выказаць словы падзякі Міністэрству адукацыі, кафедры агульнай фізікі БДУ, на якой я працавала, за скарачэнне майго аб’ёму гадавой вучэбнай нагрузкі на 50% . Гэта стварыла вельмі спрыяльныя ўмовы для падрыхтоўкі рукапісу. Цяпер па меры магчымасці такія ўмовы ствараюцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

— Сёння, калі мы гаворым пра стварэнне падручнікаў, то найперш адштурхоўваемся ад базавых, профільных класаў і адноснай завершанасці навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Думаю, што і вы пры стварэнні сваіх падручнікаў кіраваліся новымі арыенцірамі?

— Змест падручніка рэалізоўвае змест вучэбнага прадмета, што вызначаецца вучэбнай праграмай. Якасць вучэбнай праграмы вельмі важная, яе выкананне з дапамогай усіх складнікаў ВМК з’яўляецца гарантам падрыхтоўкі выпускніка, які адказвае запытам дзяржавы і грамадства. Пераход на профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце адноснай завершанасці зместу базавай адукацыі прывёў да неабходнасці абнаўлення зместу фізікі.

Адносная завершанасць базавай адукацыі зусім не азначае, што ў 7, 8 і 9 класах у падручніках трэба прадставіць змест ад механікі да квантавай фізікі. Мяркую, што навучэнцы гэтых класаў павінны засвоіць тыя веды, якія дадуць ім магчымасць быць у гармоніі з навакольным асяроддзем, паспяхова ажыццяўляць працоўную дзейнасць або паспяхова працягнуць далейшае адукацыю. Такія веды яны могуць атрымаць, вывучаючы фізіку на ўзроўні з’яў, якія даступны ім у адпаведнасці з псіхафізіялагічнымі магчымасцямі.

— Праблемным пытаннем пры вывучэнні фізікі з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Камп’ютар, планшэт, інтэрнэт — сябры ці ворагі навучэнца?

— Няма сумненняў, што шэраг галін, напрыклад, медыцыну, паліграфію, сувязь і іншыя, гэтыя тэхналогіі вывелі на кардынальна новы ўзровень. А што назіраем у адукацыі, асабліва ў адносінах да малодшага школьнага ўзросту? А ў фізіцы, дзе рэальны эксперымент замяняюць на віртуальны? І чаму супрацоўнікі такіх карпарацый, як Google, Apple, Yahoo, Hewlett-Packard, сваіх дзяцей аддаюць у звычайную школу, у якой няма нават камп’ютара?

Мне здаецца, ва ўсім павінна быць разумная дастатковасць. Там, дзе нельга паставіць рэальны дослед (у атамнай і ядзернай фізіцы), карысны будзе віртуальны эксперымент. Інтэрактыўныя мадэлі даюць магчымасць значна пашырыць умовы задач, разнастаіць спосабы праверкі ведаў вучняў, павысіць узровень самастойнасці пры выкананні заданняў, наладзіць эфектыўную сувязь з бацькамі і інш.

На маю думку, сучасны вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы павінен уключаць як складнік электронныя адукацыйныя рэсурсы.

— Ларыса Арцёмаўна, яшчэ хочацца спыніцца на афармленні падручнікаў. Дзеці любяць колер, вялікі шрыфт і шмат карцінак, але пакуль гэтага не хапае.

— Безумоўна, хацелася б, каб сучасны падручнік меў добры дызайн. Рука навучэнца абавязкова пацягнецца да кнігі, якая прываблівае ўвагу неардынарным, цікавым афармленнем як вокладкі, так і тэксту.

Як было б добра, калі б фармат кнігі павялічылі. Павялічаны фармат дазваляе зрабіць разварот кнігі адзіным цэлым (на ім можна размясціць матэрыял усяго параграфа).

У развароце павінна прысутнічаць “паветра”, а палі робяць візуальна тэкст старонкі больш свабодным. Вылучэнні ў тэксце лепш рабіць на каляровых плашках, а не проста дробным шрыфтам. У гэтым выпадку тэкст стане галоўным.

Бясспрэчна тое, што афармленне падручніка павінна прывабліваць навучэнцаў. Ён павінен быць не толькі зручным носьбітам інфармацыі, але і творам мастацтва.

— Абсалютна з вамі згодна. Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам і вашым паплечнікам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *