Пазаўрочнае выхаванне

- 16:07Нам пішуць

Выкладаць матэматыку, родную і рускую мовы, выяўленчае мастацтва і іншыя прадметы і адначасова быць класным кіраўніком — цяжка? Вядома, калі не любіць дзяцей і сваю працу. А калі бачыць у гэтым сэнс жыцця і адказнасць за будучыя пакаленні, то ўсё будзе толькі ў радасць.

Лепшы вынік ад сваёй працы можна атрымаць, калі побач ёсць надзейныя паплечнікі і аднадумцы. Мы, настаўнікі 4-х класаў сярэдняй школы № 2 Кобрына, стараемся не толькі навучыць сваіх падапечных усяму, што патрабуе школьная праграма, але і выхаваць як мага больш станоўчых якасцей у вучнях. Мы не толькі праводзім класныя гадзіны ў межах класа, але і арганізоўваем разнастайныя мерапрыемствы для ўсёй паралелі. Сумесная творчая дзейнасць дапамагае дзецям больш поўна рэалізаваць свае магчымасці і імкненні, выхоўвае дапытлівасць, калектывізм, узаемадапамогу і ўзаемападтрымку. Разам мы праводзім конкурсы, спаборніцтвы, ранішнікі, экскурсіі. Зразумела, амаль усё гэта адбываецца пры непасрэдным удзеле і падтрымцы бацькоў вучняў.

Бягучы навучальны год пачаўся сумесным для ўсіх чацвёртых класаў нашай школы першым урокам “Нам мір завешчана берагчы”, на які быў запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Мікалаевіч Цімашук. Дзеці з вялікім захапленнем слухалі яго ўспаміны, а затым задавалі свае шматлікія пытанні. Акрамя таго, мы падрыхтавалі канцэртную праграму, прысвечаную 8 Сакавіка, “Мілым мамам прысвячаецца…”, спартландыю з удзелам хлопчыкаў і іх тат, прысвечаную Дню абаронцы Айчыны, конкурс малюнкаў “Наша спадчына”, літаратурны часопіс да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы “Песняры беларускай зямлі” і шмат іншага.

За 4 гады навучання мы наведалі шмат знакамітых мясцін Беларусі: Брэсцкую крэпасць-герой, Белавежскую пушчу, Нацыянальную бібліятэку, музейны комплекс старажытных рамёстваў “Дудуткі”, цэнтр ганчарства ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна, Беларускі дзяржаўны цырк, Мінскі заапарк і дэльфінарый, Брэсцкі драматычны і лялечны тэатры. У найбліжэйшых планах — паездка ў Варшаву.

Дзеці таксама з цікавасцю пазнаюць культуру і гісторыю сваёй малой радзімы. У родным горадзе мы частыя госці ў краязнаўчым музеі і музеі імя Суворава, на выратавальнай станцыі, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, пастаянныя ўдзельнікі і гледачы канцэртаў у школе мастацтваў, спектакляў у Палацы культуры, лядовай арэне. Да канца навучальнага года плануем наведаць аддзел дэпартамента аховы і фабрыку па вырабе цацак “Палессе”.

Спадзяёмся, што ў 5 класе нашых выхаванцаў чакае не менш яскравае, творчае, актыўнае школьнае жыццё.

Валянціна ТУНЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Кобрына.