Пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы глабальнай энергабяспекі на карысць усім

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы глабальнай энергабяспекі.

Аб гэтым заявіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі на панэльнай дыскусіі ў час 28-й сесіі канферэнцыі Міжнароднай энергетычнай хартыі, якая праходзіла ў сталіцы Туркменістана — Ашхабадзе.

Вадзім Закрэўскі падзякаваў за запрашэнне для беларускага боку прыняць удзел у сустрэчы і адзначыў важнасць тэм, што абмяркоўваюцца. “Размова ідзе аб такім важным пытанні, як інвестыцыі ў інтарэсах устойлівага развіцця энергетыкі, а таксама ва ўмовах дыверсіфікацыі транспартных маршрутаў энергарэсурсаў. Дыверсіфікацыя, шматграннасць энергапатокаў і ўдзел усё большай колькасці краін у гэтым працэсе з’яўляюцца найважнейшым фактарам у рамках глабальнай энергабяспекі, — сказаў намеснік міністра. — Таму пытанні інвестыцый у энергасектар, павышэння іх эфектыўнасці патрабуюць асаблівай увагі”.

Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў інтарэсах глабальнай энергабяспекі, што дасць магчымасць дабіцца большай эфектыўнасці ў вытворчасці, транспарціроўцы і размеркаванні выкарыстання энергарэсурсаў на эканамічна абгрунтаванай і экалагічна бяспечнай аснове. Паводле слоў намесніка міністра, беларускі бок гатовы разам абмяркоўваць пытанні, звязаныя з мадэрнізацыяй дагавора Міжнароднай энергетычнай хартыі.

“Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы, знаходзячыся паміж энергасістэмамі Расіі, Украіны і Польшчы, — адзначыў Вадзім Закрэўскі. — Каб задзейнічаць свой геастратэгічны патэнцыял і забяспечыць эфектыўнасць энергакомплексу, Беларусь развівае супрацоўніцтва ў такіх галінах, як стварэнне і развіццё агульных рынкаў, навуковыя даследаванні, павышэнне кваліфікацыі кадраў, развіццё паслуг у энергасферы”.

Беларусь захоўвае і падтрымлівае свае пазіцыі надзейнага партнёра па забеспячэнні бесперабойных паставак энерганосьбітаў у Еўрасаюз. “Як надзейная краіна-транзіцёр мы адкрыты для ажыццяўлення інфраструктурных праектаў у інтарэсах забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай энергабяспекі”, — заявіў ён.