Панараму вопыту па розных напрамках работы прадставілі педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі Шклоўскага раёна

- 14:23Пресс-тур «Настаўніцкай»

Панараму вопыту педагагічнай дзейнасці па розных напрамках прадставілі ўдзельнікам прэс­-туру педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі Шклоўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юныя экаляты

Першыя крокі ў вывучэнні прыроды роднага краю робяць выхаванцы дзіцячага сада № 2 Шклова. Як расказала загадчыца гэтай установы Людміла Курачкіна, напрыканцы 2024 года па ўзгадненні з Магілёўскім лясгасам на базе сада было адкрыта дашкольнае лясніцтва “ЭКАсябры”. У яго склад увайшлі 15 хлопчыкаў і дзяўчынак з сярэдняй групы. Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці знаёмяцца з раслінным і жывёльным светам беларускіх лясоў, займаюцца даследаваннямі, ро­бяць карысныя прыродаахоўныя справы. Сваю дзейнасць юныя “экасябры” прэзентавалі гасцям.

— Мы хочам навучыць нашых выхаванцаў свядома ставіцца да прыроды, любіць яе, ахоўваць, умець даглядаць аб’екты жывой і нежывой прыроды. Таксама перад намі ­стаіць мэта ранняй прафарыентацыі. Магчыма, пройдзе час, перад нашымі выхаванцамі паўстане пытанне, куды пайсці вучыцца, і яны выберуць менавіта гэты шлях — ахоўваць прыроду, — заўважыла Людміла Мікалаеўна.

За невялікі перыяд існавання лясніцтва напрацавана пэўная метадычная база, каб у даступнай форме дано­сіць выхаванцам тую ці іншую інфармацыю. Выхавальніцай Таццянай Саўчанковай распрацаваны дапаможнікі “Юныя экаляты”, “Сарціроўка смецця”, дыдактычныя гульні “Чый лісцік”, “Зімуючыя птушкі”, “Пералётныя птушкі” і інш., якія выкарыстоўваюцца педагогамі ўстановы як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. Дарэчы, гэтыя дапаможнікі ўдзель­нікі прэс-туру змаглі ўбачыць на выставе.

— Мы выкарыстоўваем самыя розныя формы работы. У зімовы перыяд удзяляем асаб­лівую ўвагу назапашванню тэарэтычных ведаў. Была праведзена прыродаахоўная акцыя “Пакармі птушак зімой”. Разам з работнікамі лясгаса на тэрыторыі ўстановы былі развешаны кармушкі, і штодзень дзеці з педагогамі кармілі птушак і назіралі за імі. У цяперашні час праходзіць акцыя “Чакаем крылатых сяброў”. Бацькі вырабляюць шпакоўні. 1 красавіка яны былі ўстаноўлены на тэрыторыі дзіцячага сада. Вельмі многа планаў у нас на вясну і лета. Право­дзім эксперымент па вырошчванні саджанцаў сасны. У красавіку сумесна з магілёўскім лясгасам плануецца высадзіць алею з туй на тэрыторыі ўстановы ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі, — адзначыла Людміла Курачкіна.

Знаёмцеся: Шклоў

Калектыў дзіцячага сада № 6 Шклова працуе ў напрамку патрыятычнага выхавання да­школьнікаў, рэалізуючы інавацыйны праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная ма­дэль”.

У межах праекта “#Мая_зямля_Прыдняпроўе” творчыя педагогі Ганна Гількова і Кацярына Юковіч стварылі буклет маршруту выхаднога дня па Шклове для бацькоў і выхаванцаў. А потым нарадзілася ідэя стварыць цэлую серыю буклетаў “Горад, у якім я жыву”, якая раскажа пра горад, яго славутасці, спартыўныя і прамысловыя аб’екты.

— Даступна расказаць да­школьнікам пра аб’екты, што знаходзяцца ў горадзе, не заўсёды лёгка, — падзялілася загадчыца дзіцячага сада № 6 Іна Лісічык. — Мы падабралі ілюстрацыйны, тэкставы матэрыял, які з дапамогай QR-кодаў змясцілі на буклетах. Дарэчы, яны ёсць на сайце ўстановы. Мы не спыніліся на дасягнутым. Вырашылі стварыць квестбукі, якія больш падрабязна раскажуць пра горад. Калі буклеты прызначаюцца для бацькоў, то квестбук дапаможа кожнаму турысту Шклова адолець маршрут і азнаёміцца з памятнымі мясцінамі горада. Серыя складаецца з трох квестбукаў: “Шклоў: ад вытокаў да сучаснасці”, “Шклоў: дарогай памяці”, “Знаёмцеся: Шклоў”. Квестбук уяўляе сабой блакнот, у якім сабраны падрабязны маршрут з лакацыямі, дзе можна пафатаграфавацца, па­снедаць, прыемна правесці час. З дапамогай QR-кодаў можна атрымаць даступную інфармацыю. Гэтыя квестбукі знаходзяцца ў краязнаўчым музеі Шклова. Так мы папулярызуем сваю работу.

Фінансавае падарожжа

Дзіцячы сад № 15 Шклова з верасня рэалізуе рэгіянальны праект “Фарміраванне асноў эканамічнай культуры ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з дапамогай сюжэтна-ролевых гульняў”.

— Сучаснае дзіця з самага пачатку свайго жыцця трапляе ў асяроддзе, у якім адбываюцца розныя эканамічныя працэсы, сустракаюцца эканамічныя словы і паняцці. Развіццё эканамічнага мыслення, інтэлектуаль­ных здольнасцей дзяцей праз знаёмства з элементарнымі эканамічнымі паняццямі — задача сённяшняга дня, — адзначыла выхавальніца Ксенія Лукашэвіч. — Асновы эканамічнай культуры лягчэй фарміруюцца ў гульні.
Дзеці вучацца арыентавацца ў эканамічных паняццях, закладваецца база сацыяльнага развіцця дзіцяці, яго адносін да навакольнай рэчаіснасці. У суаўтарстве з выхавальніцай Ксеніяй Чаранковай быў распрацаваны шэраг дыдактычных гульняў, сабраны альбом “Банкноты свету”, лэпбукі, якія знаёмяць дзяцей з паходжаннем грошай, гульня-кніжка-расфарбоўка “Як Сарока карту згубіла”, тэатралізаваныя гульні.

Дыдактычная гульня “Банкамат” знаёміць дашкольнікаў з банкаўскімі карткамі, вучыць карыстацца імі. Каб матэрыял лягчэй засвойваўся, на кожнай карце прапанаваны гульні па розных напрамках: “Купля і продаж”, “Грошы”, “Чалавек у свеце прафесій” і інш.

Педагогі распрацавалі таксама лэпбук “Эканамічная культура”, з дапамогай якога дзеці знаёмяцца з расходамі сямейнага бюджэту, з тым, як накапіць грошы на мару, як сэканоміць. Створаны таксама інтэрактыўныя гульні “Супермаркет”, “Што трэба?”, “Фінансавае падарожжа”. І што немалаважна, у гэты праект уключаны не толькі выхаванцы, але і іх законныя прадстаўнікі.

Лабараторыя адкрыццяў

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя, якім кіруе Вікторыя Касцевіч, выбудавана ўласная сістэма далучэння дзяцей да навукі, фарміравання ў іх даследчых навыкаў. Дарэчы, па выніках работы за 2024 год у абласным спаборніцтве ўстанова адзначана дыпломам І ступені.

У бягучым навучальным годзе ўсе педагогі дашкольнага цэнтра паспяхова скончылі анлайн-курс “Лабараторыя адкрыццяў: для пачынаючых” у межах аднайменнага адукацыйнага праекта, які быў распрацаваны і прадстаўлены Паркам высокіх тэхналогій.

— Ва ўстанове быў адкрыты гурток “Лабараторыя адкрыццяў: для пачынаючых”, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Марыя Лізунова. — Мэта заняткаў — прыцягненне ўвагі выхаванцаў да эксперыментавання, стварэнне ўмоў для фарміравання ў іх пазнавальнай цікавасці і развіцця даследчых уменняў як асновы прапедэўтыкі да вывучэння вучэбных дысцыплін прыродазнаўча-матэматычнага профілю ў школе. Падчас засваення праграмы выхаванцы знаёмяцца з фізікай, вучацца аналізаваць і разумець фізічную прыроду навакольных з’яў. Унікальнасць праграмы — у даступным тлумачэнні фізічных працэсаў на наглядных прыкладах з жыцця, выкарыстанні простых і зразумелых аналогій.

Адукацыйны праект разлічаны на ўвесь навучальны год. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень. Для педагогаў ПВТ распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па правядзенні заняткаў, а таксама ёсць у доступе дэманстрацыйныя і раздатачныя матэрыялы, у тым ліку поўнае апісанне ўсіх доследаў і праектаў.

Удзельнікі прэс-туру мелі магчымасць наведаць вучэбныя заняткі ў старшай групе па тэме “Шчыльнасць рэчыва”, якія правяла выхавальніца Вераніка Дуйнова. Дашкольнікі разам з педагогам праводзілі дослед “Вясёлка” па змешванні некалькіх вадкасцей: мёду, афарбаванай вады і алею. Напрыканцы заняткаў дзеці ўбачылі, што прапанаваныя вадкасці не змешваюцца, і зрабілі выснову, што яны размяшчаюцца ў ёмістасці ў залежнасці ад шчыльнасці рэчыва.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА