Памеры датацый на пуцёўкі ў летні перыяд павялічаны

- 10:07Інфармацыйная гадзіна

Больш за 357,3 тысячы школьнікаў атрымаюць пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры на летніх канікулах 2017 года, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Ён адзначыў, што ўсе дзеці і падлеткі, якія хочуць адпачыць у лагерах і маюць патрэбу ў летнім аздараўленні, атрымаюць такую магчымасць. “Сумесна з упраўленнямі адукацыі праведзены маштабны маніторынг неабходнасці ў пуцёўках, вызначана патрэбнасць у аздараўленні дзяцей на летніх канікулах, — сказаў субяседнік. — Агульны аб’ём летняга аздараўлення па рэгіёнах рэспублікі сфарміраваны, зыходзячы з заявак устаноў адукацыі”.

Так, у летнія месяцы ў лагерах розных тыпаў адпачнуць і ўмацуюць здароўе ў Брэсцкай вобласці 61,5 тысячы школьнікаў, у Віцебскай — 43 620, у Гомельскай — 43 655, у Гродзенскай — 46 765, у Мінскай — 53 620, у Магілёўскай вобласці — 42 тысячы, у Мінску — 66 160 дзяцей і падлеткаў.

Памеры датацый на пуцёўкі ў летні перыяд 2017 года павялічаны ў сярэднім на 9%. Так, датацыя на адну пуцёўку ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён складзе Br175, у аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён — Br75, у аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён — Br72, у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён — Br80, у спартыўна-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён — Br82, у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам 18 дзён — Br196, у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён — Br85.

У цэлым асігнаванні са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года дасягаюць амаль Br37,9 млн, у тым ліку на патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры — амаль Br37,3 млн, на падрыхтоўку стацыянарных лагераў да работы ў летні перыяд — Br583,2 тысячы.

Як паведамлялася раней, у 2016 годзе неабходнасць у летнім аздараўленні ўсіх дзяцей, якія маюць у ім патрэбу і хочуць адпачыць, задаволена ў поўным аб’ёме. У лагерах усіх тыпаў адпачылі 360,3 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Штогод уладальнікамі пуцёвак становяцца больш за 30% хлопчыкаў і дзяўчынак гэтага ўзросту (напрыклад, у 2016 годзе — 31,9%). Акрамя таго, павялічваецца колькасць дзяцей старэйшай узроставай групы (ад 15 да 18 гадоў), аздароўленых у лагерах па розных профілях дзейнасці (у мінулым годзе — 37,7 тысячы падлеткаў, што на 1,8 тысячы больш у параўнанні з 2015 годам). У лагеры працы і адпачынку пуцёўкі выдзелены 15,9 тысячы падлеткаў, або 112% ад плана. Традыцыйна ў цэнтры ўвагі знаходзяцца дзеці-інваліды, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

У Беларусі аздараўленне школьнікаў праводзіцца таксама на асенніх, зімовых, вясенніх канікулах у лагерах з дзённым знаходжаннем і ў профільных лагерах.