Першы веснавы тыдзень у дзіцячым садку вучэбна-педагагічнага комплекса “Вердаміцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці традыцыйна быў прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню.
Каб найбольш яскрава паказаць дзецям ролю жанчыны ў розных сферах жыцця, была арганізавана акцыя “Знаёмая незнаёмка”. У навучальнай установе выхаванцаў няшмат, між тым гэта дае магчымасць творча расказаць пра маці, бабулю, іншых блізкіх жанчын кожнага хлопчыка ці дзяўчынкі. З дапамогай педагогаў кожнае дзіця змагло пазнаёміць і дарослых, і ўсіх выхаванцаў з тым душэўным скарбам родных жанчын, які на першы погляд і нябачны за паўсядзённымі справамі.Фотаздымкі, відэаролікі сямейных святаў, творчыя вырабы яскрава расказвалі пра тое, чым жывуць сем’і нашых выхаванцаў, якая пануе атмасфера ва ўзаемаадносінах паміж дарослымі і дзецьмі, а з творчых работ, прадстаўленых дзецьмі, даведаліся госці пра захапленні самых дарагіх жанчын у вольны час.
Тэматыка свята ўключала розныя віды дзейнасці дашкольнікаў. На занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў малыя вучыліся сервіраваць стол для гасцей так, каб кожны атрымаў прыгожы кубачак і спадачак. “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі…” – так называліся заняткі па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін. Шматлікія вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя маці, прагучалі на гэтых занятках у выкананні выхаванцаў. Кульмінацыяй перадсвяточнага тыдня стаў ранішнік “Павіншуем мам сваіх…” Зала ператварылася ў тэлевізійную студыю, дзе былі паказаны розныя тэлепраграмы. Дзеці сталі галоўнымі героямі гэтых праграм, а бацькі і госці – удзельнікамі і гледачамі. Ранішнія тэлепраграмы пазнаёмілі гледачоў з навінамі культуры і навукі, з цікавымі людзьмі, а дапоўніла тэлеэфір рубрыка “Прагноз надвор’я”. У праграме “Модны прысуд” маленькія модніцы дэфіліравалі ў шыкоўных капялюшах і шаліках, нават на высокіх абцасах. У кулінарным шоў да дзяцей і дарослых завітаў шэф-повар дзіцячага рэстарана “Вясёлка”, які навучыў гатаваць арыгінальныя бутэрброды “Караблікі”.
Насычаным быў і спартыўны тэлеэфір. Фінальнай праграмай стала “Песня года”. Кожны выканаўца расказаў пра пяшчотныя, шчырыя пачуцці да сваіх матуль, бабуль, сястрычак, сябровак.
Жанна БОРТНІК,
выхавальніца першай катэгорыі ВПК
“Вердаміцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Свіслацкага раёна.