Пазнавальна-даследчы адукацыйны праект «Маленькія аграномы»: у чым яго карысць

- 16:42Образование

Працаваць у дзіцячым калектыве і не ўносіць новых цікавых ідэй — гэта не пра наш дзіцячы сад.

Наш калектыў арыентуецца на лепшыя навінкі ў педагогіцы, стараецца ісці ў нагу з сучаснасцю і рабіць усё магчымае, каб выхаванцы ішлі ў дзіцячы садок з радасцю.

Ранняя прафесійная арыентацыя ціка­віць даўно. Яна ўключае ў сябе сістэму мер, накіраваных на выяўленне асобасных здольнасцей і інтарэсаў дзіцяці, а таксама на дапамогу дашкольнікам у засваенні ведаў пра прафесіі як аснову будучыні, свабоднага выбару прафесійнага шляху. Дашкольны ўзрост найбольш спрыяльны для фарміравання цікавасці, а дзіцячы садок — першы важны крок у падрыхтоўцы будучых прафесіяналаў, таму мы распрацавалі пазнавальна-даследчы адукацыйны праект “Маленькія аграномы”.

Такі праект — першы ў нашым раёне. Я засяродзіла ўвагу менавіта на сельскагаспадарчай прафесіі, таму што нашы выхаванцы жывуць у пасёлку, ім знаёма праца на зямлі, практычна ў кожнай сям’і ёсць свой агарод і цяпліца.

Мэта праекта — азнаямленне дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту з прафесіяй агранома з дапамогай пазнавальнай практычнай і працоўнай дзейнасці ў цяпліцы; развіццё цікавасці да агародных культур і іх патрэб у працэсе вырошчвання. Для ажыццяўлення праекта наша ўстанова дашкольнай адукацыі набыла сваю цяпліцу. Цяпліца на тэрыторыі дзіцячага сада — гэта жывая лабараторыя, крыніца пазнання прыроды. У нас з’явілася цудоўная магчымасць з нуля пачаць пазнавальна-даследчую работу.

Сярод асноўных задач праекта — замацаваць веды дзяцей пра сельскагаспадарчыя прафесіі, удакладніць і пашырыць веды пра прафесію агранома; азнаёміць з асаблівасцямі вырошчвання агародніны ў цяпліцы і доглядам яе; развіваць навыкі сумеснай працы і зносін у працэсе рэалізацыі праекта; развіваць пазнавальную ціка­васць дзяцей да расліннага свету; выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды. А таксама актывізаваць бацькоў у рабоце над праектам.

Старт праекту быў дадзены ў сакавіку бягучага года. Для работы над ім былі прыцягнуты дзеці сярэдняй групы “Непаседы”, з якімі працую. Па плане рэалізацыя праекта павінна завяршыцца ў гэтым месяцы, але няма сумнення, што ён будзе паўтарацца з году ў год, з улікам работы будуць уносіцца дапрацоўкі, новыя ідэі.

Свой ураджай

Праект складаецца з трох этапаў: пад­рыхтоўчы (назапашванне ведаў), асноўны (сумесная работа з дзецьмі, бацькамі) і завяршальны (выніковы). На першым этапе былі акрэслены мэты і задачы, распрацаваны план, падбіралася патрэбная літаратура, наглядны матэрыял, відэафільмы па тэме, распрацоўваліся сцэнарыі гутарак і кансультацый для работы з бацькамі, тэматычныя гульні для выхаванцаў. Быў аформлены “Агарод на акне” (пасаджана расада). А самае галоўнае — была ўстаноўлена цяпліца, загатаваны грунт і аформлены градкі.

Другі этап — асноўны. Зразумела, што, для таго каб уключыць у справу дарослых, патрэбна было правільна праінфармаваць бацькоў аб важнасці праекта і зацікавіць іх сумеснай працай з дзецьмі. На гэтым этапе былі праведзены гутаркі і кансультацыі для дарослых, сярод якіх — “Роля бацькоў у працоўным навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Якая праца даступная дзецям”, “Агарод на падаконніку ў дамашніх умовах” і іншыя. Трэба сказаць, што многія бацькі з разуменнем аднесліся да прапановы і актыўна сталі ўдзельнічаць у праекце.

З дзецьмі на асноўным этапе право­дзіліся і праводзяцца дастаткова рознабаковыя віды дзейнасці: гутаркі “Камора здароўя”, “Хто такія аграномы?”, “Праца людзей у агародзе і садзе”, “Для чаго расліне патрэбна насенне?”, “Глеба і яе роля ў жыцці раслін”, “Карысныя і шкодныя жыхары агарода”, “Пустазелле ў агародзе” і шмат іншых.

Таксама мы вывучалі ілюстрацыі па тэме “Агародніна”, энцыклапедыі аб культурных раслінах, чытанне мастацкай літаратуры, прыказак, прымавак пра агародніну. Шмат увагі ўдзяляецца дыдактычным гульням, напрыклад, “Што дзе расце?”, “Вяршкі і карэньчыкі”, “Які інструмент патрэбны?”, “Памочнікі агранома і фермера”, “Шкодна — карысна”, “Адгадай навобмацак”, “Адгадай па апісанні”… Дзеці вельмі любяць разгадваць загадкі пра агародніну, а затым маляваць адгадкі, ляпіць з пластыліну прадукты для салата, рабіць калектыўныя аплікацыі “Мой агарод”, “Зай­чыкава ежа”. Вельмі спадабалася ім ствараць калектыўную лепку з салёнага цеста “Вітамінны кошык”. Разам з дашкалятамі мы праглядзелі шмат відэафільмаў аб працы ў цяпліцы, аб рабоце агранома, фермера.

Адзін з з самых цікавых відаў дзейнасці — сюжэтна-ролевыя гульні. Дзеці актыўна гуляюць у гульні “Магазін “Агародніна”, “Збіраем ураджай”, “Лялька Каця на агародзе”, “Рыхтуем карысны абед”, “Аграномы” і іншыя. Таксама на гэтым этапе ажыццяўляюцца экскурсіі-назіранні на агароды, гутаркі з людзьмі, якія працуюць на агародах, у цяпліцах.

Канечне ж, не абышлося і без эксперыментаў! Мы разам разглядалі насенне розных раслін праз павелічальнае шкло, выяўлялі спрыяльныя ўмовы для прарастання насення, праводзілі эксперыментаванне “Барацьба са шкоднікамі без хіміі”.

Ну і вядома, самае цікавае ў праекце — гэта практычная дзейнасць. Наша сумесная праца прыносіць радасць і карысць усім удзель­нікам праекта. Разам з намі, выхавальнікамі, дзеці з задавальненнем паса­дзілі расліны на градках і даглядалі іх. У нашай цяпліцы добра растуць агуркі, памідоры, перац, капуста. Пасадзілі нават кавун!

Пачынаючыя агароднікі — вялікія дасягненні

Дзеці добра разумеюць, што пасадзіць расліну з насення, дачакацца, калі яна пусціць першыя лісточкі, — гэта толькі пачатак. Каб сабраць ураджай, патрэбна шмат часу. Мы паліваем расліны, праполваем грады, рыхлім зямлю, праводзім падкормку, вучымся падвязваць і пасынкаваць, ахоў­ваць расліны ад шкоднікаў. Выхаванцы вельмі радуюцца, калі бачаць, што іх зялёныя сябры растуць проста на вачах! А дарослыя шчыра радуюцца, што іх дзеці заняты карыснай справай і прывучаюцца любіць прыроду.

Трэба сказаць, што такая работа дапамагае сістэматызацыі ведаў пра агародніну, спосабы яе вырошчвання, фарміруе ўяўленне дзяцей пра расліны, іх будову, спосабы размнажэння, характэрныя асаб­лівасці, уменне класіфікаваць расліны па месцы іх росту, развівае ўвагу і знаходлі­васць, паглыбляе веды пра карысць агародніны і садавіны для здароўя чалавека, актывізуе слоўнікавы запас дзяцей. 

Работа над праектам ажыццяўляецца дзень пры дні. Наша цяпліца чакае сваіх гаспадароў і радуе цудоўным вынікам. Мы ўжо сабралі першы ўраджай, прадэгуставалі яго. Смачна! Другі этап паказаў, што праект цікавы і карысны, таму, без сумнення, будзем працягваць працаваць над ім. 

А на завяршальным, выніковым трэцім этапе правядзём аналіз нашай дзейнасці і абагульнім атрыманыя вынікі сумеснай працы. Па плане праекта ў верасні мы аформілі сумесны творчы плакат баць­коў і дзяцей “У аграномы я пайду — хай мяне навучаць!”, зроблена фотавыстава “Маленькія аграномы з вітамінамі са сваёй цяплічкі”. Восенню плануем прэзентацыю атрыманых вынікаў праекта на сайце ўстановы, у сацыяльных сетках, на бацькоўскім сходзе, у СМІ, а таксама раскажам пра праект і яго вынікі на метадычных мерапрыемствах раёна.

Ужо сёння магу з упэўненасцю ска­заць, што праект удаўся! Першыя атрыманыя вынікі гавораць самі за сябе: найперш радуе тое, што мы актывізавалі бацькоў, і дзеці з задавальненнем працуюць разам з татамі і мамамі, не лянуюцца даглядаць расліны. Дашкаляты зразумелі ўвесь працэс вырошчвання агародніны — ад зернейка да плода, і, вядома, зацікавіліся прафесіяй агранома.

Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. У кастрычніку, калі ўвесь ураджай бу­дзе сабраны, падрыхтуем цяпліцу да зімовага перыяду і намецім планы на будучыню. Ужо сёння вырашылі, што ў цяпліцы ў наступным навучальным годзе пасадзім расаду кветак, дададзім новую культурную расліну, магчыма, баклажан, будзем працаваць над тым, каб удзяліць больш увагі эксперыментальнай дзейнасці ў цяпліцы.

Пазнавальна-даследчы праект “Маленькія аграномы” — цікавы і пазнавальны від работы з да­школьнікамі, які, несумненна, дае карысць дзецям. Праект заснаваны на даследчым мета­дзе навучання. А галоўная асаблівасць даследчага метаду — актывізацыя адукацыйнай дзейнасці дзяцей, наданне ёй творчага характару і перадачы такім чынам ініцыятывы дзіцяці ў арганізацыі яго пазнавальнай дзейнас­ці. Гэты праект дапамагае прывесці дзяцей да разумення важнасці любой працы, узаемаадносін і ўзаемадапамогі паміж людзьмі розных прафесій праз уласную даследчую дзейнасць. Спадзяюся, што ў хуткім часе ў нас будзе многа кваліфікаваных спецыялістаў па аграноміі, якія зробяць цікавыя эксперыменты і адкрыцці ў галіне сельскай гаспадаркі.

Ірына МІХНЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі дзіцячага сада п.Акцябрскі Смалявіцкага раёна