Павышэнне якасці адукацыі пры захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей

- 11:00Якасць адукацыі

У Магілёве прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагогаў. Галоўны педсавет вобласці сабраў звыш 500 удзельнікаў. Сярод іх — прадстаўнікі педагагічных калектываў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі райвыканкамаў, кіраўнікі адукацыйных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі памочнік прэзідэнта галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай і іншыя.

Ганаровую грамату ад Міністэрства адукацыі атрымлівае начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай работы і педагагічных інавацый МДАІРА Наталля Рыгораўна Афанасьева.

Педагагічны форум прайшоў афіцыйна, але ў той жа час святочна і ўрачыста. Ажыўленне ў абласным Палацы культуры, выбраным месцам правядзення канферэнцыі, назіралася ўжо з раніцы. Тут разгарнулася тэматычная выстава, дзе можна было азнаёміцца з дасягненнямі і навінкамі ў сферы адукацыі рэгіёна.

Цэнтральнай падзеяй канферэнцыі стала пленарнае пасяджэнне. Падчас яго было неаднаразова адзначана: мінулы навучальны год для адукацыйнай галіны Магілёўшчыны быў багаты на падзеі і перамогі.

— Аналізуючы вынікі працы за мінулы навучальны год, можна канстатаваць, што сістэма адукацыі прадэманстравала гатоўнасць і магчымасць працаваць якасна і прафесійна. За гэта вялікі дзякуй нашым педагогам! Ва ўмовах жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў мы змаглі забяспечыць рэалізацыю дзяржаўных праграм, накіраваных на дынамічнае развіццё галіны. Сёння перад намі стаіць задача далейшага ўдасканалення бесперапыннай адукацыі, якая будзе адпавядаць патрэбам грамадства і дзяржавы, — паведаміў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

Гаворачы пра якасць адукацыі, яе складнікі, планы на будучыню, Уладзімір Рыжкоў адзначыў, што многія пастаўленыя раней задачы былі выкананы. Гэта актыўнае ўкараненне новых адукацыйных тэхналогій, пазітыўныя змены ў ажыццяўленні выхаваўчай работы, забеспячэнне якасных умоў навучання, уключаючы мадэрнізацыю школ, вырашэнне праблем малакамплектных школ у сельскай мясцовасці, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. Аднак імкнуцца па-ранейшаму ёсць куды, таму педагогам вобласці варта ўдасканальваць работу і далей.

— Рэалізацыя задач, якія перад намі стаяць, у канчатковым выніку накіравана на дасягненне галоўнай мэты ў рабоце сістэмы адукацыі — павышэнне яе якасці пры захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей, усебаковым асобасным развіцці кожнага вучня. Сумеснымі дзеяннямі дасягнуць гэтай мэты нам па сілах, — выказаў упэўненасць Уладзімір Ула­дзіміравіч.

Насычаная праграма канфе­рэнцыі прадоўжылася не менш цікавымі выступленнямі іншых удзель­нікаў пленарнага пасяджэння, у якіх гаварылася пра функцыянаванне сістэмы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, значнасць прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, падтрымку маладых педагагічных кадраў.

Развіццю сферы адукацыі на Магілёўшчыне надаецца прыярытэтнае значэнне. Гэта выразна падкрэсліў у сваім выступленні губернатар вобласці Леанід Заяц. Па яго словах, галоўнай мэтай у новым навучальным годзе застанецца павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога.

— Дзяржава прымае ўсе неабходныя меры, каб сфера адукацыі рэгіёна адпавядала самым сучасным патрабаванням. Укладваюцца сродкі ў павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, вырашаюцца праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садках. Сёння адна з асноўных задач — паляпшэнне ўмоў для навучання дзяцей. І гэтая задача таксама вырашаецца. Праз некалькі дзён адкрыецца новая сярэдняя школа на 1020 месцаў у магілёўскім мікрараёне Казіміраўка. Пасля маштабнага капітальнага рамонту школьнікаў прымуць сярэднія школы ў Чэрыкаве і Асіповічах, Мурынборскі вучэбна-педагагічны комплекс у Касцюковіцкім раёне, Глуская раённая гімназія. Акрамя таго, да канца года свае дзверы перад дашкольнікамі адкрые дзіцячы сад у аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна. Хутка завершыцца рэканструкцыя дзіцячага садка ў аграгарадках Усход Магілёўскага раёна і Гарадзішча Шклоўскага раёна. Усяго сёлета на капітальны і бягучы рамонт магілёўскіх устаноў адукацыі бюджэтам было прадугледжана звыш 14 млн рублёў. Яшчэ некалькі гадоў назад гэтая лічба была ўдвая меншай. Вялікія планы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў і на будучы год, — адзначыў Леанід Канстанцінавіч.

Выступаючы перад педагогамі, кіраўнік рэгіёна акцэнтаваў іх увагу на важнасці далучэння дзяцей да спорту і здаровага ладу жыцця, фарміравання ў моладзі актыўнай грама­дзянскай пазіцыі. Важным Леанід Заяц лічыць таксама аказанне сем’ям дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы.

— Кожнае дзіця павінна прыйсці ў школу з добрым настроем і жаданнем. Гэта значыць добра падрыхтаваным. Для гэтага прыняты ўсе магчымыя меры. Як і для таго, каб знаходжанне дзяцей у дзіцячых садках і школах было максімальна бяспечным, — канстатаваў старшыня аблвыканкама.

З прывітальным словам да настаўнікаў рэгіёна звярнуўся і намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. З пазіцыі міністэрства ён абазначыў дасягненні і недапрацоўкі сістэмы адукацыі рэгіёна.

— Магілёўшчына багатая таленавітымі педагогамі, таму сістэма адукацыі вобласці стабільна развіваецца. За мінулы навучальны год павялічыўся ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй. Ёсць праблема перагружанасці асобных дашкольных устаноў, але абласное кіраўніцтва гэтую задачу ба­чыць і вырашае. Прыярытэтны кірунак работы ў рэгіёне — падтрымка адораных навучэнцаў. Нацэленасць на развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей праяўляецца ў іх перамогах на алімпіядах і конкурсах. У тым ліку міжнародных, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.

Акрамя агляду вынікаў працы адукацыйнай галіны Магілёўшчыны, намеснік міністра тэзісна акрэсліў асаблівасці надыходзячага навучальнага года, тое новае, што будзе ў ім. Галоўная яго асаблівасць — пераход на новыя вучэбныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. Навучэнцы 1—9 класаў будуць вучыцца па новых праграмах і новых падручніках. Адбудзецца і шэраг іншых змен, з якімі педагогі ўжо азнаёміліся ў адпаведных інструктыўна-метадычных пісьмах.

Працягам канферэнцыі пасля выступленняў і абмеркаванняў стала цырымонія ўзнагароджання педагогаў вобласці. Узнагароды настаўніцтву рэгіёна ўручаліся ад Міністэрства адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Завяршальнай нотай жнівеньскай канферэнцыі стала прыняцце рэзалюцыі, якая будзе спрыяць асобаснаму росту навучэнцаў і педагогаў, а таксама эфектыўнаму развіццю ўстаноў адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.