Палонная праўда 

- 12:31Сацыяльны ракурс, Соцыум

“Мемарыялы павінны загучаць галасамі відавочцаў!” Дзмітрый Віктаравіч МАРОЗАЎ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ, расказаў пра ўнікальны праект — віртуальны музей былога лагера для ваеннапалонных Шталаг­352. Ствараць яго дапамагалі таксама школьнікі. 

Кранае за жывое

Хатынь, Мінскае гета, Трасцянец, Чырвоны  Бераг, Азарычы, Масюкоўшчына… Далёка не поўны спіс месцаў памяці, якія сталі сімваламі жудасных часоў акупацыі, нямымі сведкамі генацыду савецкага народа. Пра кожнае з іх сабраны велізарны пласт інфармацыі — успаміны сведак, дакументальныя звесткі. Настаў час даць ім магчымасць загучаць галасамі ўдзельнікаў тых бесчалавечных падзей. І сучасныя тэхналагічныя сродкі дазваляюць гэта зрабіць. Пацвярджэнне таго — работа, праведзеная неабыякавымі людзьмі на тэрыторыі лагера для ваеннапалонных Шталаг-352. 

— Да 2015 года гэтая тэрыторыя належала ваеннаму гарадку. Потым тут пачалі зно­сіць будынкі часоў вайны, каб будаваць новыя дамы. Апошні драўляны барак № 28 зруйнавалі ў 2019 годзе. Удзельнікі пошукавай арганізацыі “Бацькаўшчына” даследавалі яго рэшткі і знайшлі дошкі з прозвішчамі вязняў, іх уласныя рэчы. З’явілася вялікая колькасць публікацый у прэсе, якія не маглі не кра­нуць, — расказвае Дзмітрый Віктаравіч Марозаў. — Усё гэта мае велізарнае значэнне для захавання памяці. На цяперашні момант з таго часу засталіся казарма, харчаблок, гаражы, адкуль 15 ваеннапалонных уцяклі на браневіках, брук, які выкладвалі савецкія салдаты, лазні, будынак для афіцэрскага склада. Зараз стаіць пытанне аб стварэнні тут алеі памяці. Неабходна закансерваваць тое, што ўцалела, правесці музеефікацыю. І прыемна, што ў планах горада гэтая ідэя ўжо знайшла адлюстраванне. Стаіць задача не толькі заха­ваць забудову лагера, але і ўстана­віць таблічкі, стварыць лічбавае суправаджэнне захаваных аб’ектаў. Гэта дасць магчымасць, счытаўшы з дапамогай мабільнага тэлефона QR-код, выйсці на блок адпаведнай інфармацыі. На мой погляд, менавіта ў цеснай звязцы з аўтэнтычным месцам памяці сучасныя тэхналагічныя сродкі будуць даваць максімальны эфект, выклікаць эмоцыі і кра­наць за жывое, — упэўнены гісторык. 

Маршрут экскурсіі таксама ўключае знаёмства з мемарыялам “Масюкоўшчына”, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Ціміразева і Нарачанскай. Знаходзіцца ён на месцы масавага пахавання ваеннапалонных — тут спачываюць больш за 80 тысяч чалавек. У 2020 годзе побач з мемарыялам пабудаваны храм Узвіжання Крыжа Гасподняга, дзе ўзносяцца малітвы за душы нявінна забітых людзей. Па ініцыятыве настаяцеля храма Алега Кунцэвіча ў прытчавым доме прыхода створаны музей, прысвечаны вязням лагера. 

Таму і да экскурсійнага маршруту, які ён распрацаваў разам з калегай Аленай Мікалаеўнай Мох, навуковец падышоў улічваючы запатрабаванні часу.  

Сам сабе экскурсавод

Экскурсія “Палонная праўда: Шталаг-352 у Масюкоўшчыне” зай­мае па працягласці больш за дзве с паловай гадзіны. Назва яе сімвалічная. Яна супадае з назвай самапіснай газеты, якую стварыў Сцяпан Злобін, адзін з вязняў лагера. Знайшоў яе, дарэчы, школьнік у 1949 годзе, які цікавіўся гісторыяй. Лісты газеты захаваліся ў адзіным экзэмпляры і сталі часткай экспазіцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

— На старонках газеты ёсць нават вершы, якія пісалі ваеннапалонныя. У лагеры таксама існаваў асобны барак для артыстаў, якіх прымушалі забаўляць немцаў, — адзначае Дзмітрый Марозаў. 

Маршрут экскурсіі атрымаўся нетрывіяльным. Спецыяльна для школьнікаў яго дапоўнілі квестамі, тэатралізаванымі момантамі з удзелам валанцёраў. 

— Само месца задае адпаведны настрой, закінуты выгляд будынкаў насцярожвае — такая атмасфера дапамагае сканцэнтравацца, і дзеці ўважліва слухаюць. Абуджаецца іх прыродная цікаўнасць — яны звяртаюць увагу на розныя дэталі на маршруце і пачынаюць задаваць пытанні. Да правядзення экскурсій далучылася пошукавая арганізацыя “Бацькаўшчына”, яе прадстаўнік Анатоль Перавядзенцаў паказваў і расказваў дзецям пра рэчы, якія былі знойдзены на тэрыторыі лагера. Напрыклад, шкляная бутэлька. Навошта яна палонным? Не для вады, а каб знішчаць насякомых-паразітаў, якімі кішэла адзенне людзей у бараках. І такіх момантаў безліч. Невялікая дэталь, якая раскрывае жудасную праўду жыцця ваеннапалонных, — дзеліцца суразмоўнік. 

Пешы экскурсійны маршрут “Палонная праўда: Шталаг-352” зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме ў 2020 го­дзе. Па ім і быў распрацаваны аўдыягід. 

— Ён знаходзіцца ў свабодным доступе. Скарыстацца ім мае магчымасць кожны, у каго ёсць мабільны тэлефон і інтэрнэт. Дастаткова прыйсці на тэрыторыю лагера, спампаваць бясплатны дадатак і слухаць. Не трэба шукаць экскурсавода, далучацца да іншых людзей, можна самастойна прайсці па маршруце, — тлумачыць гісторык. 

Да рэальнасці праз віртуальнасць 

Медыяпраект “Будучыня невыразная, памяць рэальная. Віртуальная гісторыя лагера ваеннапалонных Шталаг-352 у Мінску” нарадзіўся дзякуючы Рэспубліканскаму саюзу турыстычнай індустрыі. Стартавала ініцыя­тыва год назад. Актыўны ўдзел у яе рэалізацыі прымаюць прафесійныя акцёры, якія агучваюць успаміны ваеннапалонных, зачытваюць урыўкі з дакументаў тых часоў, гісторыкі, дызайнеры, праграмісты. А яшчэ школьнікі. 

Сёння вельмі актуальна стварэнне аўдыягідаў, віртуальных музеяў, лічбавых пляцовак. Мабільны тэлефон становіцца крыніцай праўдзівай гістарычнай інфармацыі.

— У верасні мінулага года арганізавалі семінары для 8—11 класаў мінскай сярэдняй школы № 132, якая знаходзіцца па суседстве з тэрыторыяй былога лагера ваеннапалонных. Вучні сабралі сваю каманду, якая ў фармаце рэгулярных воркшопаў уносіла ўклад у стварэнне віртуальнай гісторыі. У кастрычніку каманда прыняла ўдзел у акцыі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі былога лагера. Прэзентавалі праект навучэнцам сталічнай гімназіі № 43, на базе якой працуе Міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Фрунзенскага раёна, а таксама дзейнічаюць Музей чэсці і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў і музей “Пра подзвіг вялікі і вечны”, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, — расказвае Дзмітрый Марозаў.

Факты
У Беларусі лагеры для ваеннапалонных размяшчаліся ў 60 населеных пунктах. У іх загінула больш за 810 тысяч чалавек! Шталаг-352 лічыцца адным з самых буйных і жудасных месцаў масавага знішчэння ваеннапалонных. Існаваў з ліпеня 1942 па ліпень 1944 года. У першы год тут знаходзілася адначасова каля 140 тысяч чалавек. У студзені 1944 года гэтая лічба скарацілася да 4 тысяч чалавек. Шталаг-352 — адзіны лагерны комплекс на тэрыторыі былога СССР, які захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ў сталіцы. 

Лічбавы аповед пра гісторыю Шталага-352 — гэта збор гістарычных матэрыялаў, здольных дапамагчы гледачу эмацыянальна прачуць падзеі тых часоў. Першым пілотным прадуктам праекта стала лічбавая гісторыя фельчара Міхаіла Сенькіна — “Stalag 352. Кветкі для Сенькіна”. Яна таксама ёсць у агульным доступе ў інтэрнэце. Прагляд займае ўсяго 10—15 мінут. Фотаздымкі тых часоў, рэчы ваеннапалонных, успаміны сведак, падрабязнасці жудаснага быту вязняў. Гэта не можа пакінуць абыякавым. Коратка і ёміста праз уласныя гісторыі данесці разуменне падзей планетарнага маштабу. І такіх гісторый у віртуальным музеі будзе шмат. Стваральнікі выбіралі найбольш паказальныя з пункту гледжання тэматычных блокаў, дэталёвасці, інфарматыўнасці. Выкладзены яны ў храналагічным парадку. Для тых, хто вырашыць больш падрабязна азнаёміцца з гісторыяй лагера, створаны асобны YouTube-канал. 

 

Неабходна спрабаваць новыя формы падачы інфармацыі, каб данесці праўду ваенных часоў да маладога пакалення. Ранейшыя методыкі больш не працуюць. 

— Мы спадзяёмся, што наш вопыт будзе выкарыстаны і далей. Лічбавы фармат дазво­ліць ства­раць віртуальныя музеі шматлікіх мемарыяльных комплексаў. У перспектыве пажадана зра­біць на базе сайта музея Вялікай Айчыннай вайны платформу, каб знаёміцца з падобнымі рэгіянальнымі вір­туальнымі праектамі, — заўважае Дзмітрый Віктаравіч. 

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Р.S. Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць якія-небудзь матэрыялы, звязаныя са Шталагам, просьба падзяліцца імі з арганізатарамі праекта. Дасылаць можна на адрас нашай газеты.