Пытанні экалогіі з’яўляюцца вельмі актуальнымі ў сённяшні дзень, таму вітаецца кожны крок насустрач прыродзе. І дзеці не павінны стаяць ўбаку ад падобных праблем. Добрай традыцыяй для вучняў нашай Навасёлкаўскай базавай школы стала дапамога Індурскаму лясніцтву ў пасадцы лесу. Старшакласнікі рэгулярна вясной выходзяць на прасекі, каб даць маладым саджанцам магчымасць цягнуцца сваімі галінкамі да сонца. Елачкі, бярозкі, сосенкі, дубкі старанна закопваюцца ў адведзеныя для іх ямкі, роўнымі радамі высяцца на яшчэ нядаўна неабжытай палянцы. З вучнямі спачатку праводзіцца навучанне мерам бяспекі, таму юныя работнікі акуратна і асцярожна карыстаюцца выдадзенымі прыладамі працы. Свежае паветра, нязмушаная атмасфера спрыяюць большай эфектыўнасці работы. А які смачны абед у перапынку на ўзгорку! Тая ж катлета, якой рэгулярна падсілкоўваюцца ў сталоўцы, на ўзлеску падаецца незвычайнай. А яшчэ можна паласавацца свежым бярозавым сокам. Лодырнічаць на пасадцы лесу не прыходзіцца, таму што ў пачатку дня вызначаецца план, які трэба выканаць. Такая работа зладжвае калектыў, бо працаваць прыходзіцца ў камандзе, а вынікі залежаць ад усіх яе ўдзельнікаў. Хлопцы і дзяўчаты выбіраюць аперацыі сабе па плячы: хтосьці падносіць саджанцы, іншы – рыхтуе ямкі, другі – прыкопвае расліны. Плюс яшчэ і ў тым, што вучні вучацца разбірацца ў відах дрэў, для іх не стане загадкай нейкая галінка з лісточкамі.
Сёлета сіламі нашай невялічкай школы было пасаджана пяць гектараў лесу. За старанную працу ў знак асаблівай падзякі вучням лясніцтва выпісала грамату. А лепшыя юныя работнікі на лінейцы апошняга званка ўзнагароджваюцца грашовымі прэміямі. Ды і разліковы рахунак установы значна папаўняецца.
І ўсім тым, хто мог далучыцца да пасадкі лесу, вельмі прыемна праз некалькі гадоў слухаць шапаценне пасаджаных іх рукамі дрэўцаў і з гонарам усведамляць, што дзякуючы іх намаганням шырацца лясныя масівы на нашай карце.
Батура Таццяна Аляксандраўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы.