Патрэба аб’ядноўваць сэрцы

- 17:06Нам пішуць

Новы год і Каляды – дзівосны час цудаў, вясёлых святаў, падарункаў і прыемных сюрпрызаў. Для дзяцей з Васілевіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку новы год пачаўся з нечаканай радаснай сустрэчы – да іх прыехалі дарагія госці з Мазыра.

Дзеці адправіліся ў займальнае падарожжа ў Развіццёвую Краіну. Маршрут складаўся са станцый Святлафорыя, Танцавальная, Пажарна-пазнавальная, Зорны час. Выхаванцы школы-інтэрната і іх новыя сябры гулялі ў вясёлыя гульні, адгадвалі загадкі, расказвалі вершы, спявалі песні.

Атмасфера ў зале была вельмі цёплай, прыязнай. А затым госці раздавалі ўсім дзецям падарункі: кожнаму дзіцяці ўручалі скрынку з зімовым абуткам і парай цёплых шкарпэтак. Словы шчырай падзякі гасцям прагучалі ад дырэктара школы І.С.Цыцуры і педагога-арганізатара Л.У.Зуёнак.

Добрымі чараўнікамі для навучэнцаў Васілевіцкай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку сталі валанцёры з Калінкавіцкага цэнтра вольнага часу і прадстаўнікі розных арганізацый Мазыра. Члены дабрачыннага фонду “Аб’ядноўваючы сэрцы” Мазыра здолелі сабраць значную суму для набыцця зімовага абутку навучэнцам школы-інтэрната. Становіцца цяплей на сэрца ад думкі, што побач ёсць такія людзі, якія заўсёды спяшаюцца на дапамогу.

Кацярына БЕЛАЯ,
выхавальніца Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай
школы – інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.