Палітэхаўскі “Варушынак”

- 10:45Навіны рэгіёнаў, Рознае

Трэці год запар студэнты і выкладчыкі Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога прысвячаюць цэлы тыдзень верасня весёлым размінкам на свежым паветры пад энергічную музыку. Гэта своеасаблівы зарад аптымізму і бадзёрасці на цэлы навучальны год.

Назва ў гэтага спартыўна-танцавальнага мерапрыемства гаваркая: “Варушынак”, а дэвізам абраны заклік “Варушыся з намі!”. Дарэчы, ён аказаўся даволі дзейсным. Нязменна да студэнцка-выкладчыцкай масоўкі далучаюцца звычайныя прахожыя самага рознага ўзросту.

Па традыцыі першымі тыдзень запальных размінак адкрываюць самыя актыўныя студэнты — культарганізатары факультэтаў. А далей “Варушынкам” кіруюць інструктары, у ролі якіх выступаюць прадстаўнікі кіраўніцтва ўніверсітэта і выпускнікі, якія з’яўляюцца кіраўнікамі студый танца і фітнесу ў Гомелі. Аказваецца, і такія таленты рыхтуе палітэх.

На працягу тыдня ўдзельнікі акцыі папраўлялі сваё здароўе, паляпшалі настрой, а таксама знаёміліся з новымі танцавальнымі кірункамі, такімі як zumba, jazz-funk і hip-hop. Больш за тое, падчас акцыі студэнты тэхнічнага ўніверсітэта нават атрымалі невялікія майстар-класы па фітнесе і кунг-фу.

Арганічнае спалучэнне запальнай музыкі і харызматычнасці інструктараў разварушыла ўсіх, з кожным днём вялікі ўніверсітэцкі перапынак станавіўся ўсё больш актыўным і весялейшым. А пасля зарадкі ўдзельнікаў акцыі абавязкова частуюць сушкамі, каб тыя маглі папоўніць энергію. Гэта яшчэ адна традыцыя студэнцкага “Варушынка”. Звычайныя сушкі — гэта своеасаблівы сімвал, паколькі задумка і рэалізацыя праекта належаць аддзелу выхаваўчай работы з моладдзю ГДТУ імя П.В.Сухога і рэдакцыі ўніверсітэцкай газеты “Сушка”.

Арганізатары адзначаюць, што галоўная ідэя праекта — не проста разварушыць студэнтаў, але і аб’яднаць палітэхаўцаў. Дарэчы, вясной тэхнічны ўнівер-сітэт прадстаўляў свой “Варушынак” на конкурсе “АРТ-вакацыі” і прыйшоўся вельмі даспадобы строгаму рэспубліканскаму журы.

Наталля ЛУТЧАНКА.