Памяць пра Вялікую Айчынную вайну, яе герояў і ахвяр беражліва захоўваюць у Старасельскай сярэдняй школе

- 16:13Пресс-тур «Настаўніцкай»

Выхаванне патрыятызму на прыкладзе подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца цэнтральным звяном выхаваўчай работы ў Старасельскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Захоўваючы традыцыі

Сёння школа спалучае традыцыі і інавацыі, ідзе ў нагу з часам, абапіраючыся на фундамент з мінулых стагоддзяў. Яна з’яўляецца ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”. Сумесна з інавацыйнымі партнёрамі навучэнцы і педагогі вывучаюць ваенную гісторыю Шклоўскага краю, наведваюць воінскія пахаванні, месцы бітваў і гібелі мірнага насельніцтва. За 3 гады рэалізацыі праекта педагогі распрацавалі і рэалізоў­ваюць знакавыя экскурсійныя маршруты. Дарэчы, удзельнікам прэс-туру старшакласнікі Аляксандр Крупіч, Ілья Валодзькін і Ілья Пузікаў прадставілі турыстычна-экскурсійныя маршруты “Па старонках ваеннай гісторыі малой радзімы”.

Здзяйсняючы паходы і экскурсіі па родным краі, навучэнцы атрымліваюць магчымасць удзельнічаць у розных конкурсах і акцыях. Так, яны сталі ўладальнікамі дыплома ІІ ступені ў рэс­публіканскім конкурсе турысцкіх відэаролікаў “Падарожнічай ра­зам з намі!” за велапаход “Тры дні шляху”. Экскурсійныя маршруты “Крыніцы малой радзімы”, “Кальцо праваслаўя” ў абласным конкурсе “Магілёўшчына праваслаўная. Маршруты праваслаўнага адукацыйнага турызму” адзначаны дыпломамі І і ІІІ ступені.

Ва ўстанове з 1975 года дзейнічае школьны краязнаўчы музей, які быў адкрыты дзякуючы карпатлівай працы настаўніка геаграфіі І.А.Маісеева. Экспазіцыя музея складаецца з 5 раз­дзелаў: “Гісторыя населенага пункта Стараселле”, “Гісторыя Старасельскай школы”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Гісторыя партызанскай брыгады “Чэ­кіст”, “Этнаграфія роднага краю”. У музеі праводзяцца ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, музейныя заняткі. На яго базе дзейнічае пошукавы атрад “Патрыёт” і навукова-творчае аб’яднанне “Пошук”.

У межах навукова-творчага аб’яднання вучні пад кіраў­ніцтвам настаўніц гісторыі і грамадазнаўства Кацярыны Ракіцкай і Ганны Дзядковай актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, на працягу апошніх гадоў яны даследавалі тэму духоўнай спадчыны роднага краю. Творчыя работы пра капліцу Цітова і Свята-Троіцкую праваслаўную царкву адзначаны дыпломамі І і ІІІ ступені на абласным конкурсе “Храм як крыніца духоўнай чысціні”. Страчаныя матэрыяльныя і нематэрыяльныя аб’екты малой радзімы былі вывучаны і адлюстраваны адзінаццацікласніцай Дар’яй Купавай у брашуры “Страчаная спадчына Шклоўскага краю майго”.

— База музея дазваляе ажыццяўляць даследчую дзейнасць больш прадукцыйна, — расказ­вае Кацярына Ракіцкая. — Часта менавіта музейныя экспанаты даюць штуршок да пачатку даследавання. Паколькі наша школа — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі раёна, то для нас актуальна даследаванне яе гісторыі, лёсаў педагогаў і выпускнікоў. Былі вывучаны ўспаміны, пісьмы ветэранаў, фотаздымкі, архіўныя дакументы. У выніку даследчы праект “Летапіс Старасельскай школы” быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе “Летапіс установы адукацыі” і адзначаны дыпломам ІІ ступені. Не менш цікавым напрамкам з’яўляецца этнаграфія роднага краю, побыт і традыцыі нашых продкаў. Як вынік, былі створаны відэаэкскурсіі. Экскурсія “Падарожжа ў этнаграфічную спадчыну Старасельскага краю” адзначана дыпломам ІІІ ступені на рэс­публіканскім этапе конкурсу юных экскурсаводаў.

У новым фармаце

Плённа працуе і школьны пошукавы атрад “Патрыёт”. Яго мэта — пошук, вывучэнне і захаванне старонак гісторыі роднага краю. Работа атрада вядзецца па некалькіх напрамках: “Стараселле памятае”, “Ніхто не забыты”, “Памяць пакаленняў”. У рамках першага напрамку навучэнцы займаюцца ўзнаўленнем баявога шляху землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пошукам сваякоў чырвонаармейцаў, чые імёны былі ўстаноўлены ў ходзе пошукавай работы.

— Сучаснае развіццё інфармацыйных тэхналогій паступова пераносіць пошукавую работу на прасторы інтэрнэту, дзейнасць у гэтым кірунку набыла новы фармат, — расказвае адна з самых актыўных удзельніц атрада адзінаццацікласніца Дар’я Купава. — Цяпер гэта работа з электроннымі базамі даных “Мемарыял”, “Подзвіг народа”, “Па­мяць народа”, “Партызаны Беларусі”. Гэтыя рэсурсы ўтрымліваюць электронныя копіі дакументаў Вялікай Айчыннай вайны, архіўныя даныя аб яе ўдзельніках, баявых дзеяннях і аперацыях.

Дзякуючы праекту “Стараселле памятае”, мы сабралі і ўдакладнілі спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны па вёсцы Стараселле. За апошнія некалькі гадоў па выніках пошуку былі зняты відэафільмы “Партызанская брыгада “Чэкіст”, “Узлятаў, каб перамагаць” — пра нашага земляка, выпускніка школы, лётчыка-знішчальніка, Героя Савецкага Саюза, які загінуў у 1942 годзе ў небе над Сталінградам, Мікалая Карначонка, фільм “Іх імёнамі названы…” — аб захаванні памяці пра герояў вайны ў назвах вуліц роднага краю, фільм “Старыя фота памяць захоўваюць” — аб ваеннай старонцы сям’і Матлах.

Напрамак “Ніхто не забыты” падразумявае дзейнасць па захаванні памяці аб вайне, яе героях і ахвярах. Адным з самых цікавых для школьнікаў было даследаванне баявога шляху нас­таўніка школы, франтавіка, героя вайны А.М.Свідэрскага, ваенная старонка жыцця якога, на жаль, была забыта. Устаноўлена, што Анатоль Свідэрскі прайшоў усю вайну разам з 728-м знішчальным авіяцыйным палком. Ён быў авіяцыйным механікам і абслугоўваў самалёты гераічных лётчыкаў. Дзякуючы яго майстэрству, лётчыкі маглі здзяйсняць подзвігі і набліжаць Перамогу. Сёння вучні з настаўнікамі ўваскрасілі памяць пра яго. На сродкі педагогаў школы была выраблена і размешчана на гранітнай пліце памятная дошка з інфармацыяй аб яго ўзнагародах. Па ініцыятыве пошукавага атрада было прынята рашэнне дагля­даць магілу А.Свідэрскага.

— Даследаванні і пошук садзейнічаюць усведамленню дзецьмі мужнасці і гераізму, што праяўлялі іх прадзеды ў гады ваеннага ліхалецця. Яны пачынаюць выразна разумець важнасць захавання гістарычнай памяці, каштоўнасць захавання міру і дабрабыту ў нашай краіне, — гаворыць Ганна Дзядкова.

Зараз клубаўцы ўдзельнічаюць у сумесным навуковым праекце “Агульны шлях да Вялікай Перамогі” сярод школьнікаў дзвюх краін — Рэспублікі Беларусь і Чувашскай Рэспублікі — па ўстанаўленні лёсаў ураджэнцаў Чувашыі, удзельнікаў вызваленчай аперацыі “Баграціён”, якія загінулі на шклоўскай зямлі.

Яшчэ адным напрамкам пошукавай работы з’яўляецца агульнашкольны праект “Па­мяць пакаленняў”. Летась у маі на штогадовай школьнай канферэнцыі дырэктар школы Алеся Марцінкова перадала ў музей баявыя ўзнагароды свайго дзеда Ягора Піменавіча Матлаха, партызана брыгады “Чэкіст”. Таксама яна расказала навучэнцам пра лёс сваёй бабулі Ніны Аляксееўны, якая была загнана ў фашысцкае рабства. Старонкі ваеннай гісторыі сям’і дырэктара пакінулі глыбокі след у сэрцах навучэнцаў, і яны зацікавіліся мінулым сваіх прадзедаў і прабабуль. Так нарадзіўся новы праект “Памяць пакаленняў”. Навучэнцы сумесна з бацькамі склада­юць радавод сваёй сям’і, збіраюць інфармацыю, успаміны сваіх бабуль і дзядуляў пра герояў вайны ў сваёй сям’і. Юныя клубаўцы працуюць з архіўнымі данымі і дапамагаюць ім узнавіць баявы шлях сямейнага героя. Пошукавая дзейнасць дала магчымасць устанавіць ваенныя лёсы сваякоў 23 навучэнцаў школы. Некаторыя з іх, дарэчы, былі прадстаў­лены ўдзельнікам прэс-туру.

Пра сваю дзейнасць школьнікі расказваюць у інтэрнэце. Створаны інтэрнэт-суполкі ва “УКантакце”, а таксама на YouTube-канале “Старасельскі край”.

— Мінулае не знікае бясследна, яно прабіваецца ў сучаснасць, пакідаючы тысячы сведчанняў свайго існавання ў выглядзе помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Нам, нашчадкам Вялікай Перамогі, неабходна заха­ваць гэтую памяць і перадаць яе наступным пакаленням, — пераканана дырэктар школы Алеся Марцінкова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА