Падтрымка будзе — было б жаданне

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Студэнты і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога на сустрэчы са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Генадзем Салаўём абмеркавалі развіццё вытворчай сферы Гомельшчыны, стварэнне высокатэхналагічных прадпрыемстваў, працаўладкаванне маладых спецыялістаў.

Генадзь Салавей падкрэс­ліў важнасць узаема­дзеяння адукацыі, навукі і вытворчай сферы, прамысловасці. Гэта заўсёды дае належны вынік, перакананы губернатар. Сярод прыяры­тэтаў — здаровая сям’я, эфектыўны менеджмент, нарошч­ванне экспарту.

— Развіццё рэгіёна немагчыма і без інавацыйнай дзейнасці, інвестыцыйнай, мадэрнізацыі і ўдасканалення прадпрыемстваў. Немалаважнымі застаюцца інвестыцыі ў інавацыйную дзейнасць, таму што без укаранення новых тэхналогій, распрацовак немагчыма эфектыўная мадэрнізацыя і ўдасканаленне прадпрыемстваў. У нас ёсць інавацыйны фонд, мы гатовы аказаць падтрымку перспектыўным праектам студэнтаў і выкладчыкаў. Так, за кошт гэтага фонду завяршаецца будаўніцтва тэхнапарка “Карал”. Важныя праекты рэалізуюцца ў металургіі, нафтаперапрацоўцы, дрэва­апрацоўцы, сельгасмашынабудаванні, энергетыцы, здабычы калійных угнаенняў. Новыя аб’екты з’яўляюцца ў сацыяльнай сферы, транспартнай інфраструктуры. Напрыклад, у абласным цэнтры плану­юць зрабіць больш як 30-кіламетровую веладарожку.

Падчас адкрытага дыялогу студэнты пыталіся пра перспектывы стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей у вобласці і развіццё пэўных прадпрыемстваў у рэгіёне. Студэнт 5 курса энергетычнага факультэта Алег Кныш цікавіўся, якія, па меркаванні губернатара, у рэгіёне топавыя прадпрыемствы, дзе будзе цікава працаваць маладым спецыялістам. Генадзь Салавей адзначыў: спецыялісты па многіх кірунках, па якіх рыхтуюць у ГДТУ, працуюць на вядучых прадпрыемствах рэгіёна. Гэта “Беларуснафта”, МНПЗ, Светлагорскі ЦКК, Гомельскі хімічны завод, “Гомсельмаш”, “Гомельшкло” і многія іншыя.

— Галоўнае, каб у маладых спецыялістаў было жаданне працаваць. Падтрымка бу­дзе, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Любой сферы патрэбны новыя кадры, калі спецыялісты зацікаўлены працаваць і дасягаць поспехаў. Было б жаданне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ.