Павышаная ўвага — прафарыентацыйнай рабоце

- 11:10Планёрка ў рэгіёне

Драгічынскі раён — адзін з сельскіх раёнаў Брэстчыны, і гэта накладвае пэўны адбітак на функцыянаванне яго сістэмы адукацыі. З 4595 школьнікаў і 1205 дашкольнікаў ва ўстановы адукацыі падвозіцца 931 дзіця. У межах падрыхтоўкі выпускнікоў да цэнтралізаванага тэсціравання  арганізавана работа міжшкольных факультатываў. Сёлета сфарміраваны групы па вывучэнні матэматыкі, фізікі, англійскай, нямецкай і рускай моў, хіміі, біялогіі, грамадазнаўства і гісторыі Беларусі для 217 адзінаццацікласнікаў і 23 дзесяцікласнікаў. Пра гэта расказаў начальнік аддзела па адукацыі Драгічынскага райвыканкама  Брэсцкай вобласці Дзмітрый ІГНАТЧЫК.

— Дзмітрый Мікалаевіч, якая роля адводзіцца ў раёне прафарыентацыйнай рабоце? Як сёлета арганізавана профільнае навучанне? Ці ёсць у вас класы прафесійнай накіраванасці?

— Асаблівасцю прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ў раёне можна лічыць праект “Універсітэцкая субота”, запушчаны аддзелам адукацыі сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У 2018/2019 навучальным го­дзе прайшло 9 прафарыентацыйных сустрэч з ахопам 870 навучэнцаў. Падчас правядзення мера­прыемстваў “Універсітэцкай суботы” навучэнцы і іх бацькі сустракаліся з прадстаўнікамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і інш.

Акрамя таго, з мэтай дапрафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў рэалізоўваецца план сумеснай работы па арганізацыі мерапрыемстваў у шосты школьны дзень для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна на базе Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына. За бягучы перыяд гэтага навучальнага года праве­дзена 15 экскурсій у ліцэй для 126 навучэнцаў школ горада і раёна, 15 экскурсій у СВК і райаграсэрвіс, якія наведалі 65 навучэнцаў.

З 1 верасня 2019 года арганізаваны адукацыйны працэс па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для навучэнцаў 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна па I мадэлі на базе ўстаноў адукацыі і для навучэнцаў 10 класаў — па I і III мадэлі. Прафесійную падрыхтоўку па I мадэлі атрымліваюць 318 навучэнцаў па такіх прафесіях, як выканаўца мастацкіх работ, аператар электронна-вылічальных машын, разьбяр па дрэве і бяросце, сталяр, кветкавод, швачка. Па III мадэлі 20 навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Драгічына на базе абласнога ліцэя атрымліваюць прафесію аператара ЭВМ.

У раёне дзейнічаюць педагагічныя класы ў сярэдняй школе № 1 Драгічына і гімназіі.

— Якімі дасягненнямі вучняў і педагогаў раён ганарыцца?

—  У 2018/2019 навучальным годзе 25 выпускнікоў былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі, 55 працэнтаў паступілі ва УВА. Вынікі сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання значна пераўзышлі паказчыкі мінулага года: па пяці прадметах сярэдні бал па ЦТ вышэйшы за абласны, па 4 прадметах — вышэйшы за рэспубліканскі. 11 выпускнікоў з пяці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі паказалі 14 вынікаў у 90 балаў і вышэйшыя.

14 лістапада 2019 года ў сярэдняй школе № 1 Драгічына быў адкрыты STEM-клас пры падтрымцы Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій і асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”.  Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе ў конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. У STEM-класе дзеці вучацца праграмаванню, стварэнню сайтаў і дадаткаў, канструяванню робатаў, выкарыстоўваючы веды законаў фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі, вучацца 3D-мадэляванню і набываюць іншыя навыкі, без якіх хутка складана будзе ўявіць сабе жыццё ў сучасным грамадстве. Гэта павышае цікавасць да прыродазнаўча-матэматычных навук,  агульны ўзровень ведаў, дае матывацыю выбраць тэхнічную спецыяльнасць у перспектыве.

— Якія новыя формы дашкольнай адукацыі запатрабаваны сёння?

— У раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю новых форм дашкольнай адукацыі, у першую чаргу адаптацыйным групам, якіх адкрыта 6. Такая форма работы дазваляе паступова і бязбольна адаптавацца дзіцяці, якое толькі пачало навед­ваць установу дашкольнай адукацыі. Таксама на базе сельскіх устаноў працуе 6 сезонных, гульнявых пляцовак, 1 школа ранняга развіцця. Дарэчы, для забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі ў Драгічыне ў новым мікрараёне вядзецца будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома з убудаваным дзіцячым садам на 60 месцаў. Завяршаецца і ўзвядзенне другога ў раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу, куды падабраны кандыдаты на пасаду прыёмных бацькоў.

— Дзмітрый Мікалаевіч, якая роля раённага ВМК у павышэнні прафесійнага майстэрства настаўнікаў? Якія формы метадычнай работы карыстаюцца папулярнасцю ў педагогаў?

— Асноўная мэта работы раённага вучэбна-метадычнага кабінета — стварэнне ўмоў для ўдасканалення дзейнасці педагагічных кадраў у адпаведнасці з патрабаваннямі сучасных дасягненняў навукі і практыкі, развіцця педагагічнай творчасці і прафесійнага майстэрства, а таксама забеспячэнне арганізацыйных, навукова-метадычных, матывацыйных умоў для ўключэння настаўнікаў у творчы пошук па ўсвядомленым пераўтварэнні ўласнай практыкі на аснове сучасных метадаў. Сёння не менш важным з’яўляецца пашырэнне выкарыстання камп’ютарных і інавацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе і метадычнай рабоце. У бягучым навучальным годзе раённая метадычная сетка прадстаўлена 33 раённымі вучэбна-метадычнымі аб’яднаннямі, 6 школамі, 2 творчымі групамі, 2 кансультацыйнымі пунктамі, 4 пастаянна дзеючымі семінарамі.

Асаблівай папулярнасцю ў педагогаў раёна карыстаецца штогадовы фестываль “Метадычная вясна”, які традыцыйна праходзіць на вясновых канікулах. У рамках фестывалю педагогі прадстаўляюць вопыт эфектыўных педагагічных практык, дэманструюць знаходкі, наведваюць майстар-класы калег, знаёмяцца з метадычнымі напрацоўкамі ўстаноў адукацыі раёна. У лістападзе стартаваў конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года” ва ўстановах адукацыі раёна, і ўжо прайшлі пасяджэнні арганізацыйнага камітэта раённага этапу, дзе былі вызначаны тэрміны двух тураў, пералік конкурсных выпрабаванняў і крытэрыі іх ацэнкі.

— Што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі раёна ў гэтым навучальным годзе? Што вас больш за ўсё хвалюе як кіраўніка?

— Нягледзячы на стабільнасць функцыя­навання сістэмы адукацыі раёна, не могуць не хваляваць няроўныя вынікі выступлення навучэнцаў раёна на абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды па вучэбных прадметах. Хвалююць таксама і пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчанасці гульнявым і вучэбным абсталяваннем устаноў дашкольнай адукацыі. Заўсёды актуальная тэма стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці ва ўстановах адукацыі раёна. Над вырашэннем гэтых пытанняў мы і працуем зараз.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.