Пакет інтэграцыйных дакументаў знаходзіцца ў завяршальнай стадыі ўзгаднення

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Адна з канчатковых мэт пакета праграм па паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі, які абмяркоўваецца цяпер, — забяспечыць стабільны рост дабрабыту грамадзян. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка ў інтэрв’ю РІА “Навіны”.

“Сёння саюзнае будаўніцтва перажывае новы этап свайго развіцця, уздым, — сказаў Уладзімір Сямашка. — Па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў урады Беларусі і Расіі падрыхтавалі праект плана дзеянняў па далейшай рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дакумент ахоплівае практычна ўсе сферы нашага ўзаемадзеяння. Рэалізаваўшы яго, мы будзем мець прынцыпова новы, больш глыбокі фармат інтэграцыі, сканцэнтраваны на развіцці эканамічнага складніка. Адна з яго асаблівасцей — апераджальная пабудова на еўразійскай прасторы адзіных і аб’яднаных рынкаў. А ўвасабляцца ў жыццё план будзе праз рэалізацыю канкрэтных галіновых саюзных праграм па напрамках сумеснай работы”.

Паводле слоў дыпламата, пакет інтэграцыйных дакументаў сёння знаходзіцца ў завяршальнай стадыі ўзгаднення. “Наступным этапам стане разгляд яго на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, — паведаміў ён. — Ну а пасля гэтага інтэграцыйны пакет будзе вынесены ўжо на разгляд кіраўнікоў дзяржаў, а менавіта — Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Паводле маіх чаканняў, усе этапы мы павінны прайсці ў гэтым годзе, магчыма, да сярэдзіны восені, каб ужо ў 2022 годзе працаваць у фармаце адзінай эканамічнай платформы Саюзнай дзяржавы”.

“Той пакет інтэграцыйных дакументаў, які мы сёння абмяркоўваем, мае дакладныя канчатковыя мэты: умацаванне двухбаковых саюзніцкіх адносін, стварэнне дадатковых умоў для росту эканомік і забеспячэнне стабільнага росту дабрабыту грама­дзян, — падкрэсліў Уладзімір Сямашка. — У працэсе далейшага паглыблення інтэграцыі асноўную ўвагу мы будзем ўдзяляць пытанням эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін, вырашаючы тым самым і такія важныя для нашых народаў пытанні, як занятасць, узровень даходаў, дабрабыт. А якім менавіта тут будзе рост — у лічбавым, грашовым вымярэнні — зможам падлічыць толькі пасля таго, як праграмы пачнуць працаваць”.

“Наогул, які з напрамкаў паглыблення інтэграцыі ні вазьмі, кожны з іх так ці інакш датычыцца жыцця нашых людзей, зарплат, пенсій, сацыяльных выплат і мер падтрымкі”, — рэзюмаваў Ула­дзімір Сямашка.