Паэтычныя шпаргалкі для этнографаў

- 12:07Выхаваўчая прастора

Сярэдняя школа № 9 Оршы — вядомая ў горадзе і ў Віцебскай вобласці сваімі вучнямі, захопленымі роднай мовай. Яны вучацца ў розных класах, маюць свае інтарэсы і таленты, але аб’ядноўвае іх тое, што іх вучыць Наталля Анатольеўна Міхновіч. Дзякуючы ёй, дзеці сапраўды ўлюбёныя ў родную мову і з задавальненнем наведваюць яе заняткі. І як вынік, не толькі перамогі ў шматлікіх конкурсах і алімпіядах, але і тое, што многія з іх становяцца паэтамі. Праца ж настаўніцы нядаўна была высока ацэнена выдавецтвам “АВЕРСЭВ”: зборнік яе напрацовак стаў лепшым на дыстанцыйным конкурсе педагагічных ідэй і майстэрства.

Адукацыя ад дашкольнай да школьнай

Пра тое, што будзе настаўніцай, Наталля Анатольеўна ведала яшчэ з маленства, а як пачала вучыцца ў школе, вызначылася, што будзе выкладаць беларускую мову. У сваёй школе мову і літаратуру яна выкладае ўжо больш за 30 гадоў, пачынаючы, дарэчы, ужо з 1 курса інстытута.
І гэтаму ёсць тлумачэнне. Хоць яе бацькі былі медыкамі, яны не чакалі, што дачка працягне дынастыю, і ведалі, што яна абярэ настаўніцтва. Чытаць у сям’і вельмі любілі. Бацьку дзяўчынка страціла ў 5 гадоў, але ў спадчыну ён пакінуў дачцэ вельмі багатую бібліятэку. Многія кнігі датуюцца XVIII—XIX стагоддзямі, сярод якіх “Біблія”, чытанка па стараславянскай мове, мноства жаночых часопісаў. А збору беларускай літаратуры, якая ў сям’і карысталася асаблівай пашанай, пазайздросціць і сёння любая бібліятэка. Многія кнігі ёсць у некалькіх варыянтах. Колькі было перавыданняў, скажам, І.Шамякіна ці У.Караткевіча, столькі варыянтаў і месцяцца на паліцах. Шмат і іх перакладаў. Маленькую Наталлю ўжо ў 5 гадоў было не выманіць з дамашняй бібліятэкі: зачытвалася яна і кнігамі для дзяцей, і сур’ёзнай класічнай літаратурай. Нездарма ў 6 гадоў здала экстэрнам экзамены за першую чвэрць 1 класа і была залічана ў школу, хоць у тыя часы да 7 гадоў дзяцей увогуле не бралі ў школу. І сёння Наталля Анатольеўна не парушае традыцыі пачытаць што-небудзь з забытага або свежанькі твор сучаснага аўтара. Пачытаць штовечар гадзінку-другую для яе такая ж звычайная справа, як для большасці паглядзець тэлевізар.

Са слоўнікам верш не напішаш

Адметна тое, што такая традыцыя з’явілася і ў многіх вучняў Наталлі Анатольеўны. Хоць, прызнаецца настаўніца, захапіць вучняў беларускай мовай і літаратурай сёння задача адна з самых складаных. Менавіта над гэтым настаўніца працуе з першага працоўнага дня.
“Мы, разглядваючы афішы, звычайна беспамылкова можам вызначыць, ці спадабаецца нам выступленне артыстаў: у гэтага “артыста” аднолькавыя жарты, гэты спявак выконвае старыя песні, а ў гэтага заўсёды новая цікавая праграма. Тое ж і з урокам, — тлумачыць свой погляд Наталля Анатольеўна. — Кожны з іх павінен быць неардынарным, а не “адгарнулі, запісалі, прачыталі”. Мы, настаўнікі, павінны зрабіць так, каб дзеці хацелі прыйсці да нас, прачытаўшы “афішу” ў сваім раскладзе”.
І да гэтай настаўніцы дзеці ідуць. І на яе ўрокі, і на ўсе мерапрыемствы пасля іх, і на аб’яднанні па інтарэсах, якімі яна кіруе, і проста так, без усялякай нагоды. Хоць Наталля Анатольеўна выкладае беларускую мову ў 5—8 класах, да яе ходзяць і малодшыя дзеці, асабліва шмат іх у паэтычным і этнаграфічным гуртках.
Кажуць, ведаць мову — значыць думаць на ёй. І найлепшы доказ таго, што яе вучні думаюць па-беларуску, — іх паэтычная творчасць. Наталля Анатольеўна сама са школьнай парты не развітваецца з нататнікам, у які запісвае свае вершы. Гэтую яе звычку перанялі ўжо дзясяткі яе вучняў. Толькі цяпер у школе вучацца 12 школьных паэтаў. Некаторыя выдалі свае зборнікі, многія з іх станавіліся пераможцамі паэтычных рэспубліканскіх конкурсаў, былі і лаўрэаты міжнародных паэтычных конкурсаў, многія друкуюцца ў газетах, часопісах.
А пачынаецца гэтае іх паэтычнае захапленне яшчэ ў 5 класе. Настаўніца распрацавала 70 дадатковых урокаў па літаратуры, і ў кожным з іх абавязкова ёсць “Хвілінка творчасці”. Дзеці набіваюць руку, заканчваючы рыфмай прапанаваныя радкі. Часам да іх падключаюцца бацькі і атрымліваюцца сямейныя вершы.
“Каб пісаць вершы, трэба мець багаты слоўнікавы запас, ведаць мову на такім узроўні, каб вольна клаліся ў радок словы, каб не прыходзілася ўспамінаць беларускі адпаведнік, — разважае адна з васьмікласніц Вольга Яскевіч. — Са слоўнікам верш не напішаш. Таму, безумоўна, пачынаць трэба з вывучэння самой мовы”.
“У многіх маіх знаёмых нават беларускую мову настаўнікі вядуць па-руску, што асабліва недарэчна, — падтрымлівае сяброўку Кацярына Гулідзіна. — А потым настаўнікі скардзяцца, што мы англійскую мову ведаем лепш. Дарэчы, наконт англійскай: нездарма кажуць, каб вывучыць мову, дастаткова пажыць у асяроддзі носьбітаў. Гэта будзе куды больш эфектыўна, чым вывучаць гадамі арфаграфію і лексіку. Гэтак жа і з беларускай мовай: у школах многія за тыдзень яе чуюць усяго толькі 45 хвілін; большасць мерапрыемстваў праводзіцца ў школах на рускай мове, на беларускай хіба толькі тэматычныя, скажам, падчас Тыдня беларускай мовы; дома ўвогуле ніхто не пачуе беларускага слова”.

Ад лілеі да балеі: вучымся гуляючы

“Мяне радуе, што апошнім часам вывучэнне роднай мовы, спадчыны набывае новы подых, — гаворыць Наталля Анатольеўна. — Ва ўсялякім разе, краязнаўчыя праекты набываюць актуальнасць, знаходзяць сваіх слухачоў моўныя курсы. Мы ж з дзецьмі вывучаем спадчыну ўжо даўно, у прыватнасці, складаем зборнікі “Невядомыя старонкі Аршаншчыны”, пішам летапісы забытых вёсак. Літаратурную творчасць вядомых нашых пісьменнікаў вывучаем на вечарынах сумесна з імі. Напрыклад, нядаўна на вечарыне былі паэты Яўгенія Казлова і Рыгор Пралеска. Вывучаем рэгіянальны фальклор, праводзім сумесныя святочныя абрады з дзіцячымі садкамі горада. Вывучаем мастацкую творчасць нашых суайчыннікаў: нядаўна завяршылі цыкл работ па вывучэнні творчасці разьбяроў па дрэве.
Безумоўна, многія з гэтых работ адзначаюцца на розных узроўнях — ад гарадскога да рэспубліканскага, што надае іх захапленню больш значнасці”.
А для таго каб мова хутчэй стала здабыткам вучняў, Наталля Анатольеўна назапасіла багаты збор уласных распрацовак да самых розных заняткаў. Нядаўна частку з іх яна аб’яднала ў зборнік і прапанавала на дыстанцыйны конкурс педагагічных ідэй і майстэрства, які праводзіла выдавецтва “Аверсэв” пры інфармацыйна-метадычнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі. У ім прынялі ўдзел 1700 педагогаў, і яе работа стала лепшай сярод іншых матэрыялаў выхаваўчай накіраванасці. Гэта 400 старонак займальных заняткаў, гульняў, галаваломак, рэбусаў, краязнаўчых віктарын, адмысловых аўтарскіх слоўнікаў і шмат чаго іншага, што і робіць любыя заняткі цікавымі і неардынарнымі.
Большасць матэрыялаў прыдумана для таго, каб спрасціць навучанне. Напрыклад, для вучняў пачатковай школы настаўніца склала беларускі алфавіт у вершах, які дзеці з задавальненнем вывучаюць падчас гульні “Літар дружная сям’я”. Назвы кветак яны запамінаюць таксама ў вершах: мацярдушка і мятлушка, і лілеі, кветкі браткі — кожнай кветцы, якую толькі можна сустрэць летам, настаўніца прысвяціла верш. “Мовазнаўчае лато” прыдумана было для таго, каб вучні сярэдняга звяна, урэшце, перасталі блытаць род назоўнікаў, якія адрозніваюцца ад рускіх адпаведнікаў. Дапамагчы правільна сумясціць карткі з назоўнікамі і іх родам дапамагаюць чатырохрадкоўі.
“Дзеці пастаянна блытаюць род такіх слоў, як табака, цень, шаль, стэп, лебедзь, дроб, — гаворыць настаўніца. — Таму я склала просценькія вершыкі кшталту “На ўзгорку ля барака пасадзіў наш дзед табаку. Яна хутка ўзышла і імгненна ў рост пайшла” ці “Непрыкметны доўгі цень дакучае ўвесь дзень: то снуе за мной, то мчыцца — відаць, знікнуць ён баіцца”. Так яны запамінаюцца лягчэй, чым правілы ў падручніку. Я пастаралася ахапіць усе словы, з якімі найчасцей бываюць цяжкасці”.
У ілюстраваны тлумачальны слоўнік настаўніца разам са сваімі вучнямі сабрала ўсе вядомыя назвы посуду, ганчарных і бандарных вырабаў: варэнька, кадаўб, імбрык, жлукта, браціна, балея — многія гэтыя прадметы зніклі, зніклі і іх назвы, але, па меркаванні настаўніцы, у дзяцей павінна заставацца ўяўленне пра багацце гэтай спадчыны. Аўтары даюць падрабязнае апісанне больш як сарака старажытных назваў посуду, іх фотаздымкі і апісанне, сотні назваў элементаў адзення, абутку, галаўных убораў, аксесуараў. Шырока прадстаўлены разнастайныя прылады працы: ні ў адным параграфе па гісторыі няма і слова пра старажытныя беларускія капылы, якімі капалі глебу, ці віркі, якімі змотвалі пражу ў клубок. Акарына, басэтля, катрынка, цытра — многія нават не ведаюць, што на ўсіх гэтых інструментах ігралі нашы продкі, а вучні Наталлі Анатольеўны да дробязей іх апісваюць і лёгка пазнаюць на малюнках. Большасць фотаздымкаў са слоўніка, іх назваў і апісанняў няма нават у інтэрнэце, да якога мы часта звяртаемся з запытамі як да апошняй інстанцыі, але захаваліся яны ў старых кнігах.
Так, скласці такі слоўнік — гэта не адзін тыдзень карпатлівай працы, але, як гаворыць навучэнка Іна Лугаўцова, цяпер лёгка можна паспаборнічаць у дасведчанасці з любым этнографам, не кажучы ўжо пра пэўную перавагу на алімпіядах, для якіх заданні па этнаграфіі традыцыйныя. Іна, дарэчы, ужо 5 гадоў запар (пачынаючы з 4 класа) пераможца гарадскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры. У наступным годзе яна і яе аднакласнікі змогуць ужо прымаць удзел у абласных алімпіядах, у якія традыцыйна ўключаецца тлумачэнне старадаўніх тэрмінаў.
Цікавы матэрыял, па задумцы настаўніцы, можна замацоўваць і падчас гульняў. Для зручнасці большасць з іх зроблена ў электронным выглядзе. Напрыклад, адна з іх — “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаная творчасці Уладзіміра Караткевіча, — своеасаблівы лікбез па этнаграфічнай граматнасці. Ёсць электронная гульня, прысвечаная этнаграфіі Аршаншчыны. Такую гульнявую форму можна выкарыстоўваць і на занятках, і падчас падрыхтоўкі да алімпіяд, і пры падрыхтоўцы віктарын ці проста для таго, каб праверыць сваю дасведчанасць.
“На ўроках мовы ты не паспяваеш даведацца пра ўсё, што хочацца, — гаворыць Іна. — Я, напрыклад, дадаткова займаюся тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны, бо мне гэта цікава. Чамусьці лічаць, што алімпіяды, конкурсы карысныя для тых, каму гэта спатрэбіцца пры паступленні, маўляў, для іх гэта лішні плюсік. Для мяне ж перамога — спосаб самаўдасканалення. І прафесія не мае значэння: кім бы я ні стала, мне хочацца ведаць мову не для працы, а для сябе. Гэта асабістае — наша мова, гісторыя, і недарэчна, калі мы гэтага не ведаем”.
Ад наведвання ўрокаў Наталлі Анатольеўны не толькі дзеці, але і яе калегі, кіраўніцтва школы заўсёды атрымліваюць асалоду. Яе творчы падыход да выкладання беларускай мовы і літаратуры, напаўненне пазакласных мерапрыемстваў высока ацэнены яе калегамі і на раённым узроўні. Цяпер яе запрашаюць праводзіць творчыя майстар-класы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры раёна. А ў тым, што ў Наталлі Анатольеўны сапраўды ёсць чаму павучыцца, сумненняў няма.

Святлана НІКІФАРАВА.