Падручнік з грыфам — гэта гарантыя якасці

- 10:43Вышэйшая школа, Рознае

Апошнім часам многа і сур’ёзна абмяркоўваюцца пытанні школьных падручнікаў. Але сістэма падрыхтоўкі вучэбнай літаратуры для вышэйшай школы нашмат больш складаная: мноства спецыяльнасцей і дысцыплін патрабуе вялікай разнастайнасці глыбока распрацаваных і якасных вучэбных кніг. Пра тое, як ідзе працэс падрыхтоўкі і выдання падручнікаў для ўстаноў вышэйшай адукацыі, нам расказала начальнік цэнтра вучэбнай кнігі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Наталля ЧАРНЯКОВА.

— Наталля Аляксееўна, школьныя падручнікі выдаюцца цэнтралізавана. Скажыце, а як арганізавана вучэбнае кнігавыданне ў вышэйшай школе?

— Сістэма вучэбнага кнігавыдання для ўстаноў вышэйшай адукацыі склалася пасля атрымання нашай краінай дзяржаўнага суверэнітэту, калі выявілася патрэба ў якасных нацыянальных падручніках і вучэбных дапаможніках. За мінулыя гады айчыннае вучэбнае кнігавыданне прайшло значны шлях развіцця, сфармаваліся ўласныя традыцыі, аўтарскія школы. І сёння гэта дастаткова развітая і стабільная сістэма.

Вучэбную літаратуру для студэнтаў выпускаюць выдавецкія цэнтры ўстаноў вышэйшай адукацыі і выдавецтвы розных форм уласнасці. Вядучым органам у сістэме вучэбнага кнігавыдання для вышэйшай школы з’яўляецца Цэнтр вучэбнай кнігі РІВШ. Галоўная мэта нашага цэнтра — забяспечыць установы адукацыі якаснымі падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі па ўсіх спецыяльнасцях і дысцыплінах вышэйшай школы. З гэтай мэтай падбіраюцца аўтары і аўтарскія калектывы; распрацоўваюцца перспектыўныя і бягучыя планы выданняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў; праводзяцца экспертызы і рэцэнзаванне рукапісаў падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, электронных вучэбных дапаможнікаў, з наступным афармленнем грыфаў Міністэрства адукацыі.

— Раскажыце, якую экспертызу праходзяць рукапісы, перш чым стаць падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі?

— У склад профільных секцый (іх 25) і прэзідыума Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі, які ўзначальвае першы намеснік міністра В.А.Богуш, уваходзяць вядучыя спецыялісты кафедр універсітэтаў і навуковых інстытутаў. Рэцэнзуюць аўтарскія арыгіналы, як правіла, прызнаныя аўтарытэты ў адпаведных галінах, дактары навук, прафесары і дацэнты, кафедры і індывідуальныя спецыялісты. Шматступеньчатая экспертыза рукапісаў мае на мэце максімальна аб’ектыўна ацаніць прадстаўлены тэкст, выявіць слабыя месцы ў ім, дапоўніць, падказаць аўтарам недахопы і пры гэтым пазбегнуць суб’ектыўных памылак пры ацэнцы якасці зместу.

Частку работы па экспертызе вучэбных выданняў для вышэйшай школы бяруць на сябе вучэбна-метадычныя аб’яднанні (ВМА) па напрамках адукацыі. Яны выдаюць так званыя “малыя” грыфы вучэбна-метадычных аб’яднанняў і могуць рэкамендаваць кнігу да выдання ў якасці “дапаможніка” або “вучэбна-метадычнага дапаможніка” па частцы курса, раздзеле, асобнай тэме, па факультатыўным курсе для адной або шэрагу спецыяльнасцей.

Грыф “падручнік” або “вучэбны дапаможнік” — гэта прэрагатыва Міністэрства адукацыі. Патрабаванні да іх больш высокія. І паколькі крыніц інфармацыі зараз мноства, падручнік з грыфам павінен застацца “трэндам”, маркай, гэта значыць гарантаваць якасць.

— Але наколькі апраўдана тое, што падручнікі і вучэбныя дапаможнікі павінны грыфавацца менавіта Міністэрствам адукацыі? Няўжо з гэтай задачай не справіліся б вучэбна-метадычныя аб’яднанні?

— Эфектыўнасць нашай сістэмы экспертызы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў з’яўляецца прадметам зайздрасці нашых суседзяў з былых саюзных рэспублік. У іх у сістэме вышэйшай адукацыі або ўвогуле адсутнічае адбор па крытэрыях якасці вучэбнай літаратуры, або гэтая функцыя мнагакратна перадавалася ад адных структур іншым.

Так, Міністэрства адукацыі і навукі Расіі пару гадоў назад цалкам адмовілася ад уласнага грыфавання (яно засталося толькі ў агульнай адукацыі). Падобныя задачы сталі выконваць розныя арганізацыі акадэмічнай супольнасці: ВМА, навукова-метадычныя саветы ўніверсітэцкіх аб’яднанняў, Федэральны інстытут развіцця адукацыі. Ідэя была добрай: даць навукоўцам і педагогам права самім вызначаць якасць вучэбных выданняў для вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыі. На жаль, на справе некаторыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні апынуліся няздольнымі да адэкватнай ацэнкі выданняў. Працэдура грыфавання ў іх зацягвалася або, наадварот, ператваралася ў лёгкую, але добра аплачаную фармальнасць. Крызіс стаў настолькі відавочным, што Міністэрства адукацыі і навукі Расіі распачало арганізацыю федэральных ВМА па ўзбуйненых групах спецыяльнасцей і напрамках падрыхтоўкі. Аднак у тыпавым палажэнні аб новых вучэбна-метадычных аб’яднаннях, зацверджаных загадам Міністэрствам адукацыі і навукі Расіі ў 2015 годзе, сярод напрамкаў іх дзейнасці рэцэнзаванне і грыфаванне вучэбных выданняў не згадваюцца.

Такім чынам, пытанне забеспячэння вучэбнага працэсу якаснымі выданнямі ў Расіі па-ранейшаму не вырашана. Вядома, вучэбныя кнігі выдаюцца. Але хто забяспечвае іх адпаведнасць дзяржаўным адукацыйным стандартам, вучэбным праграмам і планам, аптымальны аб’ём, актуальнасць і дакладнасць выкладзеных звестак, навуковасць метадалогіі, логіку выкладання і многае іншае? Толькі выдавец. Але ці ў стане выдавецкая арганізацыя, часта далёкая ад адукацыі, гэта забяспечыць? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.

— Ці значыць гэта, што падручнікі і вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі разыходзяцца сярод студэнтаў у першую чаргу?

— Сёння грыф па-ранейшаму цікавіць бібліятэкі, якія камплектуюць свае фонды вучэбнай літаратурай. Студэнты таксама давяраюць грыфаваным крыніцам. І хоць сёння яны ўсё часцей звяртаюцца да інтэрнэту, усё ж асноўнымі крыніцамі інфармацыі ў адукацыі застаюцца падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, якія адпавядаюць неабходным патрабаванням, прайшлі экспертызу і атрымалі грыфы Міністэрства адукацыі. Зваротная сувязь ад выкладчыкаў і студэнтаў пацвярджае: міністэрскім грыфам можна давяраць.

— Раскажыце, Наталля Аляксееўна, як шмат рукапісаў паступае ў ваш цэнтр на разгляд?

— Штогод да нас на разгляд паступае каля 300 аўтарскіх арыгіналаў па самай разнастайнай тэматыцы ўсяго спектра вучэбных дысцыплін для спецыяльнасцей вышэйшай школы. Большасць з іх рыхтуецца вядучымі спецыялістамі ўніверсітэтаў і рэкамендаваны да выдання профільнымі кафедрамі. Для іх грыфавання неабходна зрабіць каля 600 рэцэнзій і экспертных заключэнняў. Грыф атрымліваюць да 90% рукапісаў. Астатнія накіроўваюцца на істотную аўтарскую дапрацоўку або адхіляюцца па розных прычынах (дарэчы, перш чым рэкамендаваць рукапіс, установам адукацыі мэтазгодна праверыць тэкст у сістэме “Антыплагіят”). А далей ідзе работа з выдавецтвамі па размяшчэнні і метадычным суправаджэнні рукапісаў, якія атрымалі грыф. Наш цэнтр — некамерцыйная структура і не залежыць ад колькасці разгледжаных і рэкамендаваных кніг. Таму традыцыйна нашай галоўнай задачай застаецца якасць падручнікаў.

— Як выконваюцца заяўкі ўстаноў адукацыі на стварэнне вучэбных дапаможнікаў па тых курсах, па якіх вучэбнай літаратуры не хапае?

— Насамрэч такіх заявак практычна не бывае. Аўтары падручнікаў — самі ўніверсітэцкія выкладчыкі, і лепш за іншых ведаюць, якой літаратуры бракуе. У такіх выпадках яны або ствараюць аўтарскія калектывы, або пішуць самі. Агітаваць няма неабходнасці. Безумоўна, мы падказваем патэнцыяльным аўтарам, якая тэматыка была б найбольш запатрабаванай, а ў якой галіне выданняў дастаткова. Пры гэтым цяжка сказаць, колькі такіх падказак паспрыяла напісанню новых кніг, бо кансультацыі і асабістыя гутаркі нашых спецыялістаў з аўтарамі адбываюцца штодня.

Напрыклад, навукоўцы-эканамісты добра ведаюць кнігі па менеджменце загадчыка кафедры арганізацыі і кіравання Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта прафесара М.П.Бяляцкага. Неяк, абмяркоўваючы з ім перавыданне яго кнігі па асновах менеджменту, мы прыйшлі да высновы, што было б больш актуальна падрыхтаваць дапаможнік па тэхніках менеджменту, асабліва з выкарыстаннем замежнага вопыту. Ужо праз паўгода Мікалай Пятровіч прынёс новы дапаможнік “Інтэлектуальныя тэхнікі менеджменту”, падрыхтаваны сумесна з прафесарам Беластоцкага філіяла Варшаўскага ўніверсітэта А.І.Максімчуком. Зараз кніга праходзіць экспертызу.

— Дарэчы, як часта прапаноўваюцца рукапісы падручнікаў, напісаныя ў суаўтарстве з замежнымi калегамi?

— У апошнія гады даволі часта. Прывяду толькі некалькі свежых прыкладаў. Дапаможнік “Эканоміка замежных краін” пад рэдакцыяй С.М.Лебедзевай (рэктар Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі) і Ю.Г.Казака (прафесар Адэскага ўніверсітэта), у якім вялікая ўвага ўдзелена аналізу працэсаў глабалізацыі эканомікі, сусветных эканамічных крызісаў, грыф падручніка рэкамендуе яго студэнтам спецыяльнасці “Сусветная эканоміка”. Вучэбны дапаможнік “Неўралогія і нейрахірургія” падрыхтаваны сумесна прафесарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта А.С.Фядулавым і прафесарам Казахскага нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта А.С.Нургужаевым. Упершыню ў краіне з’явіўся вучэбны дапаможнік “Клінічная афтальмалогія жывёл” пад рэдакцыяй прафесара Э.І.Верамея, створаны сумеснымі намаганнямі спецыялістаў Санкт-Пецярбургскай і Віцебскай акадэмій ветэрынарнай медыцыны. Сумесны беларуска-расійскі аўтарскі калектыў падрыхтаваў і падручнік “Паталагічная анатомія жывёл” пад рэдакцыяй прафесара В.С.Пруднікава (Віцебская ветэрынарная акадэмія і Арлоўскі аграрны ўніверсітэт).

Інтэграцыя адукацыйных праграм і агульнасць творчых інтарэсаў зрабілі магчымым і стварэнне сумесным аўтарскім калектывам з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (А.А.Міхальчанка, Л.А.Ганчарова, Т.А.Уласюк, М.І.Шкурын, С.В.Сушко), Кіеўскага эканоміка-тэхналагічнага ўніверсітэта транспарту (М.У.Макаранка) і Далёкаўсходняга цэнтра трансферу тэхналогій у Хабараўску (П.А.Пегін) вучэбнага дапаможніка “Транспарт. Агульны курс”.

— Скажыце, Наталля Аляксееўна, ці ўваходзіць у юрысдыкцыю вашага цэнтра падрыхтоўка і стварэнне электронных вучэбных рэсурсаў?

— Сапраўды, сучасны вучэбны працэс у вышэйшай школе немагчымы без электронных вучэбных рэсурсаў. У новым фармаце сталі працаваць і стваральнікі падручнікаў. Даволі даўно пры падрыхтоўцы традыцыйнай папяровай кнігі рыхтуецца электронны дадатак да яе ў выглядзе дыска з запісанымі візуальнымі матэрыяламі, жывымі ілюстрацыямі, тэстамі, відэафільмамі, прэзентацыямі і г.д.

Ужо два гады мы прымаем на экспертызу і выдаём грыфы Міністэрства адукацыі электронным вучэбным дапаможнікам. Працэс грыфавання для іх некалькі даўжэйшы, бо патрабуецца яшчэ тэхнічная і дызайн-эрганамічная экспертыза майстар-дыска электроннага вучэбнага дапаможніка. Стваральнікі павінны таксама прадаставіць кіраўніцтва карыстальніка, прадугледзець усе пытанні тэхнічнага суправаджэння для карыстальнікаў, умовы прымянення і г.д. За два гады прайшлі экспертызу і атрымалі грыфы 15 электронных вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў. Яны размяшчаюцца на сайтах універсітэтаў у адкрытым доступе.

Трэба прызнацца, што стварэнне электронных вучэбных рэсурсаў, іх размяшчэнне і выкарыстанне спараджае мноства пытанняў, якія тычацца абароны аўтарскіх правоў стваральнікаў і іх матэрыяльнага ўзнагароджання. Па ацэнцы расійскіх экспертаў, толькі 10% электронных кніг на рускай мове прадаюцца легальна, астатнія 90% запампоўваюцца бясплатна. Але калі тавар не аплачваецца, хто будзе яго вырабляць? Такіх пытанняў больш, чым адказаў. І ўсё ж электронныя кнігі — ужо даўно рэальнасць. А ў будучыні, напэўна, прыйдзецца ствараць ужо не электронныя версіі кніг, а сістэмы навучання — інтэрактыўныя падручнікі. І адказы на пытанні, відавочна, знойдуцца.

Што да дзейнасці Цэнтра вучэбнай кнігі ў гэтай сферы, то ён выконвае найважнейшую функцыю, якая не страціла сваёй актуальнасці і ў лічбавым асяроддзі. Цэнтр з’яўляецца своеасаблівым фільтрам, рэкамендацыйным сэрвісам, які забяспечвае якасць інфармацыі вучэбнага кантэнту з прысвоеным грыфам.

— Наталля Аляксееўна дзякуй за інтэрв’ю.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.