Папоўнілі рады мытнай службы

- 10:53Вышэйшая школа

Дзесяць дыпломаў з адзнакай — з такім вынікам адбыўся першы выпуск спецыяльнасці “Мытная справа” на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А ўсяго гэтую спецыяльнасць атрымалі 27 чалавек.

Як адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Іры на Кітурка на цырымоніі ўручэння дыпломаў, якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў спрыяла і цеснае супрацоўніцтва з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй, арганізацыя практыкі непасрэдна ў пунктах пропуску.

— Прадстаўнікі мытні прымалі актыўны ўдзел ў складанні вучэбных планаў, студэнты праходзілі там практыку, — сказала Ірына Фёдараўна.

Начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні дзяржаўны саветнік мытнай службы III рангу Андрэй Кавальчук у гэтым годзе ўзначальваў экзаменацыйную камісію падчас дзяржаўных экзаменаў. Андрэй Мікалаевіч таксама ўручаў дыпломы выпускнікам і зачытаў віншавальны адрас ад старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрыя Сянько. У віншаванні гаворыцца, што беларуская мытня зацікаўлена ў высокакваліфікаваных кадрах, якія ведаюць сваю справу, імкнуцца да поспехаў і прафесійнага росту. А.М.Кавальчук уручыў выпускніцы Кацярыне Голад Падзяку старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, некаторым іншым выпускнікам — падзякі начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

— Першы набор на спецыяльнасць “Мытная справа” ў ГрДУ адбыўся ў 2017 годзе. І кожны год конкурс пры паступленні на гэтую спецыяльнасць быў вельмі высокі. Актыўнымі, мэтанакіраванымі былі студэнты ўсе гады вучобы. Па іх ініцыятыве была ўведзена форма студэнтаў-мытнікаў і клятва студэнта. Ужо на другім курсе яны апранулі форму і далі клятву быць вернымі ўніверсітэту, Радзіме і народу і прыкласці ўсе намаганні для сістэмнага і глыбокага авалодвання тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі выбранай прафесіі, — расказвае дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава.

 Сярод вучэбных дысцыплін былі “Мытна-тарыфнае і нетарыфнае рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці”, “Таваразнаўства і таварная наменклатура знешнеэканамічнай дзейнасці”, “Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы мытнай справы”, “Асновы лагістыкі”, “Мытная справа Еўрапейскага саюза”, “Асновы расследавання злачынстваў, аднесеных да кампетэнцыі мытных органаў” і шмат іншых практыка-арыентаваных дысцыплін. Студэнты вывучалі па дзве замежныя мовы.

Разам з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Мытная справа” вучыліся грамадзяне Расіі і Туркменістана.

Для большасці выпускнікоў першага выпуску спецыялістаў мытнай службы першым месцам працы стане Гродзенская рэгіянальная мытня, некаторыя плануюць працягнуць навучанне ў магістратуры.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны СЯРЖАНТАВАЙ.