У магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1 праходзіла акцыя міласэрнасці “Падзяліся цяплом душы сваёй”. Арганізатарамі выступілі пярвічная арганізацыя БРСМ ліцэя і навучэнцы педагагічнага 10 “Б” класа (класны кіраўнік Таццяна Анатольеўна Падабед). У пятніцу юнакі і дзяўчаты з раніцы сустракалі дарослых і дзяцей і раздавалі кожнаму папяровае сэрцайка з надпісам “Рабі добрыя справы!”.
Усе людзі маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымцы і клопаце, кожнаму чалавеку важна ведаць, што ён камусьці патрэбен. Асабліва гэта важна для пажылых людзей.
Ліцэісты разам з педагогам-арганізатарам Аксанай Яўгенаўнай Міхневіч падрыхтавалі цікавы канцэрт, дзе гучала шмат песень мінулых гадоў. Ужо праз некалькі дзён, купіўшы салодкія пачастункі, навучэнцы і настаўнікі ліцэя адправіліся ў Расцянскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў — туды, дзе людзям неабходна наша ўвага. Пасля канцэрта з твараў бабуль і дзядуляў не сыходзілі ўсмешкі. На жаль, па стане здароўя не ўсе змаглі прысутнічаць на канцэрце, але для кожнага з іх мы зладзілі невялікі канцэрт у іх пакоях і разам праспявалі самыя любімыя песні.
Немагчыма застацца абыякавым да гэтых людзей і забыць іх добрыя вочы, кранальныя пажаданні, шчаслівыя ўсмешкі і слёзы радасці. Кожны з нас павінен памятаць, што ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе і ўвазе. Ніхто не ведае, у якой сітуацыі мы можам апынуцца самі. Нельга забываць сваіх бабуль і дзядуляў, трэба дарыць ім цяпло, бо для іх гэта галоўнае ў жыцці!
Мы вельмі рады, што змаглі падзяліцца часцінкай свайго настрою і падарыць жыхарам дома-інтэрната адчуванне, што яны не адны. Мы вырашылі, што абавязкова наведаем іх яшчэ!
Хрысціна ПАДРАБІННІКАВА,
вучаніца 11 класа магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.