ПАГРАБНЁЎ Сяргей Сяргеевіч,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 39 Гродна.
Скончыў факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, мае кваліфікацыю “настаўнік фізічнай культуры і біялогіі”. Стаж работы — 16 гадоў. Педагагічнае крэда: “Ты павінен быць лепшым і дастойным”.
Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”
Сваю педагагічную дзейнасць Сяргей Сяргеевіч Паграбнёў накіроўвае на фарміраванне матывацыі навучэнцаў да заняткаў фізічная культурай. Робіць ён гэта пры дапамозе ўключэння ва ўрочную дзейнасць нестандартных практыкаванняў, метадаў і форм арганізацыі навучання.
“Матывацыйная сфера школьніка з’яўляецца важным кампанентам у арганізацыі вучэбнай дзейнасці, — лічыць настаўнік-метадыст. — Падтрыманне цікавасці і мэтанакіраванасці ў школьнікаў у многім залежыць ад таго, ці адчуваюць яны задавальненне ад урокаў фізічнай культуры, ці падабаюцца ім фізічныя практыкаванні. Галоўныя прычыны зніжэння задаволенасці фізкультурай — адсутнасць эмацыянальнасці ўрока, нецікавыя практыкаванні, малая ці празмерная фізічная нагрузка, дрэнная арганізацыя заняткаў. Настаўніку неабходна планаваць сваю педагагічную дзейнасць, абапіраючыся на пынцып “ад простага да складанага, ад невядомага да вядомага, ад нецікавага да цікавага”.
Педагог упэўнены, што сучасны ўрок фізічнай культуры павінен забяспечваць адзінства навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў, фарміраваць патрэбу ў сістэматычных фізічных практыкаваннях. Абавязковай умовай паспяховага развіцця ў школьнікаў актыўнай, устойлівай цікавасці да фізічнай культуры з’яўляецца выпрацоўка матывацыі. Без арыентацыі на вынік рухальная актыўнасць школьнікаў неэфектыўная. Стымуляваць актыўнасць навучэнцаў, раскрываць іх сілы, схаваныя магчымасці настаўніку-метадысту дапамагаюць нетрадыцыйныя формы арганізацыі ўрока.
У аснове педагагічнай сістэмы Сяргея Сяргеевіча Паграбнёва — некалькі блокаў павышэння матывацыі да заняткаў фізкультурай.
1. Блок музычнага складніка (музычнае суправаджэнне ўрока і спартыўна-масавых мерапрыемстваў).
“Музычнае суправаджэнне ўрокаў садзейнічае павышэнню настрою навучэнцаў, паляпшае эмацыянальны фон, зніжае стомленасць. Музычны твор падбіраю з улікам запытаў школьнікаў, выкарыстоўваю папулярныя трэкі”, — расказвае педагог.
Музыка можа гучаць на ўсіх этапах заняткаў: падрыхтоўчым (пры правядзенні АРП на месцы, у руху, пры выкананні спецыяльных бегавых практыкаванняў), асноўным (пры правядзенні гульняў, эстафет, спаборніцтваў; для замацоўвання і ўдасканальвання ўменняў і навыкаў) і заключным (пры выкананні практыкаванняў на рэлаксацыю, стрэтчынгу, рэфлексіі).
2. Блок нестандартных практыкаванняў (прымяненне складанакаардынаваных практыкаванняў як з прадметамі, так і без іх, спалучэнне розных практыкаванняў, работа са скакалкамі (роўп-скіпінг, двайная скакалка і інш.)).
“Выкарыстанне нестандартных практыкаванняў павышае цікавасць навучэнцаў дзякуючы таму, што яны складанакаардынаваныя, раней не выконваліся школьнікамі, праводзяцца з выкарыстаннем своеасаблівага інвентару (доўгія скакалкі, поліэтыленавыя пакеты, кеглі, пластыкавыя бутэлькі, пакрывала), — тлумачыць педагог. — Падчас урокаў фізкультуры стараюся спалучаць новыя віды дзейнасці з традыцыйнымі, напрыклад, роўп-скіпінг з элементамі баскетбола ці валейбола”.
3. Гульнявы і спаборніцкі блок (спалучэнне розных рухавых элементаў спартыўных гульняў, эстафет, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, дні здароўя).
“Ні адзін урок фізічнай культуры не праходзіць без гульні або спаборніцкага кампанента. Ва ўрок я ўключаю народныя рухавыя гульні (лапта, перастрэлкі, слон і інш.), спалучаю рухавыя гульні са спартыўнымі, а таксама аб’ядноўваю некалькі спартыўных гульняў (баскетбол і футбол, валейбол і футбол), нестандартныя гульні (фаўстбол, бланкетбол і інш.). Выкарыстоўваю незвычайныя практыкаванні ў спаборніцкай і гульнявой атмасферы пры правядзенні эстафет. Вельмі ярка і эмацыянальна праходзяць спартыўныя мерапрыемствы з удзелам бацькоў і настаўнікаў школы”, — расказвае Сяргей Сяргеевіч.
Аўтарскія распрацоўкі настаўнік-метадыст прымяняе як комплексна, так і асобна, па блоках, выкарыстоўвае падчас урокаў, на занятках спартыўных секцый і падчас правядзення фізкультурна-масавых мерапрыемстваў. Вялікае значэнне мае падрыхтоўка і прадумванне мерапрыемстваў, таму педагог стараецца прыцягваць да ўдзелу і арганізацыі спаборніцтваў калег і бацькоў навучэнцаў. Ён перакананы, што іх удзел спрыяе павышэнню матывацыі школьнікаў і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Сяргей Сяргеевіч з’яўляецца распрацоўшчыкам праграм, якія аблягчаюць вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў. Распрацоўкі выкарыстоўваюць настаўнікі школ, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў Гродна і шэрага школ Гродзенскага раёна, якія азнаёміліся з методыкай С.С.Паграбнёва.
“Толькі высокі прафесіяналізм выкладчыка і любоў да сваёй справы ў спалучэнні з рознымі метадамі, сродкамі, формамі і прыёмамі арганізацыі заняткаў даюць магчымасць павышаць матывацыю да вучэбнай дзейнасці і зацікаўленасць навучэнцаў у прадмеце”, — перакананы педагог.