“Парад” навук

- 12:14Нам пішуць

Галоўная падзея ў сярэдняй школе № 5 г. Навагрудка — правядзенне з 22 па 26 студзеня тыдня навукі, прысвечанага Дню беларускай навукі. Дэвізам яго стала лацінскае выслоўе “Gaudium in litteris est” (суцяшэнне ў навуках). На працягу тыдня ў школе працавалі інтэлектуальныя клубы розных кірункаў: “Юныя архімеды”, “Ньютаны”, “Мовазнаўцы”, “Патрыёты”, “Алхімікі”, “Экватар”, “Біяфішкі”, “Інфарматыкі”.

У панядзелак у фае школы дэманстраваліся відэаролікі аб апошніх дасягненнях беларускай навукі. Вучні пазнаёміліся з навуковымі распрацоўкамі беларускіх вучоных і даследчыкаў. Прадстаўнікі клубаў “Юныя архімеды”, “Ньютаны” і “Алхімікі” правялі з навучэнцамі 1—4 класаў цікавую гульню “Ці ведаеце вы?”

“Мовазнаўцы” прапанавалі ўзяць удзел у адкрытым мікрафоне для аматараў рыторыкі “Вам слова”.

Наступны дзень быў адметны для вучняў 5—6 класаў: іх захапіла цікавае падарожжа па гістарычных месцах роднага горада, якое правялі экскурсаводы клуба “Патрыёт”.

Для ўсіх ахвотных адкрылі творчыя майстэрні клубы “Экватар” і “Біяфішкі”. З задавальненнем вучні стваралі карту роднага горада, план прышкольнага сквера, віртуальны гербарый “Кветвавы квэст”, адкрытую біякнігу “Птушкі зімой у Беларусі”.

У клубе “Інфарматыкі” вучні 9—11 класаў працавалі над стварэннем праграмнага забеспячэння робата “Spiker”, які можа выконваць розныя каманды: хутка развярнуцца, схапіць прадмет сваімі клешнямі і страляць шарыкамі ў пэўным напрамку.

Вынікам работы тыдня навукі стала выстаўка адкрытых праектаў кожнага клуба пад адзіным дэвізам “Нашы адкрыцці ў Год навукі” .

Кожны дзень за работай навуковых пляцовак назіралі карэспандэнты школьнай газеты “Разам”. Іх рэпартажы, замалеўкі знойдуць сваё месца ў наступным нумары газеты.

Наталля ХАРАНЕНКА,
кіраўнік школьнага прэс-цэнтра газеты “Разам”
сярэдняй школы № 5 Навагрудка Гродзенскай вобласці