ПДР вывучаюць змалку

- 11:42Навіны рэгіёнаў, Рознае

Дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм застаецца надзённай праблемай. Вырашыць яе можна шляхам прывіцця дзецям навыкаў бяспечных паводзін на дарозе з самага ранняга ўзросту. Як вядома, звычкі, замацаваныя ў дзяцінстве, захоўваюцца і запамінаюцца на ўсё жыццё. Такога меркавання прытрымліваюцца кіраўніцтва і педагогі ясляў-сада № 6 Клімавіч.

Як паведаміла загадчыца дашкольнай установы Іна Фралова, асновам бяспечных паводзін на дарогах малых пачынаюць вучыць ужо ў малодшай групе.

— Усе прадугледжаныя вучэбныя мерапрыемствы носяць не эпізадычны, а сістэмны характар. Для навучання правілам дарожнага руху ў групавых памяшканнях створаны спецыяльныя цэнтры, а для практычнай адпрацоўкі навыкаў на тэрыторыі ўстановы ёсць міні-пляцоўка, на якой прысутнічае дарожная разметка, скрыжаванне, аўтобусны прыпынак, стаянка транспарту і дарожныя знакі. У навучанні дзяцей правілам дарожнага руху наш педагагічны калектыў выкарыстоўвае розныя формы і метады работы. Выхавальнікі праводзяць з малымі тэматычныя заняткі, інтэлектуальныя віктарыны, сюжэтныя гульні, прагляды адпаведных відэаролікаў і мультфільмаў, розныя творчыя конкурсы, — адзначыла Іна Віктараўна.

Паводле яе слоў, вялікую дапамогу ў арганізацыі сістэмы навучання дзяцей бяспечным паводзінам аказваюць супрацоўнікі раённай Дзяржаўтаінспекцыі. Яны рэгулярна наведваюць дзіцячы сад, сустракаюцца з выхавальнікамі і дзецьмі. На гэтых сустрэчах інспектары расказваюць аб дарожных здарэннях, іх прычынах, рэкамендуюць педагогам, на што варта звярнуць увагу ў рабоце з малымі. Акрамя гэтага, супрацоўнікі раздаюць тэматычныя буклеты, памяткі малышам і іх бацькам.

— Характэрна, што бацькі нашай установы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў, прысвечаных вывучэнню ПДР. Прыцягненне бацькоў да сумеснай работы забяспечвае магчымасць дасягнення поспеху па авалоданні дзецьмі неабходнымі правіламі і навыкамі, — падкрэсліла Іна Фралова.

У летні перыяд у дашкольнай установе ўдзяляюць асаблівую ўвагу навучанню і замацаванню выхаванцамі ведаў аб правілах дарожнага руху. На працягу чэрвеня ва ўстанове былі праведзены розныя тэматычныя забавы. Так, дзеці малодшага дашкольнага ўзросту сталі гледачамі і акцёрамі ў лялечным спектаклі. Для сярэдняй узроставай групы было арганізавана мерапрыемства “У краіне дарожных знакаў”. А вось выхаванцы старшай групы ўдзельнічалі ў тэатралізаваным паказе “Маша і Мядзведзь знаёмяцца з правіламі дарожнага руху”. Мерапрыемства стала своеасаблівым іспытам на веданне дарожнай навукі. У вывучэнні правіл і прымяненні атрыманых ведаў дзецям дапамагалі любімыя казачныя героі. І важна, што малышы паказалі сябе дасведчанымі і ўважлівымі пешаходамі і пасажырамі. У ходзе дзеяння пад кіраўніцтвам старшага інспектара ДАІ Клімавіцкага РАУС Аляксандра Сяргеева дзеці таксама разглядалі прыклады распаўсюджаных дарожных сітуацый і вучыліся ў іх арыентавацца, выбіраючы бяспечны варыянт паводзін.

Час прайшоў незаўважна. Малыя не толькі замацавалі ўжо наяўныя ў іх веды, але і даведаліся шмат новай інфармацыі. У падобным ключы ў дашкольнай установе плануюць працаваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.