Павышэнне цэн і тарыфаў павінна быць суразмернае росту даходаў насельніцтва

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Вынікі праведзенага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі паказалі, што са студзеня па верасень сітуацыя па кошце прадуктаў харчавання ў цэлым заставалася даволі стабільнай. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ФПБ па выніках круглага стала, арганізатарам якога выступіла федэрацыя.

Як адзначыла намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч, федэрацыя вядзе пастаянны маніторынг цэн па сацыяльна значных катэгорыях тавараў і паслуг у 137 раённых цэнтрах і буйных гарадах з 2017 года. Аналізуецца ўвесь ланцужок фарміравання цаны ад вытворцы да спажыўца.

“Вынікі праведзенага Федэрацыяй прафсаюзаў маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі паказалі, што на працягу 9 месяцаў сітуацыя па кошце прадуктаў харчавання ў цэлым заставалася даволі стабільнай: павышэнне цэн было адэкватным узроўню інфляцыі”, — адзначылі ў прэс-службе. Разам з тым па некалькіх таварных пазіцыях адбылося прыкметнае падаражанне. Напрыклад, з пачатку года выраслі цэны на свініну, мяса птушкі. У параўнанні з вераснем мінулага года значна падаражала такая агародніна, як буракі, морква, капуста, а таксама прасяныя крупы.

Да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны прадстаўнікі міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сельскай гаспадаркі і харчавання, эканомікі, аховы здароўя, Нацыянальнага банка, камітэта дзяржкантролю, гандлёвых сетак і перапрацоўчай прамысловасці. Сярод аб’ектыўных прычын, якія прыводзяць да падаражання мясной групы тавараў, названы павелічэнне цэн на кармы, паколькі ў гэтым годзе ўраджай збожжавых у Беларусі, як і ў суседзяў, ніжэйшы за мінулагодні. Сярод іншых прычын, якія паўплывалі на рост цэн на мясную прадукцыю, — павелічэнне выдаткаў у вытворцаў і перапрацоўшчыкаў па іншых расходных артыкулах, сярод якіх энергарэсурсы, паліва, заработная плата.

Пры гэтым Федэрацыя прафсаюзаў настойвае, што, нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя прычыны, любое павышэнне цэн і тарыфаў павінна быць суразмернае росту даходаў насельніцтва. Дарэчы, у верасні бягучага года ўрад прыняў антыінфляцыйную праграму, у якой улічана гэтая пазіцыя нацыянальнага прафцэнтра. Мэта гэтай праграмы — стварэнне ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту, развіццё канкурэнцыі і зніжэнне інфляцыйных чаканняў.