Паляцкішскае “Сонейка”

- 17:26Нам пішуць

Кожны год у чэрвені на базе Паляцкішскай сярэдняй школы функцыянуе аздараўленчы лагер “Сонейка” з дзённым знаходжаннем. Гэтым летам яно ўсміхнулася дваццаці хлопчыкам і дзяўчынкам ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў. Дзейнасць дзіцячага калектыву сёлета падпарадкавана дэвізу аздараўленчай кампаніі “Лета — час адкрыццяў”. Адпачынак дзяцей арганізаваны ў рамках пазнавальнай гульнявой праграмы “У падарожжа разам”.

Кожны дзень лагера напоўнены тэматычнымі мерапрыемствамі, конкурсамі, віктарынамі. У фізкультурна-аздараўленчы кірунак выхаваўчай праграмы лагера ўвайшлі мерапрыемствы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця: ранішняя зарадка, спартландыі, рухавыя гульні на свежым паветры, камандныя і індывідуальныя эстафеты, спаборніцтвы па міні-футболе. Культурна-забаўляльны кірунак уключае ў сябе такія віды дзейнасці, як забавы, конкурсы, адпачынак. Інтэлектуальна-пазнавальны кірунак — лагічныя гульні, віртуальныя падарожжы па Беларусі, знаёмства з цікавымі кнігамі.

Міжведамаснае ўзаемадзеянне з’яўляецца неад’емнай часткай выхаваўчай праграмы аздараўлечага лагера. Школа актыўна супрацоўнічае з Паляцкішскай сельскай інтэграванай бібліятэкай і сельскім цэнтрам культуры і вольнага часу, фельчарска-акушэрскім пунктам, пагранпастом “Драбішуны”. Днямі дзеці з задавальненнем паўдзельнічалі ў займальнай гульні “Ключы ад лета”, якую арганізавала работнік Паляцкішскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу Аксана Іванаўна Дзюк. Мерапрыемства “Здароўе — важнейшая каштоўнасць” прайшло на базе Паляцкішскага ФАПа. Фельчар Лілія Мар’янаўна Малашэвіч дала вучням слушныя парады па захаванні і ўмацаванні здароўя. Развіццю пазнавальных здольнасцей і чытацкай культуры было прысвечана мерапрыемства “Актыўны чытач”, якое правяла бібліятэкар Паляцкішскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Тамара Аляксандраўна Стацэвіч. Спадабалася дзецям і экскурсія ў музейны пакой школы. Настаўнік гісторыі Аляксандр Мар’янавіч Васько расказаў вучням шмат цікавага з гісторыі вёскі, роднай школы. Аповед пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны нікога не пакінуў абыякавым.

Цікава ў лагеры прайшлі мерапрыемствы “Вясёлыя старты”, “Усе прафесіі важныя — усе прафесіі патрэбныя”, “Беларусь мая сінявокая”, “Бяспечны маршрут”. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала наведванне пагранпаста “Драбішуны”, сустрэча з вайскоўцамі, агляд тэхнікі.

Удзел школьнікаў у розных мерапрыемствах павышае іх сацыяльную актыўнасць, надае ўпэўненасці ва ўласных сілах, развівае здольнасці, садзейнічае фарміраванню культуры здароўя.

Наперадзе вучняў чакаюць мерапрыемствы з удзелам інспектараў ДАІ і ІСН РАУС, супрацоўніка аддзела па надзвычайных сітуацыях. Такія сустрэчы дапамагаюць папярэдзіць правапарушэнні сярод непаўналетніх, прадухіліць дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзяцей і ўзброіць хлопчыкаў і дзяўчынак неабходнымі навыкамі для паспяховага пераадолення непрадбачаных сітуацый.

Дні, праведзеныя ў летнім аздараўленчым лагеры, запомняцца дзецям і стануць важным фактарам іх сацыяльна-творчага развіцця.

Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог, дырэктар аздараўленчага лагера
Паляцкішскай сярэдняй школы 
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.