Палескія фінансісты

- 10:00Вышэйшая школа

Фінал конкурсу на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў УВА прайшоў у Мінску. Пляцоўку для абароны лепшых работ фіналістам прадаставіў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які разам з Міністэрствам адукацыі з’яўляецца арганізатарам студэнцкага фінансавага турніру.

Конкурс праводзіцца з 2014 года, экспертная камісія (журы) складаецца са спецыялістаў Нацбанка і Міністэрства адукацыі. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі трох устаноў вышэйшай адукацыі краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Асноўная мэта эканамічных спаборніцтваў — папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў і стымуляванне навукова-даследчай актыўнасці моладзі ў гэтай галіне.

Конкурс на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы дае лаўрэатам магчымасць надрукаваць свае работы ў адным з беларускіх фінансавых выданняў, а таксама добрыя грашовыя прэміі. Сёлета гэта 700, 600 і 500 рублёў. Канечне, прызы так проста не даюцца: прэтэндэнтам на іх давялося сур’ёзна папрацаваць, прайсці адбор у сваіх універсітэтах, даказаць, што яны годныя фіналу. Як справядліва заўважыў старшыня журы, прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар эканамічных навук Анатоль Алегавіч Ціханаў, у фінале сабраліся самыя падрыхтаваныя.

— Узровень конкурсных работ, я лічу, дастойны, — сказаў Анатоль Алегавіч. — Большасць з іх напісаны з выкарыстаннем сучаснага матэматычнага апарату. У многіх прапаноўваюцца арыгінальныя аўтарскія методыкі. У нас годная інтэлектуальная моладзь, ёсць патэнцыял і для развіцця навуковых даследаванняў, і для павышэння эфектыўнасці банкаўскай дзейнасці, работы фінансавай сістэмы ў цэлым.

Такім чынам, трэцяе месца заняў прадстаўнік Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Грыб, на другім месцы — студэнтка БДУ Вікторыя Фядотава, на першым — чацвёртакурсніца ПалесДУ Наталля Кузьменя. Будучая выпускніца факультэта банкаўскай справы прадставіла на конкурсе сваю дыпломную работу, якую яна абараняе сёлета, — “Удасканаленне методык ацэнкі крэдытаздольнасці карпаратыўных кліентаў у ААТ “Белінвестбанк”. Дарэчы, менавіта ў гэтым банку і збіраецца працаваць пераможца конкурсу — на сваёй радзіме, у Баранавічах.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.