Сённяшні госць праекта “Мая школа” з’яўляецца, бадай, самым маладым дырэктарам музея ў нашай краіне — узначаліў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, калі яму было 26 гадоў. Сёння Павел Міхайлавіч САПОЦЬКА расказвае чытачам “Настаўніцкай газеты” пра школьныя гады і раскрывае прафесійныя сакрэты.
— Павел Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства і сям’ю.
— Я родам з Маладзечна. Гэта мой любімы горад: тут я нарадзіўся і вырас і тут прыняў рашэнне, што мне трэба працаваць у сферы культуры.
Сям’я, у якой рос, да сферы культуры не мае ніякага дачынення. Тата Міхаіл Станіслававіч Сапоцька — будаўнік, маці Алена Уладзіміраўна Смірнова — метролаг, дзядуля — ваенны, але амаль усё жыццё працаваў начальнікам аднаго з аддзелаў на радыёзаводзе “Спадарожнік”, а бабуля — настаўніца матэматыкі.
Выхаванне ў сям’і было вельмі дэмакратычным і спакойным. Глабальных канфліктаў з бацькамі не было. Адно што я не заўсёды хацеў вучыцца, але аўтарытэт бабулі-педагога рабіў сваю справу.
Патрэбы сваволіць і лазіць па будоўлях і платах не было. З пункту погляду выхавання ў мяне была поўная свабода. Але я ёй не карыстаўся. Відаць, таму, што падсвядома падлеткі імкнуцца рабіць тое, што забаронена. Напрыклад, я ніколі не курыў і нават не спрабаваў. Шмат чаму сапраўды здзіўляўся: ніколі не мог зразумець, навошта недзе па завуголлях патаемна ад бацькоў збірацца кампаніяй, калі можна прыйсці да мяне. Мае бацькі былі толькі рады гасцям.
Бабуля і дзядуля па матчынай лініі да гэтага часу жывуць у Маладзечне недалёка ад бацькоў — на суседніх вуліцах, і ў мяне ёсць традыцыя: калі я на выхадныя прыязджаю ў Маладзечна, на абед іду да бабулі з дзядулем.
Татавы бацькі, якіх, на жаль, ужо няма, былі надзвычай культурнымі і прыстойнымі людзьмі. Яны жылі ў вёсцы Аляхновічы, што знаходзіцца каля трасы Мінск — Маладзечна.
Я заўсёды меў за ўзор станоўчую мадэль зносін. Узяць хаця б адносіны майго таты і яго цешчы — яны ламаюць усе прынятыя і растыражаваныя ў грамадстве стэрэатыпы.
Калі я сказаў, што трэба ісці ў сацыяльную сферу і культуру, сям’я здзівілася, але здзіўленне было прыемным і пазітыўным: “Культура — гэта таксама вельмі добра, але незразумела, чым ты будзеш займацца…” Нават зараз, калі я расказваю пра сваю работу, яны ўсё ўспрымаюць у якасці экзотыкі.
— Вашы школьныя гады прайшлі ў Маладзечне. Чым яны былі адметныя?
— У гэтым годзе маёй школе — 75 гадоў. За сваю гісторыю гэтая ўстанова адукацыі паспела пабыць і школай, і ліцэем, а цяпер з’яўляецца гімназіяй. Але што з 1961 года заўсёды заставалася нязменным — гэта № 7. На памяць прыходзіць цікавы факт, як нас урачыста пасвяцілі ў ліцэісты, а літаральна праз некалькі месяцаў установа атрымала статус гімназіі.
Шмат у чым выбар прафесіі грунтаваўся на тым, што адбывалася ў школьныя гады. Менавіта ў школе пачынае фарміравацца любоў да адных сфер дзейнасці і дысцыплін і нянавісць да іншых, прыхільнасць да адных настаўнікаў і непрыязнасць да іншых.
— Ці не занадта катэгарычна так гаварыць пра настаўнікаў?
— У маім выпадку менавіта так і было. Былі настаўнікі, да якіх хацелася ісці, нават калі яны былі вельмі строгімі і патрабавальнымі: бралі сваёй харызмай і апантанасцю прадметам, уменнем цікава падаць вучэбны матэрыял.
Я вельмі любіў літаратуру, гісторыю, хімію, геаграфію. Нармальна давалася і матэматыка. А вось астраномію і фізіку ненавідзеў, але не толькі таму, што не разумеў іх. Оптыка і магнетызм мне скарыліся, а вось астатняе — ніяк “не заходзіла”.
— Але, як ні дзіўна, матэматыка ў вас ішла добра. Што яшчэ было для вас лёгкім?
— Вось што было лёгкім, дык гэта хімія. Любіў таксама геаграфію. Матэматыка мяне таксама асабліва не цікавіла, але, дзякуючы ўвазе бабулі, я быў вымушаны яе добра ведаць — мы шмат дадаткова займаліся. Мне падабаліся ўсе вобразныя навукі, нават геаметрыя.
Не скажу, што вучыцца было лёгка, аднак школьныя гады ўспамінаю ўсё ж з цеплынёй. Не так даўно мне прапанавалі сустрэцца з сённяшнімі навучэнцамі маёй школы, і я з вялікай радасцю пагадзіўся.
— Чым займаліся, як кажуць, у якасці грамадскай нагрузкі?
— Недзе ў 4 класе мяне прызначылі спачатку адказным за выпуск насценгазеты, а потым я стаў займацца падрыхтоўкай культурна-масавых праграм і іншага. Я атрымліваў ад гэтага сапраўдны кайф. Мяне ніколі не цікавіў творчы складнік — цікавіў, можна сказаць, арганізатарскі бум: прыйсці, прынесці, дамовіцца, узгадніць, прыехаць… Потым я стаў актыўна супрацоўнічаць з нашым Палацам культуры ў Маладзечне.
Я вельмі любіў фатаграфаваць, і дырэктар школы заўсёды прасіла фатаграфаваць тыя падзеі, якія адбываліся ў школе. Часам да мяне звярталіся нават з раённай газеты: прасілі фота і “што-небудзь напісаць” пра мерапрыемства. Ніколі не адмаўляўся.
Адной з цікавых работ таго часу быў арыгінальны фотапраект: я рабіў фотаздымкі вядомых жыхароў горада, браў у іх невялікія інтэрв’ю, цытаты з якіх станавіліся подпісамі да фотаздымкаў. Матэрыялы былі сабраны ў невялікую кніжачку, якую мы саматугам зрабілі да 620-годдзя Маладзечна, якое адзначалася ў 2008 годзе. Цікавым у гэтым праекце былі найперш зносіны з людзьмі, вельмі рознымі і самадастатковымі, творчымі і харызматычнымі.
Школа для мяне стала моцным плацдармам і добрым падмуркам для далейшай працы.
— Каго з настаўнікаў успамінаеце з найбольшай цеплынёй?
— Першай настаўніцай у нулявым падрыхтоўчым класе была Таццяна Аляксандраўна Віткоўская. Яна была цудоўным педагогам і ўмела знайсці падыход да кожнага, пастаянна была з намі: мы і ў паходы хадзілі, і ў тэатр, і ў кіно. Пасля таго як я скончыў школу, мы дастаткова часта перасякаліся ў горадзе, і вестка пра тое, што яе ўжо няма, для мяне была адчувальнай.
Класныя кіраўнікі мяняліся ў нас ледзь не кожны год: Таццяна Аляксандраўна, Валянціна Васільеўна, Вольга Вячаславаўна, Таццяна Уладзіміраўна, Валянціна Аляксееўна…
Але самым яркім з класных кіраўнікоў была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Буйко. З ёй мы і зараз на сувязі, арганізоўваем сумесныя акцыі і праекты. У мае школьныя гады гімназіяй кіравала Вольга Васільеўна Малярэвіч, з якой таксама ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны. Да сённяшняга часу цікаўлюся іх справамі і не забываю павіншаваць са святамі гэтых двух педагогаў. Спадзяюся, сёлета зноў сустрэнемся на юбілеі школы.
Мае словы вялікай павагі да кожнага з настаўнікаў! За веды, за шчырасць, за дапамогу, за падтрымку!
Было па-рознаму, але добрага было больш. Памятаю, што нас перакідалі з класа ў клас, на нас выпрабоўвалі шэраг навацый: мы пераскоквалі праз ад зін клас, здавалі экзамены ў ліцэйскія класы, нават трапілі ў той год, калі былі вымушаны ў 11 класе вучыцца год за два, калі на вывучэнне рамана “Вайна і мір” праграмай па рускай літаратуры было вызначана 2 (!) урокі.
У ліцэі профіляў было нямнога: для прасунутых вучняў былі хіміка-біялагічны і фізіка-матэматычны, а тэхнолага-канструктарскі — для ўсіх астатніх. Хочаце — верце, хочаце — не, але фізіка-матэматычны профіль у ліцэі я выбраў, кінуўшы кубікі. Мне было абсалютна ўсё роўна, бо профілю, які б адпавядаў маім цікавасцям, не было. Гэта былі не самыя прыемныя два гады, бо я з цягам часу зразумеў бесперспектыўнасць свайго знаходжання тут. А ў гімназіі выбар профільных напрамкаў быў большы, і тады я выбраў мову, літаратуру і гісторыю Беларусі.
Пакідаў школу я вельмі балюча. Было адчуванне трагізму сітуацыі: расставанне са старымі сябрамі, негатоўнасць да новага этапу жыцця, трывога за паступленне і будучыя праблемы пры пераездзе ў іншы горад, іншыя людзі і іншыя зносіны. Радасці, што заканчваю школу, не было адназначна, але гэта было звязана найперш з нявызначанасцю будучыні. Калі паступіў, культурны шок доўжыўся тыдзень. Я палюбіў і Мінск, і ўніверсітэт.
— Ці сустракаецеся са сваімі аднакласнікамі?
— Я быў на першым вечары сустрэчы з выпускнікамі. Але на той момант мы, відаць, яшчэ не паспелі засумаваць адно па адным, да таго ж ні ў каго не было ніякіх асабліва значных дасягненняў, так што тая сустрэча нічым асаблівым не запомнілася. А зараз, калі здараюцца выпадковыя сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі, мне вельмі прыемна іх бачыць — усіх, з кім меў зносіны, і нават з тымі, з кім сяброўскіх зносін не падтрымліваў. Памятаю, неяк у Маладзечне выпадкова сустрэў свайго настаўніка інфарматыкі і мы хвілін 40 размаўлялі, нягледзячы на дрэннае надвор’е.
— Наколькі цяжкім быў выбар будучай спецыяльнасці?
— Заканчваючы школу, я ў агульных рысах ведаў, чым буду займацца, але ў канкрэтыку доўгі час не паглыбляўся. Зразумеў, што культура — гэта тая сфера, з якой я хацеў бы звязаць сваё жыццё. І, як мне здаецца, не памыліўся. Аднак ва ўніверсітэт дакументы падаваў, як кажуць, упрытык, таму што да апошняга моманту не мог вызначыцца, куды ж паступаць. Я не быў на днях адкрытых дзвярэй: першы раз прыехаў падаваць дакументы, а другі — пасля залічэння (тое, што я паступіў на бюджэт, было святам!). З 1 верасня 2009 года лічу сябе элементам вялікай галіны пад назвай “Культура”.
Ва ўніверсітэце было зусім іншае, адрознае ад прывычнага мне жыццё. У школе былі настаўнікі, вучні і строга рэгламентаваныя зносіны, а ва ўніверсітэце і мы, і нашы выкладчыкі добра разумелі, што праз некаторы час мы станем калегамі, і адносіны і ўзаемадзеянне выбудоўваліся інакш.
Да таго ж нашы педагогі час ад часу ўкідвалі нас у працэс. Гэта было вельмі цікава, бо з’яўлялася магчымасць пабачыць, як гэта працуе знутры, і атрымаць першасны вопыт. Сваім студэнтам я заўсёды раю выкарыстоўваць любую магчымасць паваланцёрыць на разнастайных мерапрыемствах. І няхай у іх будуць не самыя ганаровыя функцыі, затое будзе магчымасць убачыць кухню і сам арганізацыйны і закулісны працэс.
— Відаць, і самі пачыналі з валанцёрства?
— На другім курсе я падключыўся да руху папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Праз некаторы час ён перарос у грамадскі фонд, і мяне, тады студэнта 3 курса, выбралі адказным сакратаром фонду. Было шмат сувязей і паездак, да нас прыязджалі вельмі вядомыя людзі, у тым ліку Іва Залускі, музыкант, нашчадак роду Агінскіх (праўнук старэйшага сына Амеліі, дачкі М.К.Агінскага). Было шмат дэлегацый з Расіі і Еўропы. Памятаю, як яшчэ ў студэнцкія гады трапіў у кабінет да рэктара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных легендарнай Галіны Васільеўны Маяроўскай, з якой мы ўзгаднялі падрабязнасці аднаго з праектаў.
Потым Уладзімір Мікалаевіч Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, прапанаваў працаваць у яго камандзе, дзе я адказваў за сувязі з грамадскасцю і работу са СМІ, а потым і за блок культуры, таму што членамі канфедэрацыі былі і многія арганізацыі гэтай сферы. Работы было многа, але было вельмі цікава. І першае размеркаванне ў мяне было менавіта ў канфедэрацыю: першы запіс у маёй працоўнай кніжцы — “дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу і сацыяльных ініцыятыў”. Калі пасля заканчэння магістратуры стаў выкладаць, працягваў кіраваць цэнтрам ужо на іншай пасадзе. Так што, калі прыйшоў працаваць у галерэю “Універсітэт культуры”, ужо шмат ведаў з уласнага вопыту.
— Хто з універсітэцкіх выкладчыкаў аказаў найбольшы ўплыў?
— Найперш гэта кандыдат педагагічных навук прафесар Святлана Барысаўна Майсяйчук, якая вяла ў мяне шэраг дысцыплін у студэнцкія гады, была куратарам групы і навуковым кіраўніком маіх першых работ. Яна аказала вялікі ўплыў нават не з боку свайго прадмета, а за кошт зносін. Сёння мы падтрымліваем з ёй вельмі цёплыя адносіны, шмат у чым прашу ў яе парады.

Таксама хацеў бы назваць загадчыка кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства, доктара гістарычных навук, прафесара Марыю Аркадзьеўну Бяспалую. З ёй мы бачымся ледзь не кожны тыдзень, таму што часта сутыкаемся па рабоце: яна з’яўляецца членам некалькіх нашых саветаў, а я — членам дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Мне вельмі прыемна, што я стаў першым студэнтам, які ў яе выкладчыцкай практыцы атрымаў на экзамене па гісторыі Беларусі “дзясятку”. Памятаю, што гэта быў мой першы экзамен падчас першай сесіі ва ўніверсітэце. Мы, першакурснікі, вельмі нерваваліся, і тым больш адметнай была мая рэакцыя: я нават пацалаваў яе. (Смяецца.)
— Пагадзіцеся, спецыялізацыя “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы” шмат для каго з’яўляецца загадкавай.
— Так. Сапраўды, у нечым спецыяльнасць міфічная. Станаўленне беларускай школы менеджменту ў сацыяльна-культурнай сферы ішло разам з фарміраваннем адпаведнай кафедры, якая ў мінулым годзе адзначыла 25-годдзе. Але да гэтага часу ў адносінах да прафесіі існуе стэрэатып. Нас і цяпер называюць “массовиками-затейниками”, успамінаючы мастацкі фільм “Мая марачка” з Людмілай Гурчанка ў галоўнай ролі. Але сёння менеджмент — гэта паўнавартасная навука. Гэта цэлая філасофія, праз якую раскрываюцца важныя законы арганізацыйна-творчай справы. І самае галоўнае — гэта вельмі цікавы аспект працы, дзе ёсць месца інтэлекту і крэатыву.
Навучанне на першым курсе пачалося з вельмі цікавых дысцыплін. Напрыклад, на тэорыі і гісторыі сацыяльна-культурнай дзейнасці мы вывучалі сацыякультурныя з’явы ад язычніцкіх свят да кінафестывалю “Лістапад”. Само паняцце “менеджмент” некаторыя людзі суадносяць выключна з эканомікай, але на самай справе гэта ўвесь працэс арганізацыі ад ідэі да ўвасаблення.
Я зараз выкладаю ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Вяду некалькі прыкладных дысцыплін, сярод якіх грантавы менеджмент, праектны менеджмент, тэхналогія арганізацыі міжнародных культурных сувязей. Са студэнтамі разбіраем кадравую палітыку і фінансаванне, нюансы работы з грантамі і зносін са сродкамі масавай інфармацыі, асаблівасці сувязі з рознымі ўстановамі і арганізацыямі.
— Раскажыце, як вы трапілі на адказную пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея?
— Я не творчы чалавек і да гісторыі і музейнай справы да некаторага часу адносін не меў. Некалькі гадоў працаваў дырэктарам Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, а потым міністр культуры прапанаваў узначаліць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Я папярэдне пагадзіўся, але ў працэсе ўзгадненняў мне прапанавалі пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея. Калі б прапанавалі цырк, заапарк ці тэатр (Смяецца.), я таксама пагадзіўся б, бо мне цікавая адміністрацыйная работа ў любой установе — сам арганізацыйны працэс. У некаторай ступені адміністрацыйная работа таксама творчая, бо неабходна ўлічваць шматлікія аспекты дзейнасці розных структурных падраздзяленняў установы. Мне падабаецца працаваць з прэсай, рыхтаваць канцэпцыі праектаў, выязныя мерапрыемствы. Менеджмент — гэта выратаванне для ўсіх галін чалавечай дзейнасці. Нездарма за мяжой да менеджменту ставяцца ледзь не як да мастацтва.
Ёсць мастакі, мастацтвазнаўцы, спевакі, акцёры, кампазітары, якія займаюцца творчасцю, а ёсць менеджары, прадзюсары, прамоўтары, піяршчыкі і спецыялісты па рэкламе, якія фактычна дапамагаюць ім працаваць. І я ўпэўнены, што першачарговая задача менеджменту — звязаць усіх у адзінае цэлае і дапамагчы ўсё зрабіць максімальна добра, прыгожа і ярка.
Грані творчасці ёсць шмат у якіх аспектах: і ў пошуку фінансавання, і ў рабоце са сродкамі масавай інфармацыі, і ў правядзенні перамоў.
На маю думку, моцнага менеджарскага корпуса ў нас, на жаль, няма і ў гэтым не ўсё добра. Чаму? Таму што шмат хто працягвае думаць пра менеджмент як пра клубную работу.
Як і прадстаўнікоў творчых прафесій — харэографаў, рэжысёраў, акцёраў — не можа быць многа, так не павінна быць занадта шмат бібліятэкараў і менеджараў у сферы культуры. Далёка не кожны, атрымаўшы дыплом, застаецца працаваць у гэтай галіне.
— У чым складанасці работы на пасадзе дырэктара музея?
— Я прыйшоў у музей у той час, калі толькі пачыналіся работы па праектаванні новага будынка нашага музея. Гэта будзе вялізны комплекс на 19 тысяч квадратных метраў. Даводзіцца далучацца да ўсяго: ад інжынерных сетак — да дызайну экспазіцыі. Пры гэтым бягучую работу, звязаную з дзейнасцю музея, ніхто не адмяняў.
Сёння музей удзельнічае ў велізарнай колькасці мерапрыемстваў: дні культуры, часовыя экспазіцыі, выставы ў рамках конкурсаў і фестываляў, творчыя сустрэчы і круглыя сталы, літаратурна-канцэртныя праграмы і прэзентацыі. Мы прадстаўлены амаль на кожным буйным мерапрыемстве, якое праходзіць у нашай краіне.
— Якія веды прыйшлося асвойваць самастойна?
— У пэўны час мяне зацікавіла тэма грантаў. Дзякуючы таму, што я працаваў у розных грамадскіх арганізацыях і меў магчымасць зносін з кіраўнікамі ўстаноў розных узроўняў, мяне зацікавіла кухня праектаў, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне ў сферах культуры, навукі, турызму і адукацыі, на якія выдаткоўваецца мэтавае фінансаванне. Вывучыў дзеючыя грантавыя праграмы ЮНЕСКА, Саюзнай дзяржавы, СНД, Савета Еўропы, Еўрасаюза і шмат якія іншыя, удзельнічаў у шматлікіх семінарах і канферэнцыях у нас і за межамі Беларусі. Што было цікава: у раздатачных матэрыялах былі выдадзены мінімальнымі тыражамі найкаштоўнейшыя ўнікальныя падборкі даследаванняў у гэтай сферы. Потым я сам стаў удзельнічаць у грантавых праграмах спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Еўрасаюза.
Праз некаторы час з’явілася магчымасць уключыць набытыя веды спачатку ў праграму курса, які я чытаў, а потым прапанавалі распрацаваць аўтарскі спецкурс па грантавым менеджменце.
— Вы да гэтага часу працягваеце выкладаць. Ці не замінае гэта асноўнай дзейнасці?
— Aльма-матар не адпускае. Ды і мне самому цікавая работа са студэнтамі. Яна, наадварот, дапамагае. Выкладчыцкая і навуковая праца вельмі добра дапаўняе маю практычную дзейнасць
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Паўла САПОЦЬКІ.











