“Пасадзім па дрэўцу – вырасце лес”

- 14:59Нам пішуць

Лес – наша багацце. Ён патрабуе пастаяннага догляду і ашчадных адносін да сябе. І ў гэтай справе школьнікі з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі дарослым. “Пасадзім па дрэўцу – вырасце лес”, – такім правілам кіруюцца вучні Паляцкішскай сярэдняй школы.

Штогод яны аказваюць дапамогу Беняконскаму лясніцтву ў пасадцы дрэў: садзяць маленькія елкі, сосны, бярозы. Гэта садзейнічае выхаванню ў школьнікаў любові і беражлівых адносін да прыроды, пашырэнню ведаў па асновах лясной гаспадаркі і аховы прыроды. Вучні школы (восьмага і дзясятага класаў) прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу – 2016”. Пасля інструктажу разам з лесніком Вячаславам Іванавічам Собалем школьнікі ўзяліся за справу: пасадзілі саджанцы на плошчы 1,7 га, а таксама правялі работу па садзеянні прыроднаму ўзнаўленню на плошчы 3,8 га. Усяго пасаджана 13 тысяч саджанцаў. Цяпер на месцы старога ельніку вырастуць маладыя дрэўцы. Школьнікі ўпэўнены, што справа, зробленая не за плату, а па жаданні сэрца, будзе карыснай людзям. Працай вучняў-добраахвотнікаў задаволены ляснік Вячаслаў Іванавіч Собаль. Ён перакананы ў тым, што той, хто пасадзіў сам дрэўца, ніколі не нанясе ўрон прыродзе.

Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.