Памяці Бацькі Міная

- 17:07Нам пішуць

Святкаванне Дня Перамогі — важная падзея для ўсіх людзей нашай краіны. Яно не можа прайсці незаўважаным і для выхаванцаў ясляў-сада № 8 Віцебска. 6 мая ў нашай установе дашкольнай адукацыі прайшло музычна-літаратурнае свята, прысвечанае Дню Перамогі.

У гэты дзень педагогі старшай і сярэдняй груп расказалі дзецям пра тое, калі і чаму пачалася вайна і як нялёгка дасталася нашай краіне гэтая Вялікая Перамога. Была праведзена тэматычная гутарка пра Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова (Бацьку Міная). Наш дзіцячы сад размешчаны на вуліцы, якая носіць назву першага ганаровага грамадзяніна Віцебска Міная Піліпавіча Шмырова. Гэтак жа ў цёплай абстаноўцы прайшоў канцэрт для выхаванцаў ясляў-сада, дзеці спявалі песні, чыталі вершы, танцавалі. Свята завяршылася ўрачыстым ускладаннем кветак ля помніка М.П.Шмырову, у якім прынялі ўдзел кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалай Валер’евіч Арлоў, дачка Героя Савецкага Саюза Дзіна Мінаеўна Шмырова, дырэктар сярэдняй школы № 43 Віцебска імя М.П.Шмырова, адміністрацыя і выхаванцы ясляў-сада № 8 Віцебска.

Памяць пра перамогу павінна жыць, а для дзяцей дашкольнага ўзросту гэта адзін з першых урокаў нашай гісторыі.

Таццяна МІНКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 8 Віцебска.