Паказчык адказнасці перад грамадствам і ўласнай сталасці

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Колькасць моладзі сярод кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў у Мінску і абласных цэнтрах расце. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына перад пачаткам “Адкрытага дыялогу” ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

“Колькасць кандыдатаў ад моладзі зусім розная. Калі гаварыць пра Мінск, то на гэтых выбарах моладзі шмат. Калі ўзяць абласныя цэнтры, то там таксама нямала. Калі сельская мясцовасць, то ў ёй, на жаль, моладзі зусім няшмат. У агульных працэнтных суадносінах колькасць маладых кандыдатаў зніжаецца. Але давайце не будзем забываць, што больш як 13 тысяч — кандыдаты ў дэпутаты сельскіх Саветаў. Яны і даюць невысокі працэнт удзелу моладзі ў выбарах. Хоць, на самай справе, калі гаварыць пра буйныя гарады, то тут працэнт удзелу моладзі расце”, — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Яна падкрэсліла важнасць удзелу моладзі ў выбарах як у якасці кандыдатаў, так і выбаршчыкаў. “Адказнасць фарміруецца з самых ранніх часоў. Удзел у выбарах — гэта перш за ўсё паказчык адказнасці перад грамадствам і дзяржавай і ўласнай сталасці”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Тэмай “Адкрытага дыялогу” ў Акадэміі кіравання стала “Моладзь і выбары: формула адказнасці”. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўніцтва і студэнты ВНУ абмеркавалі гатоўнасць да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання.

Праект БРСМ “Адкрыты дыялог” стартаваў як шырокая дыскусійная пляцоўка, якая дала магчымасць моладзі Беларусі ўзнімаць самыя вострыя праблемы і задаваць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам органаў улады, палітыкам, прадпрымальнікам, грамадскім дзеячам.

Раней старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, якая датэрмінова прагаласавала на выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання, адзначыла, што дэмакратычныя выбары абапіраюцца на меркаванне выбаршчыкаў і іх права на волевыяўленне.

На яе думку, нават у акругах, дзе зарэгістраваны толькі адзін кандыдат у дэпутаты, выбары павінны адбыцца. “Выбары ў любым выпадку трэба праводзіць. Паколькі калі з ліку выбаршчыкаў, якія прыйшлі, больш за 50 працэнтаў прагаласуюць супраць, то дэпутат не будзе выбраны. Гэта значыць, выбаршчыкі атрымаюць права выказацца. Увод абавязковай альтэрнатывы, як гэта зроблена ў некаторых дзяржавах, — гэта гандаль лаяльнасцю”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Што тычыцца графы “Супраць усіх”, то яе выключэнне (а такія прапановы паступаюць) кіраўнік ЦВК лічыць недэмакратычнай мерай. “Тут трэба абапірацца не на меркаванне АБСЕ, а на меркаванне выбаршчыкаў”, — упэўнена Лідзія Ярмошына.

Каменціруючы заклікі да псавання бюлетэняў, якія часам з’яўляюцца ў інтэрнэце, старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла, што гэта дзеянне, учыненае супраць выбараў, процідзеянне выбарчаму працэсу, якое можа прывесці да адміністратыўнай адказнасці.

Нагадаем, што мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі заўтра, 18 лютага.