Павіншуй ветэрана

- 12:02Нам пішуць

Што дзеці ведаюць аб далёкай вайне? На шчасце, няшмат. Аднак наш абавязак — захаваць памяць пра подзвіг, стойкасць, мужнасць беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выхаваць у дзяцей патрыятычны пачатак, любоў да Радзімы, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся. Толькі на тэрыторыі Драгічынскага раёна ў гады вайны поўнасцю або часткова знішчана 19 населеных пунктаў, расстраляна больш за 6 тысяч партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў, 2 тысячы салдат загінула на франтах ці прапала без вестак. Гэта і ёсць кошт сённяшніх мірных дзён.

Па добрай традыцыі ў Драгічынскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры ў маі праходзіць акцыя “Павіншуй ветэрана”. Выхаванцы з педагогамі наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у нашым горадзе: Сяргея Яўсеевіча Лапу, Міхаіла Васільевіча Грэчку, Міхаіла Данілавіча Мулярчыка, Ніну Аляксееўну Даўгун, Сцяпана Апанасавіча Ваяводу, Сяргея Іосіфавіча Авадка. Дзеці павіншавалі іх з Перамогай, уручылі кветкі і віншавальныя паштоўкі з атрыбутамі свята, якія зрабілі з вялікай любоўю сваімі рукамі. Ветэраны падзяліліся ўспамінамі пра цяжкія дні вайны, узгадалі тых, хто застаўся на палях бітваў, падзякавалі выхаванцам цэнтра за тое, што юнае пакаленне ведае, памятае і шануе подзвіг удзельнікаў вайны. Нягледзячы на свой узрост, ветэраны не скараюцца гадам і застаюцца мужнымі, шчырымі. Дзеці адчуваюць гэта і з радасцю даюць зразумець, што для іх Дзень Перамогі таксама вялікая падзея. Ветэранам раёна віншавальныя паштоўкі адпраўлены поштай.

Усе дзеці прынялі ўдзел у конкурсе-выставе малюнкаў пра вайну. Цікавай аказалася для дзяцей і святочная праграма “Гэты дзень мы набліжалі як маглі…” з конкурсам песень ваенных гадоў. 9 Мая педагогі і выхаванцы прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу і святочным парадзе, усклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Любоў НІКАЛАЙЧЫК,
дырэктар Драгічынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.