Сацыяльная работа і сацыяльная педагогіка — спецыяльнасці, якія патрабуюць не толькі прафесійных ведаў, але і гатоўнасці ў любы момант прыйсці на дапамогу, асаблівай іскрынкі ў характары. Калі такая іскрынка адсутнічае, то наўрад ці з дзяўчыны або юнака атрымаецца прафесіянал.
Дзе і як адшукаць маладых людзей, прыдатных да такой работы, як сарыентаваць абітурыентаў? Адзін з магчымых шляхоў — сустрэчы студэнтаў з сённяшнімі школьнікамі, непасрэдныя зносіны ў школах, гімназіях, іншых навучальных установах. Такія сустрэчы, напрыклад, практыкуюцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, у прыватнасці на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій.
Круглы год
Мне як журналісту не раз даводзілася размаўляць са спецыялістамі па прафарыентацыйнай рабоце, і кожны з іх адзначаў, што такая работа мае доўгатэрміновы ўстойлівы эфект толькі ў тым выпадку, калі яна праводзіцца бесперапынна, сістэмна, а не пачынаецца за некалькі месяцаў да ўступнай кампаніі. На факультэце, які рыхтуе будучых сацыяльных педагогаў і іншых спецыялістаў па гэтым кірунку, студэнты займаюцца прафарыентацыйнай дзейнасцю, напрыклад, у час практычнай падрыхтоўкі ў розных тыпах устаноў (заўважу, што яшчэ з 2006 года практыкі тут праводзяцца ўжо з 1 курса). Падчас сустрэч з падлеткамі студэнты, блізкія па ўзросце да старшакласнікаў, расказваюць аб важнасці работы педагогаў, сацыяльна-педагагічнай дзейнасці, аб разнастайным і насычаным студэнцкім жыцці ў БДПУ, даступна адказваюць нават на самыя нечаканыя пытанні. Па выніках сустрэчы кожны студэнт рыхтуе фотасправаздачу.
Акрамя студэнтаў, удзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах прымаюць і выкладчыкі факультэта: кожны з іх ва ўстановах краіны праводзіць па 3—4 сустрэчы з моладдзю ў год. Так, у маі — чэрвені мінулага года падобныя сустрэчы праводзілі ўсе факультэты БДПУ ў населеных пунктах, што знаходзяцца на адлегласці 100 кіламетраў ад Мінска. Тады прадстаўнікам факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій пашчасціла наведаць Маладзечна і Маладзечанскі раён.
Прафарыентацыйныя мерапрыемствы выкладчыкі і студэнты, акрамя ўсяго, праводзяць і ў медыцынскіх каледжах Не здзіўляйцеся: на факультэце ўжо каторы год здзяйсняецца набор на скарочаны тэрмін навучання выпускнікоў гэтых навучальных устаноў для падрыхтоўкі спецыялістаў па сацыяльнай рабоце. Неабходнасць у падрыхтоўцы такіх спецыялістаў з медыка-педагагічнай адукацыяй адчуваюць сацыяльна-педагагічныя і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Яшчэ адзін кірунак прафарыентацыйнай работы на факультэце — дзейнасць групы выпускнікоў у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Такая інтэрактыўная работа дазваляе выйсці на старшакласнікаў і людзей з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй не толькі ў Мінску і яго наваколлі, але і ў любым рэгіёне Беларусі. У час масавай зацікаўленасці моладзі сацыяльнымі сеткамі падобны падыход да прафарыентацыйнай работы, канечне ж, цалкам апраўданы і, спадзяюся, дзейсны.
— Я упэўнены ў эфектыўнасці нашай прафарыентацыйнай работы, — кажа дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Аляксандр Валер’евіч Касовіч. — Зразумела, мы заўсёды адкрыта гаворым не толькі пра пазітыўныя моманты нашай прафесіі, але і пра пэўныя цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца выпускнікам. Такія адкрытыя размовы вядуцца не дзеля таго, каб напалохаць, а дзеля таго, каб правільна сарыентаваць маладых людзей. Выбар прафесіі — важны і адказны крок у жыцці кожнага чалавека, паколькі актыўная прафесійная дзейнасць займае прыкладна палову жыцця і ўплывае на асабістыя якасці чалавека, адносіны з іншымі людзьмі, навакольным светам. За тры апошнія гады, прынамсі, я не ўзгадніў ні адной заявы ад першакурснікаў аб адлічэнні з універсітэта па ўласным жаданні. Тут, канечне, адыграла ролю і павышэнне парогавага значэння балаў для абітурыентаў. А тое, што чалавек, правучыўшыся пэўны час на факультэце, вырашае змяніць спецыяльнасць, я не лічу негатыўнай з’явай: лепш своечасова пераарыентавацца, чым вучыцца сцяўшы зубы, а потым пакутаваць, займаючыся не сваёй справай.
Што да тых выпускнікоў, якія пасля двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні пакідаюць школы, то Аляксандр Валер’евіч, размаўляючы з некаторымі з іх, пераканаўся: асноўныя прычыны, якія прымушаюць іх пакідаць работу па спецыяльнасці, — адносна невысокі ўзровень заробку, псіхалагічнае напружанне, якога патрабуе работа, неапраўдана вялікі дакументаабарот, прафесійнае выгаранне.
На шчасце, цяжкасці адпужваюць не ўсіх. Ёсць сярод сацыяльных педагогаў, у тым ліку маладых, сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, як, напрыклад, Марына Станіславаўна Мястоўская, сацыяльны педагог сярэдняй школы № 76 сталіцы, лаўрэат гарадскога конкурсу сацыяльных педагогаў, выпускніца факультэта. Такія педагогі, як мне здаецца, падзяляюць погляд на сваю прафесію, які сфармулявалі члены валанцёрскага атрада “Філантроп”, што дзейнічае пры факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій: “Прафесіі сацыяльнага педагога і спецыяліста па сацыяльнай рабоце нярэдка асацыіруюцца з міласэрнасцю, спагадай, чалавекалюбствам… А ці могуць гэтыя якасці ў поўнай меры дапамагчы стаць прафесіяналам? Жалю і спагады не чакаюць ад нас дзеці, якія засталіся без сям’і, людзі без прытулку. Такія спецыялісты павінны ўмець дапамагаць, быць здольнымі навучыць чалавека самадапамозе, усяліць у яго веру ў сябе, свае сілы і магчымасці, веру ў жыццё”.
На факультэце рыхтуюць спецыялістаў у галіне сацыяльна-педагагічнай дзейнасці. Але, як лічаць выкладчыкі, неабходнасць пашырэння кірункаў прафесійнай падрыхтоўкі за кошт адкрыцця дадатковай спецыяльнасці ці спецыялізацый дыктуе само жыцце.
— Мы бачым, што гэта могуць быць, напрыклад, дадатковыя кваліфікацыі “спецыяліст па рабоце з сям’ёй”, “спецыяліст па рабоце з моладдзю”, “спецыяліст па выхаваўчай рабоце”, “сацыяльны педагог, педагог-псіхолог” і г.д., — заўважае дэкан факультэта.
Сёлета — Асіповічы
Візітнай карткай БДПУ сталі зорныя паходы па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, падчас якіх студэнты знаёмяцца з рознымі куткамі нашай Радзімы, сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, выступаюць з лекцыямі і канцэртнымі праграмамі перад школьнікамі. Надзвычай важным складнікам паходаў з’яўляецца і прафарыентацыйная работа — яна абавязкова праводзіцца падчас кожнага з іх. У мінулыя гады прадстаўнікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій разгортвалі яе ў Лідскім, Ашмянскім, Браслаўскім, Мядзельскім, Нясвіжскім раёнах, Жодзіне, Міры. Сёлета атрад наведаўся ў Асіповіцкі раён, дзе, дарэчы, прадстаўнікі факультэта СПТ бывалі і раней — у 2007 годзе.
У студзені ў зводным атрадзе “Маладая гвардыя” гістарычнага факультэта і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій было 26 удзельнікаў — студэнтаў і выкладчыкаў. Адна з удзельніц — першакурсніца факультэта СПТ Лізавета Бурлай — стала “зорнікам” дзякуючы перамозе ў творчым конкурсе сярод першакурснікаў. Ды і іншыя студэнты атрымалі пуцёўкі ў такія атрады не за прыгожыя вочы, а за паспяховую вучобу і актыўную грамадскую дзейнасць.
Здараецца, атрады складваюцца інтэрнацыянальныя Вось і сёлета ў складзе “Маладой гвардыі”, акрамя беларусаў, быў студэнт БДПУ з Туркменістана, дзве студэнткі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта і тры навучэнцы Казахскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта.
У атрада была багатая на сустрэчы праграма — хлопцы і дзяўчаты наведалі маладзёжна-падлеткавы цэнтр “Равеснік”, сярэднія школы №№ 1, 2, 3 райцэнтра, гарадскую гімназію і дзіцячы сад — сярэднюю школу ў вёсцы Дараганава. Студэнты праводзілі псіхалагічныя трэнінгі і майстар-класы для школьнікаў у мясцовых навучальных установах. Іх тэмамі былі здароўезберагальныя тэхналогіі, прафілактыка дэвіянтных паводзін, курэння, злоўжывання наркотыкамі, прававое выхаванне. Прайшлі і гістарычныя віктарыны.
Што да прафарыентацыі, то, як гаворыць дэкан факультэта, “зорнікам” было з чым прыйсці да абітурыентаў. Гэта былі змястоўны відэафільм пра ўніверсітэт, спецыяльны нумар газеты “Настаўнік”, зборнік лепшых сачыненняў і відэаролікаў вучняў краіны, прысвечаных педагагічнай прафесіі, найноўшая вучэбная і метадычная літаратура, падрыхтаваная выкладчыкамі БДПУ, рэкламныя буклеты.
Наведаў раён і рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Іванавіч Жук. Выступаючы перад старшакласнікамі, рэктар адзначыў асаблівую ролю педагога і педагагічнай прафесіі ў жыцці грамадства і дзяржавы, расказаў пра традыцыі і сучасныя інавацыі навучання ў БДПУ, пра актыўнае і насычанае жыццё студэнтаў, выказаў надзею, што і старшакласнікі Асіповіцкага раёна, якія думаюць пра сваю будучыню, таксама звяжуць далейшы лёс з педагагічнай прафесіяй.
— Такія сустрэчы — найлепшая магчымасць данесці да абітурыентаў важнасць педагагічнай прафесіі, падкрэсліць перавагі падрыхтоўкі ў нашай установе, — заўважае А.В.Касовіч. — І раёны нас чакаюць. Сам быў сведкам, як ва ўніверсітэт тэлефанавалі прадстаўнікі раёнаў, у якіх мы бывалі раней, і шкадавалі, што атрады ўніверсітэта не наведаюць іх зноў сёлета.
Падчас 50-га, юбілейнага, Зорнага паходу, дарэчы, была ўвасоблена ідэя выбару лепшага зорнага атрада шляхам анлайн-галасавання праз сацыяльную сетку “УКантакце”, па выніках якога зорны атрад “Маладая гвардыя” заняў 2 месца.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.