Падвоены выпуск і 100-працэнтнае размеркаванне

- 12:38Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і рыдыёэлектронікі сёлета падвоены выпуск: навучанне завяршаюць студэнты, якія вучыліся па пяці- і чатырохгадовых праграмах падрыхтоўкі. Такім чынам, на рынак працы адначасова выходзіць удвая больш спецыялістаў, чым звычайна. Пры гэтым колішнія апасенні наконт іх забеспячэння першымі працоўнымі месцамі не апраўдаліся. Ужо сёння, за некалькі месяцаў да атрымання дыплома, размеркаваны 93% выпускнікоў. Мяркуецца, што да моманту выпуску маладыя спецыялісты будуць 100-працэнтна працаўладкаваны.

Такі вынік стаў магчымым дзякуючы шматгадовай плённай рабоце ўніверсітэта з заказчыкамі кадраў.

Пра асаблівасці такой работы нам расказаў начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення БДУІР Вячаслаў Леанідавіч СМІРНОЎ.

— Калі пачаць работу з заказчыкамі кадраў сёння, то першы плён гэта дасць толькі праз 5—7 гадоў, — тлумачыць Вячаслаў Леанідавіч. — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі пачынаў гэтую работу паўтара дзесяцігоддзя назад. Ужо тады мы разумелі, што падрыхтаваць высакакласных спецыялістаў без рэальнага сектара эканомікі практычна нерэальна. І не толькі з пункту гледжання прадастаўлення матэрыяльных рэсурсаў, якія забяспечваюць адукацыйны працэс, — істотнае значэнне маюць і інтэлектуальныя рэсурсы, сканцэнтраваныя ў вядучых айчынных і сусветных кампаніях.

Пачыналі са стварэння сумесных вучэбна-навукова-вытворчых лабараторый. Першая з іх з’явілася ў БДУІР пры падтрымцы Пріорбанка ў 2004 годзе. Сёння ва ўніверсітэце функцыянуе ўжо 39 такіх лабараторый і 6 адукацыйных цэнтраў на іх базе, створаных пры садзейнічанні вядучых айчынных і сусветных кампаній. Разумеючы, што рыхтуюць кадры для сябе, яны аснасцілі лабараторыі самым сучасным абсталяваннем, ліцэнзійным праграмным забеспячэннем і праводзяць іх пастаяннае абнаўленне. Такія кампаніі, як Siemens, Omron і іншыя, напэўна, ужо тройчы пераабсталявалі свае лабараторыі, пастаянна падтрымліваючы іх у актуальным стане.

— Толькі за апошнія 5 гадоў заказчыкі кадраў уклалі ў абсталяванне сумесных вучэбна-навукова-вытворчых лабараторый звыш 1,5 млн долараў, — гаворыць Вячаслаў Леанідавіч. — І гэта без уліку тых велізарных інтэлектуальных рэсурсаў, якія кампаніі ўкладваюць у развіццё ўніверсітэта. У створаных адукацыйных цэнтрах студэнтам прадастаўляецца магчымасць прайсці дадатковую падрыхтоўку з сертыфікацыяй для работы з абсталяваннем і тэхналогіямі вядучых сусветных кампаній (1С, SAP, IBM і інш.). Пасля паспяховага навучання студэнты атрымліваюць сертыфікаты, што даюць пераважнае права пры працаўладкаванні ў арганізацыях і фірмах, якія выкарыстоўваюць адпаведную прадукцыю, ва ўсім свеце. Дарэчы, летась такія сертыфікаты атрымалі каля 120 студэнтаў БДУІР.

В.Л.Смірноў прызнаецца, што, калі ўніверсітэт пачаў актыўна далучаць да падрыхтоўкі кадраў заказчыкаў, айчынныя прадпрыемствы ставіліся да гэтага без асаблівага энтузіязму. Але зараз кіраўнікі разумеюць: немагчыма атрымаць якаснага спецыяліста без удзелу ў яго падрыхтоўцы.

— Вядома, мы не можам адкрыць сумесныя лабараторыі па ўсіх напрамках падрыхтоўкі, — тлумачыць Вячаслаў Леанідавіч. — Калі ўзяць, напрыклад, спецыяльнасці, якія адносяцца да мікра- і нанаэлектронікі, то паставіць ва ўніверсітэце чыстыя пакоі практычна немагчыма, таму мы арганізавалі філіял кафедры на ААТ “Інтэграл”. І сёння ў нас 4 такія філіялы на трох вядучых прадпрыемствах, у тым ліку ў арганізацыях Парка высокіх тэхналогій. Навучанне там штогод праходзіць больш за тысячу студэнтаў (у мінулым годзе было праведзена 1800 гадзін заняткаў). Пры гэтым прадстаўнікі рэальнага сектара, акрамя планавых заняткаў, дадаткова на бязвыплатнай аснове правялі для студэнтаў больш як 90 семінараў і майстар-класаў.

Вялікую дапамогу аказваюць прадпрыемствы ў арганізацыі студэнцкіх практык. Сёння студэнты не проста наведваюцца на вытворчасць, а вырашаюць там канкрэтныя задачы.

— Штогод вытворчую практыку на прадпрыемствах праходзяць 4 тысячы нашых студэнтаў, — расказвае Вячаслаў Леанідавіч. — Прадпрыемствы гатовы расціць іх ужо з 3 курса, каб атрымаць такіх спецыялістаў, якія патрэбны менавіта ім. Адметна, што ў мінулым годзе 28% нашых студэнтаў праходзілі практыку на пасадах, якія аплачваліся. Яны прызначаліся на вакантныя пасады, працавалі ў калектыве, знаёміліся з прадпрыемствамі і выконвалі функцыянальныя абавязкі. Насамрэч гэта дарагога каштуе: пасля атрымання дыплома гэтыя маладыя людзі прыйдуць на першае працоўнае месца не навічкамі, а дасведчанымі спецыялістамі.

Адметна, што за апошнія 5 гадоў колькасць дыпломных праектаў, якія выконваюцца студэнтамі БДУІР па заказе рэальнага сектара эканомікі, узрасла ў 2,5 разу. Студэнцкія распрацоўкі ўкараняюцца і ў адукацыйны, і ў вытворчы працэс на прадпрыемствах.

— Уся згаданая работа пачынаецца з фарміравання вучэбна-праграмнай дакументацыі, — дзеліцца вопытам В.Л.Смірноў. — Наша вучэбна-метадычнае ўпраўленне пры распрацоўцы стандартаў трэцяга пакалення, якія пачалі выкарыстоўвацца з 2013 года для навучання па чатырохгадовых праграмах, прыцягнула да ўдзелу каля трохсот прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі. Натуральна, было вельмі шмат заўваг, якія мы актыўна абмяркоўвалі. І сёння, распрацоўваючы праграмы, мы абавязкова ўзгадняем іх з заказчыкамі кадраў — Міністэрствам прамысловасці, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Паркам высокіх тэхналогій і інш. Хачу заўважыць, што праграмы праходзяць далёка не з першага разу. Затое яны максімальна задавальняюць запыты заказчыкаў.

Нездарма ўсе выпускнікі БДУІР, пачынаючы з 2003 года, забяспечаны першым працоўным месцам. Быў перыяд, калі заяўкі арганізацый і ўстаноў адукацыі забяспечваліся толькі на 60%.

— Сёння ў нас больш як 50 базавых арганізацый, узаемадзеянне з якімі будуецца на аснове шэрага нарматыўных дакументаў, — расказвае Вячаслаў Леанідавіч. — Так, усе арганізацыі фарміруюць свае заяўкі на падрыхтоўку кадраў з перспектывай іх працаўладкавання на найбліжэйшыя 5 гадоў. Атрыманыя звесткі заносяцца ў інтэграваную інфармацыйную сістэму на платформе 1С. Гэта дазваляе нам улічыць усе заяўкі і на іх аснове фарміраваць лічбы прыёму па кожнай спецыяльнасці.

Такая работа прыносіць вельмі добры плён. У 2013 годзе БДУІР перайшоў на падрыхтоўку спецыялістаў па схеме 4+2 (4 гады на першай ступені і 2 — на другой), і сёлета ва ўніверсітэце адбудзецца падвоены выпуск спецыялістаў, якія вучыліся як па пяці-, так і па чатырохгадовых праграмах. Размеркаванню падлягаюць 1930 выпускнікоў.

— Магу сказаць, што на сёння размеркаваны 1789 чалавек (93% ад выпуску), — паведаміў Вячаслаў Леанідавіч, — прычым, амаль чвэрць з іх — у Парк высокіх тэхналогій. Яшчэ на пачатку навучальнага года запыты з боку ПВТ былі больш сціплымі, але, відаць, справы кампаній-рэзідэнтаў пайшлі на лад. Працэнт выпускнікоў, якія пойдуць працаваць у ПВТ, застаўся на ўзроўні мінулага года (24%), пры гэтым іх колькасць вырасла больш чым удвая (летась — 213, сёлета — 437).

БДУІР стараецца амалоджваць калектыў, таму 110 выпускнікоў размеркаваны ў падраздзяленні ўніверсітэта. Акрамя таго, многія пойдуць працаваць на ААТ “Інтэграл”, у РУП “Белтэлекам”, на Беларускую АЭС у Астраўцы і ў іншыя арганізацыі. Шэраг выпускнікоў мае намер ісці ў сілавыя структуры, але пацвярджэнне размеркавання яны атрымаюць толькі пасля праходжання пэўных мерапрыемстваў, такіх як медыцынская камісія, псіхалагічны адбор і г.д. Да чэрвеня яшчэ шмат часу, і ёсць нагода меркаваць, што ў БДУІР, як і ва ўсе папярэднія гады, будзе 100-працэнтнае размеркаванне.

— Гэта сістэмная работа, без якой дасягнуць такіх вынікаў было б немагчыма, — гаворыць В.Л.Смірноў. — Калі б заказчыкі кадраў не ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе і не ведалі нашых студэнтаў, то сёлета ў нас, верагодна, былі б праблемы. Рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура ў свой час, калі прыцягнуў работадаўцаў да агульнай справы падрыхтоўкі кадраў, зазірнуў у будучыню. Плён гэтага рашэння кіраўніка пацвярджаецца лічбамі. Заказ на нашых выпускнікоў сфарміраваны на 5 гадоў наперад. Мы ўжо сёння маем больш як 1,5 тысячы заявак на выпускнікоў 2022 года — гэта ў паўтара разу больш, чым наш бюджэтны набор. А ўсё таму, што ўніверсітэт актыўна працуе з рэальным сектарам эканомікі. Гэта дазваляе нам даволі аптымістычна глядзець у будучыню.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.