Палудзікультура: гаспадаранне з клопатам пра будучыню

- 14:04Навука і інавацыі

Нядаўна ў Беларусі адбылася адна важная падзея, якую айчынныя СМІ практычна пакінулі па-за ўвагай, між тым яна мела даволі вялікі міжнародны рэзананс, прынамсі, у навуковых колах. На торфабрыкетным заводзе “Лідскі” была ўрачыста адкрыта пелетная лінія, дзе паліва будзе вырабляцца не з торфу, а з балотнай расліннасці. Цікавасць да гэтай падзеі праявілі вучоныя з Германіі, Галандыі, Славакіі, Літвы і іншых краін, якія перакананы, што беларускі вопыт можа быць карысны для ўсіх тэрыторый, дзе ёсць выпрацаваныя тарфянікі.

Адкрыццё пелетнай лініі стала чаканым вынікам рэалізацыі маштабнага праекта пад назвай “Энергія балот”, які на працягу трох гадоў ажыццяўляўся беларускімі і нямецкімі вучонымі і практыкамі пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Разам працавалі прадстаўнікі нямецкага фонду Міхаэля Зукава, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ, Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і торфабрыкетнага завода “Лідскі”.
За гэты час была праведзена вялікая работа, звязаная з вывучэннем наступстваў забалочвання выпрацаваных тарфянікаў і распрацоўкай рэкамендацый па вытворчасці біямасы для вырабу паліўных пелет. Асноўная ж задача, якая стаяла перад удзельнікамі праекта, — забяспечыць устойлівае кіраванне тарфянікамі, каб не толькі атрымаць дадатковыя энергарэсурсы, але і садзейнічаць рэабілітацыі балот.
“Папросту кажучы, на тэрыторыях, дзе выняты торф, зноў падымаецца ўзровень вады і балотную расліннасць (трыснёг, асаку) можна скошваць і перапрацоўваць у паліўныя пелеты, — тлумачыць каардынатар праекта “Энергія балот” Алег Сівагракаў. — Такім чынам, для энергетычных мэт выкарыстоўваецца аднаўляльная крыніца энергіі, што цягне за сабой цэлы шлейф пазітыўных наступстваў для сацыяльна-эканамічнага развіцця і прыроды. Так, эксперты адзначаюць істотнае скарачэнне эмісіі парніковых газаў ад такой дзейнасці, дзякуючы чаму можна замарудзіць змяненне клімату. Плюс эканамічная і сацыяльная аддача ад “зялёнай эканомікі”: прыбытак прадпрыемствам і захаванне рабочых месцаў. Адначасова знізіцца верагоднасць пажараў і палепшыцца водны рэжым тэрыторый (як вядома, праблема пітной вады ўсё больш актуалізуецца ў шэрагу раёнаў Беларусі). Забалочванне і ўкараненне палудзікультуры — балотнай гаспадаркі на прынцыпах устойлівага развіцця — спрыяльна адаб’юцца і на біяразнастайнасці балотных тэрыторый”.
Праект “Энергія балот” коштам больш як 1,5 млн еўра на 80% фінансаваў Еўрапейскі саюз. Значная сума грошай пайшла на набыццё спецыяльнай сельскагаспадарчай тэхнікі для ўборкі, перавозкі, пагрузкі і драбнення біямасы, а таксама ангара для яе захоўвання і, вядома, пелетнай лініі. Дарэчы, з яе адкрыццём на торфабрыкетным заводзе “Лідскі” з’явілася 6 новых рабочых месцаў.

Верагодна, супрацоўніцтва торфабрыкетнага завода “Лідскі” з навуковымі партнёрамі будзе прадаўжацца і пасля завяршэння праекта. Так, у вучоных Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук даўняя цікавасць да дакудаўскіх багнаў; тут яны знаходзяць унікальны матэрыял для даследаванняў і навуковых публікацый, а таксама тэмы для дысертацый. Прадстаўнікі фонду Міхаэля Зукава таксама выказалі надзею на працяг супрацоўніцтва, незалежна ад таго, у якіх рамках яно будзе ажыццяўляцца. Для Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ торфабрыкетны завод “Лідскі” ўвогуле з’яўляецца базай для практычнай падрыхтоўкі студэнтаў і магістрантаў; некалькі студэнтаў падрыхтавалі тут свае курсавыя і дыпломныя праекты.
Нездарма на выніковай канферэнцыі па праекце “Энергія болот” прагучала прапанова адкрыць на базе торфабрыкетнага завода “Лідскі” міжнародны навукова-вучэбны цэнтр для экспертаў і студэнтаў. Тут ёсць адпаведныя напрацоўкі, не кажучы ўжо пра пляцоўку, што прадастаўляе завод, — неабсяжныя багны, якія чакаюць сваіх даследчыкаў і аднаўляльнікаў.
“Навука без практыкі немагчымая, — заўважыў дырэктар торфабрыкетнага завода “Лідскі” Іван Залескі. — Мы запрашаем студэнтаў на практыку, каб яны змаглі на свае вочы ўбачыць, што такое балоты, “памацаць” іх рукамі і падумаць, што можна зрабіць для іх устойлівага выкарыстання, аднаўлення і захавання”.
Дарэчы, удзельнікам канферэнцыі, якія прыехалі на цырымонію адкрыцця пелетнай лініі, таксама прапанавалі наведаць балота. Гэтае падарожжа ў глыб тарфянікаў па тэхналагічнай вузкакалейцы ў старэнькім вагончыку атрымалася вельмі сюррэалістычным. Уявіце: дождж, слота і дарога — усяго адна каляіна. Цікава, што вучоныя (і нашы, і еўрапейскія) адчувалі сябе ў гэтай сітуацыі вельмі звыкла. Дагэтуль яны абхадзілі не ад зін гектар балот — што ім лістападаўскі дождж?!

Цырымонія адкрыцця пелетнай лініі была вельмі хвалюючай, асабліва для ўдзельнікаў праекта. Тры гады цікавай сумеснай работы на балоце Дакудаўскім павінны былі матэрыялізавацца ў рэальны прадукт. І гэта не проста пелеты — гэта плён навуковых намаганняў, ініцыятывы, веры ў поспех розных людзей па абодва бакі мяжы.
“Я не магу дачакацца, калі мы, нарэшце, уключым гэты апарат, — заўважыў, стоячы перад чырвонай стужкай, Вендэлін Віхтман, каардынатыр праекта з фонду Міхаэля Зукава. — Дзякуючы канструктыўнаму супрацоўніцтву з лідскім прадпрыемствам і яго дырэктарам, у нас усё атрымалася. Прыемна адзначыць, што прадстаўнік тарфяной галіны прадэманстраваў сваю адкрытасць да новых тэхналогій і новых падыходаў у вытворчасці”.
“Пелетная лінія, як і іншая тэхніка для збору і перапрацоўкі балотнай расліннасці, была набыта за грошы Еўрапейскага саюза, — заўважыла прадстаўніца дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь Аўдронэ Урбанавічутэ. — Для нас гэта вельмі важны праект, бо ён звязаны з устойлівым развіццём балот і выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі. Спадзяёмся, што ён будзе паспяховым і дапаможа лідскаму рэгіёну эканамічна”.
Пра важнасць падобных праектаў гаварыў і прафесар Ханс Юстэн з фонду Міхаэля Зукава, які толькі што прыбыў з Інданезіі. “У гэтай краіне зараз гарыць 2 млн га тарфянікаў, дым стварае праблемы нават суседнім краінам. У бальніцах знаходзяцца тысячы людзей. Па папярэдніх ацэнках, шкода ад пажараў ацэньваецца ў 16 млрд долараў. На ўрадавыя нарады па гэтай праблеме з’язджаюцца эксперты з усяго свету, і ўсе схіляюцца да неабходнасці паўторнага забалочвання тарфянікаў. Пры гэтым спецыялісты пастаянна згадваюць Беларусь як краіну, што мае ўнікальны вопыт у такой дзейнасці. Таму зараз вельмі шмат вачэй глядзіць у бок лідскага прадпрыемства, якое дэманструе, што выпрацаваныя тарфянікі можна ператварыць у рэальную крыніцу даходаў. Гэта можа стаць сапраўдным прарывам для сусветнай навукі”.
Аўтарытэтны вучоны ў галіне балотазнаўства акадэмік НАН Беларусі Мікалай Бамбалаў на цырымоніі адкрыцця пелетнай лініі не хаваў сваёй радасці.
“Мы ўсе зараз з’яўляемся сведкамі пачатку новага этапу ў развіцці беларускай навукі аб торфе і беларускай тарфяной прамысловасці, — заявіў акадэмік. — І калі раней казалі пра балотазнаўства, то зараз пачынае развівацца балотаводства. У Беларусі выдатна прадстаўлена экалагічнае балотаводства — толькі на лідскіх землях адноўлена амаль 5 тысяч га балот. У нас развіваецца агранамічнае балотаводства — вырошчванне журавін, дурніц, чарніц. І вось сёння пачынаецца новы напрамак — энергатэхналагічнае балотаводства. Спыніць гэты працэс ужо немагчыма. Чалавечы прагрэс пойдзе па шляху біясферна сумяшчальнага выкарыстання балот: так, каб захоўваліся багны і прырастала энергія. Гэта надзвычай выгадна. Самая дасканалая батарэя — зялёны ліст, што ўлоўлівае сонечную энергію і пазней ператвараецца ў арганічнае рэчыва, якое можна эфектыўна выкарыстоўваць. Гэта не знясільвае прыроду, а, наадварот, дазваляе ёй няспынна аднаўляцца”.
Усе ўдзельнікі цырымоніі, адзначаючы навукаёмістасць праекта “Энергія балот”, падкрэслівалі, што яго рэалізацыя стала магчымай у многім дзякуючы дырэктару торфабрыкетнага завода “Лідскі” Івану Залескаму. “Нашаму праекту пашанцавала, што яго спажыўцом аказаўся вялікі ініцыятар і наватар”, — заўважыў былы рэктар Сахараўскага ўніверсітэта цяпер прафесар БНТУ Сямён Кундас.
Ні намаганні вучоных, ні грошы Еўрасаюза не прынеслі б такога добрага плёну, калі б не інавацыйная смеласць, адкрытасць і вера ў поспех дырэктара торфабрыкетнага завода “Лідскі”. Іван Залескі, дарэчы, не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ён падзяліўся планамі і расказаў, што мае на мэце вырабляць на сваім заводзе будаўнічыя матэрыялы, а таксама развіваць на выпрацаваных тэрыторыях экалагічны турызм.

P.S. Зараз, калі цэны на вуглевадароды няўхільна (і відаць, што надоўга) пайшлі ўніз, знойдзецца, напэўна, шмат людзей, якія спытаюць: “Навошта?” Навошта прыкладаць навуковыя намаганні і рабіць фінансавыя ўкладанні ў тое, каб займацца балотаводствам, калі нафта і газ сталі такімі таннымі? Навошта перапрацоўваць трыснёг, пілавінне, галлё, трэскі, калі ёсць такія зручныя краны на нафта- і газаправодах? І гэта не толькі наша, але і сусветная тэндэнцыя: цікавасць да аднаўляльных крыніц энергіі змяншаецца прапарцыянальна зніжэнню цэн на вуглевадароды.
У сувязі з гэтым хочацца прывесці словы прафесара Ханса Юстэна: “Нам перш за ўсё трэба перапрацаваць нашы мазгі, каб людзі на ўсіх узроўнях разумелі: усё гэта мае карысць на доўгі час. Нават калі палудзікультура і не прынясе вялікіх прыбыткаў, яе важна развіваць хаця б з той прычыны, што яна паляпшае экалогію і спрыяе ўстойліваму развіццю рэгіёна. Таму палудзікультура павінна мець дзяржаўную падтрымку”.
Па вялікім рахунку, нашым нашчадкам будзе ўсё роўна, колькі каштавалі нафта і газ у ХХІ стагоддзі. Ім будзе важна, што яны атрымаюць у спадчыну, — выпрацаваную пустэльню або зялёныя балоты і лясы, паўнаводныя рэкі, птушыны спеў. Удзельнікі праекта “Энергія балот” выбіраюць экалагічны шлях.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Усяслава РАКОВІЧА.