Падзякі прэзідэнта студэнтам і выкладчыкам

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Падзякі Прэзідэнта Беларусі за плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, развіццё творчых здольнасцей таленавітай моладзі, выдатныя поспехі ў вучобе, высокія паказчыкі ў навуковай і грамадскай дзейнасці аб’яўлены 22 работнікам сферы вышэйшай адукацыі, студэнтам і курсантам. Адпаведныя распараджэнні падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У ліку ўдастоеных Падзякі прэзідэнта — дацэнт кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Андрэева, загадчык кафедры іхтыялогіі і рыбаводства Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Мікалай Барулін, начальнік кафедры замежных моў Інстытута пагранічнай службы Беларусі Таццяна Перавалава, студэнтка 5 курса энергетычнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алена Богдан, студэнт 5 курса механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Павел Буйлянкоў, курсант 4 курса факультэта міліцыі Акадэміі МУС Беларусі Надзея Каспяровіч.