У гімназіі № 42 Мінска лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж.І.Алфёрава няма пачатковай школы, але нашы старшакласнікі традыцыйна ездзяць віншаваць са святамі дзяцей пачатковай школы. У нас наладжана супрацоўніцтва з санаторным дзіцячым садам — пачатковай школай № 270 Мінска, дзе навучаюцца дзеці са слабым здароўем. Гімназісты з радасцю бяруць удзел у ранішніках, прысвячэнні ў першакласнікі.
Выпускнікі гімназіі вырастаюць, але пры сустрэчах успамінаюць пачуцці, якія ўзнікалі ў моманты сустрэчы з дзецьмі. Ніхто не рыхтаваў прамоў, але словы, сказаныя ў адрас дзяцей, былі шчырыя і цёплыя. Ніхто не застаўся без увагі.
У гэтым годзе да навагодніх святаў гімназія пачала рыхтавацца загадзя. Падключыліся і бацькі. На працягу двух тыдняў гімназісты ўдзельнічалі ў каляднай акцыі “Дзеці — дзецям” для непаўналетніх з дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў, праведзенай цэнтрам дадатковай адукацыі “Кантакт”. Мы сабралі падарункі для выхаванцаў. Таксама гімназісты наведалі МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і падарылі выхаванцам наборы для творчасці, канцтавары, паўдзельнічалі ў сумесным майстар-класе з дзецьмі з асаблівасцямі.
Акцыя “Падзяліся цяплом сваёй душы” была прысвечана дзіцячаму дому сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца пяць дзяцей ад 5 да 16 гадоў. Тут прыйшлі на дапамогу бацькі, якія падарылі сертыфікаты ў ГУМ, неабходнае адзенне. З радасцю і ўвагай сабралі падарунак для незнаёмага дзіцяці і прынялі ўдзел у акцыі “Светлы анёл Раства”.
У такія дні не трэба тлумачыць значнасць нашай увагі, дзеці самі выступаюць з ініцыятывай, з цікавасцю наведваюць выхаванцаў, якія жывуць не так, як звычайныя дзеці. Яны адкрываюць новыя грані сваёй душы, адчуваюць, што здольны дарыць цяпло.
Настасся РУДЗЕНЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
Святлана ХРОМАВА,
педагог-арганізатар гімназіі № 42 Мінска лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж.І.Алфёрава.