Паказухі быць не павінна, меры рэагавання на знешнія выклікі павінны быць на карысць арміі

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава.

“Як і дамаўляліся раней, я хацеў бы з вамі абмеркаваць шэраг пытанняў, якія тычацца не толькі стану спраў у нашай арміі. Але і на злобу дня пытанне, якое прагучала ў нас яшчэ ў мінулым годзе, — пытанне рэагавання на тое, што адбываецца ля нашых граніц. Гэта вучэнні НАТА “Абаронца Еўропы — 2020”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў тэму таго, якія дзеянні ажыццяўляюцца цяпер з боку блока НАТА. “Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганне зброяй з нашага боку. Мы на сённяшні дзень вучэнні НАТА, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, так не ўспрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў. Думаю, разведка даложыць, якая там сітуацыя, і мы абмяркуем гэтае пытанне, а таксама зробім далейшыя крокі па рэагаванні на тое, што адбываецца ля нашых граніц”, — адзначыў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, зыходзячы з існуючай інфармацыі, што беларускі бок справіцца з гэтай сітуацыяй. “Не павінна быць ніякай празмернасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка. — Я яшчэ ў мінулым годзе вам даручыў, каб мы выпрацавалі адэкватныя меры рэагавання. Гэта, у рэшце рэшт, і грошы. Таму празмернага быць не павінна. Трэба гэта неяк супаставіць і ўплесці ў тую тканіну работы арміі, якая сёння існуе. Гэта павінна быць на карысць арміі. А паказухі быць не павінна”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што армія функцыянуе ў звычайным рэжыме, не пераносяцца і не адмяняюцца ніякія мерапрыемствы. “Армія рыхтуецца. Многія часці на палігонах. Ведаю, што ў Віцебскай вобласці праведзены вучэнні міратворчых падраздзяленняў нашых Узброеных Сіл і Вялікабрытаніі. Водгукі станоўчыя. Гэта нікога не павінна напружваць. Мір нам патрэбны, і міратворчасць — гэта тая лінія, па якой мы заўсёды павінны супрацоўнічаць з усімі. Думаю, наш асноўны партнёр — Расійская Федэрацыя — у гэтым напрамку абароты не зніжае, і не толькі па лініі міратворчасці”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў коратка абмеркаваць стан спраў у арміі. “Акрамя таго, хацеў бы, калі кожны дзень псіхоз (на тэму каранавіруса. — Заўвага БелТА.) не сціхае, каб некалькі слоў сказалі пра стан здароўя нашых ваеннаслужачых. Мяне больш за ўсё цікавіць здароўе афіцэрскага складу, таму што яны жывуць, як звычайна (знаходзяцца не толькі ў размяшчэнні часцей, але і жывуць звычайным грамадзянскім жыццём. — Заўвага БелТА.). Хацелася б пачуць вашы ацэнкі і прапановы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як патлумачыў міністр абароны Віктар Хрэнін, ва Узброеных Сілах Беларусі няма ніводнага выпадку заражэння каранавірусам. “У нас ніякай панікі няма. Мы планава праводзім усе мерапрыемствы, — сказаў Віктар Хрэнін. — На сённяшні дзень ва Узброеных Сілах няма ніводнага выпадку заражэння каранавірусам”.

Паводле яго слоў, гэтымі днямі на дзесяці палігонах Беларусі адпрацоўваюцца розныя мерапрыемствы, у іх задзейнічаны 7,5 тысячы ваеннаслужачых. “Яны здаровыя і здольны выконваць задачы. Аднак мы не расслабляемся. Нашы санітарна-эпідэміялагічныя службы, медыкі знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці”, — запэўніў міністр абароны.